Выбрать главу

— Ты, чорт цябе вазьмі, робішся нейкім талстоўцам: усе ў цябе добрыя, усім даруеш… — сказаў сярдзіта Лялькевіч.

— Усім, акрамя фашыстаў i здраднікаў…— адпарыравау Макар.

— Ты дасі мне людзей? Ці я пайду сам.

— А Бог мой! Як табе не сорамна! Бяры сваіх хлопцаў, Дажору з яго «яснавідцамі» i ляці ва ўсе канцы свету.

А крыху пазней з хлапечай цікаўнасцю i сяброўскай шчырасцю Макар спытаў:

— Скажы, табе вельмі дарагая гэта жанчына?

— Мне дораг чалавек! — зноў-такі ўзлаваўся Лялькевіч.

Цяпер ён ляжаў пад разгалістым дубам на краі балота трохі заспакоены, успамінаў гэтую сутычку i папракаў сябе за лішнюю раздражнёнасць. Безумоўна, правал арганізацыі ўразіў яго больш, чым любога іншага. Але нельга не згадзіцца з Макарам i самімі падпольшчыкамі, што фінал ix дзейнасці даволі шчаслівы. Правесці амаль усіх людзей у атрад — гэта перамога, а не паражэнне. I за пытанне Макара ён дарэмна ўзлаваўся. Але Саша вельмі дарагі яму чалавек. Як таварыш па барацьбе, як друг i — навошта хавацца? — як жанчына. У спакойных абставінах ён i Макару не пасарохмеўся б прызнацца, што кахае яе глыбока, шчыра i цяпер ужо, безумоўна, безнадзейна. Ён ляжаў, выцягнуўшыся, адпачываючы пасля бяссоннай ночы i верхавой язды, ад якой адвык. Недалёка ў кустах фыркалі ix коні. А на дубе сядзеў Данік — назіраў за дарогай.

Разведчыкі яшчэ ўчора ўстанавілі, што Саша наведалася ў Заполле, пераначавала там, пайшла назад i ў мястэчку затрымалася ў бальніцы. Толя Кустар з-за ракі нават бачыў яе ў бінокль: яна мыла бялізну. Але папярэдзіць яе ніяк не маглі, побач былі немцы. Пакуль нарэшце сёння не знайшлі старога дняпроўскага рыбака — дзеда Кліма, які неаднойчы памагаў партызанам. Цяпер чакалі Сашу ў пэўным месцы, але з перасцярогай.

«А калі яе не выпусцяць? Затрымаюць?» — думаў Лялькевіч. Ад думкі такой ныла сэрца. Ён падскочыў, калі пачуў радасны крык Данілы:

— Ідзе!

— Хто?

— Саша!

— Глядзі добра. Яна?

Данік хвіліну маўчаў. Потым выкрыкнуў:

— Так i ёсць!

— Што?

— Хвост.

— Які хвост?

— Нехта ідзе за ёю назіркам.

— Можа, нашы?

— Не, непадобна.

Лялькевіч схаваўся ў лазняку, не зводзячы вачэй з хлопца, якога ледзь можна было прыкмеціць у густым галлі дуба.

— Данік, ідзе?

— Бяжыць.

— А той?

— Схаваўся ў кустах.

— Злазь. Хадзем насустрач.

— Чакайце. Здаецца, нашы. Ідуць за тым.

Лялькевіч з палёгкай уздыхнуў.

…Магчыма, фон Штуме не звярнуў бы на Сашу больш увагі, каб яна дапамагла ўрачу перасяліць хворых, а потым аднойчы раніцой спакойна пайшла дадому. Але калі «фрау Марыя» сказала, што памочніца яе засумавала па дачцэ i хоча пайсці, просіць пропуск, каб яе больш не затрымлівалі, гэта яго насцярожыла. Так нечакана, пад вечар, пайсці ў няблізкую дарогу, праз лес, балота, партызанскую зону? Ён выклікаў начальніка паліцыі i загадаў: няхай адзін з агентаў прасочыць, куды пойдзе гэтая маладая жанчына.

Сашу перавезлі цераз Дняпро на паліцэйскай лодцы. Каб не выдаць сваёй вялікай усхваляванасці, яна жартавала з маладымі паліцаямі, сярод якіх быў i яе «праваднік». Ён схаваўся ў кустах i пайшоў следам за ёй. Саша не бачыла яго. А ён не бачыў, што за ім гэтак жа назіркам ідуць тры партызанскія разведчыкі, дужыя хлопцы. На краі балота яны скруцілі яго без адзінага гуку.

Саша сапраўды бегла ўсю дарогу. Як толькі вытрымала яе сэрца! Яно не выстуквала, a выхліпвала адно слова: Ленка, Лен-ка… A ў вушах шумела: пра-вал, пра-вал… Хто застаўся жывы? Хто чакае яе? Чакаць павінны, здаецца, недзе тут… I ўсё адно яна ўскрыкнула ад нечаканасці, кал i Уладзімір Іванавіч выйшаў з кустоў насустрач.

— Ах, — i кінулася да яго, учапілася ў рукавы сарочкі.—

Ленка! Што з ёй?

— Супакойцеся, Аляксандра Фёдараўна. Жывая, здаро-

вая. У атрадзе. Поля з ёй. А вунь Данік.

— Саша! — гукнуў брат, злазячы з дуба.

— Адзін дарагі нам чалавек загінуў — Аляксей Сафронавіч. Пайшоў на смерць, каб ратаваць Ленку, хлопцаў…

Змораная, змучаная, узрадаваная за дачку, за сваіх i паранейшаму ўстрывожаная за Пятра, Саша ўпала тварам на грудзі Лялькевіча i заплакала. Hi разу дагэтуль яна не илакала перад ім. Ён асцярожна i ласкава пагладзіў яе плечы.

— Што вы, Саша!

— Уладзімір Іванавіч, ратуйце Пецю, — папрасіла яна праз слёзы.

— Пецю? А дзе ён?!

— Там… у бальніцы… у Марыі Сяргееўны. Цяжкаранены… Ён кінуў гранату ў школу…

— Так. Мая здагадка правільная. Яны што, схапілі яго?

— Не. Немцы не ведаюць. Марыя Сяргееўна схавала…

— Вось як!