Выбрать главу

Трэба звязацца з партызанамі, каб яны неяк забралі яго… Ты павінна пайсці i адшукаць ix.

— Марыя Сяргееўна!.. — устрапянулася Саша. Ёй зрабілася страшна ад думкі, што, толькі знайшоўшы, яна зноў пакіне Пецю ды яшчэ ў такім стане, калі побач стаіць смерць… Ён нават не даведаецца, што яна прыходзіла з любоўю i вернасцю, i будзе пакутаваць… Не, яна застанецца тут, пры ім! Яна нікуды не пойдзе! Не можа пайсці!

— А чым ты паможаш яму? Сваімі пяшчотамі? — сурова спытала Марыя Сяргееўна. — Яшчэ выкрыеш нас… Не, табе трэба ісці!

«Трэба расказаць ёй усю праўду пра Лялькевіча i пра Пецю. Цяпер можна. Гэта не будзе парушэннем клятвы, бо яна наш чалавек, можна лічыць — член нашай арганізацыі!» — падумала Саша.

— Мне здаецца, крызіс мінуў… Спачатку ён ляжаў так, што я баялася гэтага шоку. A ўчора пачаў трызніць. А гэта добра. Клікаў цябе, Сеню. Тады ў мяне бліснула здагадка… Лаяў нейкага Лялькевіча. Чакай. Няўжо Уладзіміра Іванавіча? Ён таксама недзе ў партызанах. У мінулую восень наведаўся неяк уначы да мяне, прасіў медыкаментаў… Абяцаў, што будзе заходзіць, але больш не з'яўляўся.

Саша больш не вытрывала:

— Марыя Сяргееўна, я ўсё раскажу… Даруйце, што таіла ад вас дагэтуль.

Урач выслухала моўчкі, не праявіўшы ні здзіўлення, ні залішняй цікаўнасці, толькі ў канцы ўздыхнула i сказала:

— О Божа! Як яна наблытала, вайна! А яго маці ляжала ў мяне ў бальніцы i кожны дзень плакала — дзе Валодзя? Можа, i мой Сеня дзе-небудзь побач. Такая вайна!

— Цяпер вы разумееце, што мне трэба застацца, каб ён убачыў мяне… Гэта паможа яму…

— Баюся я за цябе.

— Марыя Сяргееўна, ды я без вас i кроку не ступлю. Клянуся!

Урач задумалася.

— Добра. Я скажу фон Штуме, што папрасіла цябе памагчы мне, пакуль будзем перабірацца ў баракі. Будзеш мыць бялізну…

— Усё-ўсё буду рабіць. Любую работу, абы…

— Ты ведаеш, што мы зробім? Пераліванне крыві. Адна я не магла. У цябе якая група?

— Другая.

— Мы не ведаем яго групы. Няма сывараткі. Возьмем маю. Я — універсальны донар.

Саша не знаходзіла слоў, каб выказаць удзячнасць гэтай жанчыне, якая ратавала Пецю. Цяпер у яе з'явілася цвёрдая ўпэўненасць, што Пеця ўратаваны. Яна не думала пра тое, як выбрацца адгэтуль, з небяспекі, якая штохвілінна пагражае ўсім ім. Адзін неасцярожны крок, адно чыёсьці слова — i смерць. Нельга ні на секунду забываць пра гэта!

Аднак, калі яны вярнуліся назад да бальніцы, Саша не вытрымала: вачамі, позіркам папрасіла Марыю Сяргееўну дазволіць глянуць на яго. Тая дакорліва паківала галавой, але пайшла разам з ёй у хаціну.

Жывы! Хацелася крычаць ад радасці. Саша хутка нахілілася i пацалавала яго ў сухія, гарачыя, засмяглыя губы. I быццам удыхнула пацалункам сілу. Ранены расплюшчыў вочы. Паглядзеў на яе i прашаптаў без здзіўлення i без радасці:

— Саша.

Так шэпчуць малыя дзеці слова «мама», калі прачынаюцца на момант i пераконваюцца, што маці сядзіць побач.

— Пеця!.. Любы мой!

Марыя Сяргееўна прытрымала Сашу за плячо, асцярожна адхіляючы. А ранены раптам паварушыў забінтаванымі рукамі, як бы сціскаючы кулакі, i сказаў ca злосцю:

— Я разбіў яму морду… Сеня… Чуеш? Мне трэба было з пісталета… Вось так… Ах, гад які!