Выбрать главу

Разведчыкі без слоў выцягнулі лодкі.

Стары Дняпро ласкава цалаваў рукі i ногі мужным i добрым, з чыстымі сэрцамі людзям.

1958

Мост

Аповесць пятая

I

Ляснік легка, адной рукой, падняў мяшок, паважыў. Крутнуў галавой, як бы асуджаючы некага за тое, што скупа насыпаў. Нахіліўся, нагроб бульбы паўкаша, вытрас у мяшок. Здавалася, што гэты сукаваты, каструбаваты чалавек, быццам некалі зламаны бурай, усё робіць нязграбна. Такое адчуванне было, відаць, ад нязграбнасці яго постаці. Калі ж Шапятовіч угледзеўся болыи пільна, то ўбачыў, што доўгія рукі лесніка з вузлаватымі, парэпанымі пальцамі вельмі ўчэпістыя i ўмелыя. З такіх рук нічога не выслізне, яны зробяць любую работу, не надта, праўда, прыгожа i чыста, але трывала, надзейна.

У хаце сядзелі тры дарослыя дачкі лесніка. Але ён не папрасіў ix памагчы. Усё рабіў сам. I з дзяўчат ніводная не паварушылася. Дзве сядзелі на вузкім драўляным ложку, на якім не было ніякай пасцелі, акрамя старой салдацкай коўдры. Трэцяя — на ляжанцы. Усе трое был i да неверагоднасці падобныя адна на адну і… на бацьку: такія ж высокія, нязграбныя, худыя.

Шапятовіч, якому дагэтуль не давялося ix бачыць разам, спачатку разглядаў «лясных красунь» з вясёлым гумарам. Ад вяскоўцаў i Сашы, якая наведалася да хворай леснічыхі, Пятро чуў, што старэйшай з лесніковых дачок за трыццаць, а малодшай — семнаццаць. Аднак ён не адразу пазнаў, каторая з ix старэйшая, каторая малодшая. Адзеты яны былі па-рознаму. Але абуты… усе — у «буркі», пашытыя з салдацкага шыняля. I ўсе без панчох. З-пад нядоўгіх спадніц бліскалі худыя калені.

Дзяўчаты таксама разглядалі яго бесцырымонна — нібы ўбачылі ўпершыню. Вось ён якое дзіва — доктарчын муж!

Шапятовіч сядзеў на ўслоне, абапёршыся локцем правай рукі на хісткі стол, засланы падранай i бруднай цыраткай.

У лесніка было ласкавае, сапраўды лясное прозвішча, якое рассмяшыла Пятра, калі ён упершыню пачуў яго, — Лісцік. «На лісцікі вы непадобныя», — падумаў пра дзяўчат. Але шкада ix не было. Кажуць, старэйшыя, якія маглі вучыцца да вайны, не скончылі i па чатыры к л асы. Дурніцы. Лесавікі. Жывуць у лесе, а не маюць стала людскага. Якая пустэча ў хаце! На чым яны спяць пяцёра? А бульбы вунь якая куча! Проста на падлозе, каля сцяны, — відаць, учора адкрылі капец i перанеслі бульбу ў хату. Цяпер за гэтую кучу можна азалаціцца: дзвесце рублёў пуд!

Убачыўшы, што ляснік укінуў у мяшок яшчэ паўкаша, Шапятовіч сказаў:

— Не сыпце многа — не разлічуся я з вамі. Невядома, калі тая зарплата.

— Нічога, дзілектар. Разлічымося, калі будзем жывы.

Нельга было зразумець, чаму ляснік упарта называе

яго «дзілектарам», хоць добра ведае, што ён — проста настаўнік.

— Я па дарозе зважу ў краме. Можаце паверыць.

— Чаго вам насіць па крамах? — Лісцік адарваў мяшок ад падлогі, перакінуў бліжэй да дзвярэй, сказаў: — Пуд верны будзе, — i абтрос з далоняў пясок.

Пераглянуліся паміж сабою дочкі лесніка, яўна не ўхваляючы бацькавай шчодрасці. I адразу знік у Пятра вясёлы i добры настрой. Зрабілася крыўдна за сваю такую беднасць. Упершыню — непрыемна i горка, што ён, настаўнік, сакратар партарганізацыі, мусіў ісці сюды i прасіць гэтага ляснога куркуля прадаць напавер пуд бульбы. Асабліва брыдка стала ад таго, што ляснік насыпаў на пуд добрыя паўтара, а то i два. Быццам кінуў костку, як жабраку, ці даў хабар.

За зіму Пятро звыкся з беднасцю людзей. Быў частым госцем у хатах, у якіх дзеці спалі на голых дошках; у зямлянках, дзе — ні стала, ні табурэткі, елі на бярозавай калодцы. І ў ім расло спачуванне i мацнела любасць да людзей, ён амаль радаваўся, што дзеліць з імі ўсе цяжкасці пасляваеннага жыцця. А вось гэтая вялікая i пустая, з бруднай, гнілой падлогай i павуціннем у кутах хата раптам стала яму брыдкая. Ненатуральная беднасць. Бруд, які выклікае грэблівасць. Людзі, да якіх няма ў яго спачування, нават да той нябачнай старой, што недзе на печы часта кашляе i зрэдку стогне.