Выбрать главу

— Пеця! Родны мой! Пецечка… Я так чакала цябе…

Ён ляжаў нерухомы, з заплюшчанымі вачамі, з забінтаванай галавой, з марлевай наклейкай на твары. Але дыхаў — перарывіста, цяжка. Значыцца, жывы. I рука, на якой знаёмы кожны зморшчык, кожная лінія, гарачая. Вось шрам на мезеным пальцы — малы рассек сякерай. Саша прыпала тварам да гэтай рукі. Падняла галаву, убачыла паміж бінтоў радзімы знак на мочцы вуха — такі ж, як у Ленкі,— i мімаволі ўсміхнулася праз слёзы, пацалавала вуха. Адчула пах яго валасоў. Яны пахнуць гэтак жа, як i два гады назад, — родным i блізкім.

— Пеця, саколік мой… Расплюшчы вочы… Глянь… Гэта я… Дурненькі ты мой! Як ты мог падумаць так? Хіба я магу прамяняць цябе на каго другога?

Не, ён маўчаў. I ўсё навокал маўчала. Толькі за акном унізе плёскалася рака, ігралі сонечныя зайчыкі на белай столі пакоя. I было ціха-ціха. Здалося, яны адны на цэлым свеце. Зноў над сваім Дняпром. I ніхто ім больш не трэба. Пеця заснуў, змораны, бо вельмі здалёку ішоў да яе, спяшаўся. Зараз ён прачнецца i прытуліць яе галаву да сваіх грудзей… I вернецца шчасце, i зробіцца хораша-хораша.

Ды раптам чыясьці чужая рука схапіла яе за каўнер пінжака i груба падняла з падлогі.

Саша схамянулася, адганяючы чары. Перад ёй стаяла Марыя Сяргееўна. Саша ўбачыла яе твар i жахнулася. КольKi злосці ў вачах, на твары гэтай добрай, ласкавай, з мяккімі рукамі жанчыны! На пабялелым ілбе выступілі кроплі поту, a ніжняя губа пасінела i дрыжыць. Што з ёй? Чаму яна такая? Яшчэ хвіліну назад яна сустрэла Сашу ўзрадавана i прыветліва. Завяла ў прыёмны пакойчык, а сама пайшла да хворых. Саша, нічога ёй не сказаўшы, прыбегла ў хаціну, каб пераканацца ў тым, што расказала Аня.

— Гэта… — хацела яна растлумачыць.

Але ўрач злосна i груба закрыла ёй рот далоняй. А потым узяла пад руку i сказала прытворна-ласкава:

— У цябе закружылася галава? Хадзем пагуляем.

I пад руку вывела на двор. Павяла міма галоўнага корпуса. Па дарозе прывіталася з нямецкім вартавым:

— Гутэн морген, Герман!

— Гутэн морген, фрау!

— Добрыя хлопцы — салдаты. Яны памагаюць мне.

Саша зірнула на яе са знявагай i хацела вырваць руку.

Але Марыя Сяргееўна трымала яе даволі моцна. Яна завяла Сашу ў прыбіральню. Хвіліну моўчкі пастаялі там i рушылі далей — у поле. Як бы выйшлі пагуляць над Дняпром.

Калі аддаліліся на добрую сотню метраў, Марыя Сяргееўна дастала з кішэні халата хусцінку, выцерла лоб, вусны i не сказала, а прастагнала:

— О Божа мой! Якія вы дурныя, маладыя!

— Марыя Сяргееўна! — схапіла яе за рукі Саша. — Гэта Пеця! Мой Пеця…

— А ты спакайней, — адхіліла яе ўрач. — Я ведаю.

— Ведаеце? — чамусьці не здзівілася, а спалохалася Саша. — I раней ведалі?

— Не. Пачала здагадвацца. Учора, калі ён пачаў трызніць… Ён клікаў цябе і… Сеню… Майго Сеню… Тады я знайшла фота, дзе яны разам…

— Марыя Сяргееўна! Ён будзе жыць?

— Я зрабіла ўсё, што магла. У такіх умовах! Штохвілінна рызыкуючы… Трэці дзень я хаджу над безданню. Я сама не разумею, як трымаюся… А ты… ты сваёй неразумнай любоўю, сваім парывам магла ўсё загубіць… Ты чаму так кінулася туды?

Саша расказала пра тое, што пачула ад Ані, i пра тое, як яна ўначы хацела бегчы сюды, але Аня не пусціла да раніцы. Твар у Марыі Сяргееўны зрабіўся шэры. Яна быццам звяла ўся.

— Божа мой, як гэта разносіцца! А я была ўпэўнена…

— Марыя Сяргееўна! Як ён трапіў да вас?

Саша ўся дрыжала. A ўрач не адразу пачула яе пытанне — думала пра нешта сваё. Потым устрапянулася.

— А? Як трапіў? — I зноў узяла Сашу пад руку i павяла над самай кручай далей ад бальніцы, на ганку якой стаяў немец. — Я не заснула яшчэ, думала пра Сеню. I раптам выбух. З майго акна было відаць ix расчыненае акно, як яны балявалі… Гэта часта паўтаралася, i мне абрыдла глядзець. Яны нібы знарок расчынялі акно, быццам дражнілі партызан… Я ўвесь час думала, што партызаны калі-небудзь дабяруцца да ix. Святло патухла адразу ж пасля выбуху. Але тут жа ўспыхнуў пажар. Я не выйшла, хоць баялася за хворых. Я добра ведала, што ў такіх выпадках лепш сядзець дома. Пачнецца страляніна, пошукі… Дзіўна, што яны нават не пачалі страляць. Так ix ашаламіла… I раптам я ўбачыла яго… На фоне водбліскаў ад пажару… Ён бег па бальнічным двары да кручы. I вунь там… вунь, дзе слуп ад Сенінага турніка… ён зваліўся… Я не сумнявалася, што гэта ён, той, што кінуў гранату… Што мне рабіць? Як памагчы яму? Божа мой! Пакінуць у бядзе такога чалавека? Я ведала, што іду на смерць, што вось-вось яны абшныраць кожны дом, кожны закутак… I ў бальніцы, безумоўна, у першую чаргу. Але я не магла інакш… Я савецкі ўрач… Я выскачыла i зацягнула яго ў сваю хату. Ён быў непрытомны… На шчасце, яны не кінуліся адразу шукаць. Салдаты засталіся без афіцэраў i былі заняты пажарам… Школа згарэла, як куча сухога галля. А потым у ix атрымаўся казус… Немцы абстралялі паліцаяў, якія беглі на пажар цераз гароды, вунь адтуль… Гэта дало мне час, каб схаваць яго. У мяне на кухні пад падлогай яма, куды ссыпаю на зіму бульбу. Я кінула ў яму коўдру, падушку i апусціла яго туды. Адкуль браліся ў мяне сілы! Я несла дарослага чалавека, як дзіця! Шукаць пачалі паліцэйскія… А гэты фон Штуме, ацверазелы, хадзіў следам, ашаломлены, i толькі паўтараў: «Майн Гот». Я не вытрымала — выйшла з хаты, бо яны шнырылі па бальніцы i маглі зачапіць хворых… Яны схапілі мяне i павялі, каб я аказала дапамогу двум салдатам, якія таксама, п'яныя, апякліся… Шукалі яны ў маёй хаце ці не, не ведаю… Але што я перажыла, перавязваючы немцаў! Пры святле пажару я ўбачыла, што левы рукаў майго плацця ў крыві. Я нават не паспела агледзець, куды ён ранены. Але кроў магла застацца на падлозе, думала я. I — уяві! — на мае, на тваё, не ведаю, на чыё шчасце, усё абышлося добра ў тую ноч. Кал i назаўтра прыехала начальства, то разабрацца ім, хто адкуль i куды бег, было ўжо немагчыма… Калі ўсё сціхла ў тую ноч i спалоханыя хворыя патроху супакоіліся, я вярнулася i агледзела раненага. Куля трапіла ў спіну, прабіла правае лёгкае. Я вырашыла аперыраваць… Божа мой! Каб мне раней, да вайны, расказалі, што нейкі ўрач, няхай геній, няхай сам Пірагоў, зрабіў такую аперацыю ў такіх умовах, я, відаць, засмяялася б яму ў твар, назвала хлусам. I мне, напэўна, ніхто не паверыць… У бульбянай яме, пад падлогай, стоячы на каленях, пры святле звычайнай лямпы, прымітыўнымі інструментамі, без патрэбных медыкаментаў… A галоўнае — адна. Прыйшлося рабіць «акно» i рэзекцыю раструшчанай куляй часткі ніжняй долі правага лёгкага. А потым выявілася, што куля прайшла ў грудную поласць i засела ў рабрыне. Прыйшлося рэзаць другі раз. Добра, што ніхто не перашкодзіў… Нічога падобнага я ніколі не рабіла. I цяпер дзіўлюся… Выходзіць, што чалавек усё здужае, зможа, калі любіць, калі ведае, у імя чаго… Мая аперацыя — подзвіг… Я не саромлюся сказаць так… Не ведаю, што будзе далей, але ў звычайных умовах я, бадай што, магла б упэўнена сказаць: я ратавала яму жыццё. Не занесла інфекцыю, гэта галоўнае, i, здаецца, правільна зрабіла ўсё іншае… Ведаеш, пасля аперацыі ён на момант апрытомнеў. Я ўліла яму глыток вады. I ён прашаптаў… Ты ведаеш, што ён прашаптаў? «Дзякую, мама…» У той міг мне здалося, што гэта — Сеня.