Выбрать главу

Немагчыма прасачыць i вытлумачыць ход думак! Як яны ўзлятаюць i падаюць, якія робяць павароты, петлі, звівы! То чапляюцца адна за адну, як шасцерні перадачы, то зіхаюць вольтавай дугой, то — як іскры ўначы: гасне адна, узлятаюць другія…

Ляснік… Бабкоў… Саша, Ленка… Грамыка… ЗноўСаша. Зноў Саша! Вось ужо сем год, усюды i заўсёды, i тады, калі яна побач, i тады, калі вельмі далека, у былых баях i цяперашняй рабоце, думкі яго заўсёды вяртаюцца да Сашы.

«Саша! Чаму мне здаецца, што ты часам як бы не верыш, сумняваешся, што я люблю цябе па-ранейшаму? Не, люблю мацней, глыбей, адданей! Чаму ў цябе з'яўляецца гэтая дзіўная незнаемая i нейкая нядобрая скептычная ўсмешачка, калі кажу табе пра сваю любоў? Чаму ты здаешся мне часам не такой?.. Не такой, якой была ў тую нашу першую, непаўторную вясну… Не такой, якой была ў партызанах, калі выходжвала мяне ад ран… Не такой, якой уяўляў я цябе ўвесь час… Няўжо вайна, пакуты людзей, твае пакуты i турботы зламалі, зруйнавалі той малады запал i тую дзіцячую непасрэднасць i шчырасць, якая так запаляла некалі не аднаго мяне? Ты была як мара, як песня. Ты цяпер залішне зямная… Бясконцая праца, бясконцыя турботы. Сардэчна пагутарыць, па-чалавечы пацалавацца няма калі. А мы ж, па сутнасці, толькі пачынаем жыццё. Бо хіба ж мы жылі дагэтуль? Галоднае маленства, вучоба… Потым ваявалі… Вайна адабрала ў нас маладосць… Але мы выйшлі пераможцамі. Мы жывём! Дык няўжо ж нельга вярнуць яе, нашу маладосць? Давай вернем, Саша! Давай вернем!.. Аддамо старым усе празаічныя турботы… Гэтую бульбу, попел, фекалп, фасолю… усё… Аддамо… Каму? Ты мусіш i чужую бяду ўзяць сабе. Гэтак жа ўзяла на сябе клопаты пра мнопх людзей Саша. I ты яшчэ хочаш ад яе ранейшай юначай гарэзлівасці? Дзівак. Летуценнік».

У лесе былі день i цвёрдая дарога. У полі кірзавыя боты глыбока ўгрузалі ў размяклую, набрынялую снежнай вадой гліністую зямлю. На самай дарозе весела булькаў мутны ручай, несучы лісце i пену. Ісці трэба было ўзбоч. А поле тут, пад лесам, не задзірванела за вайну — засявалася, відаць, добрая зямля, таму на яе не забывалі.

Сонца, хоць i скацілася ўжо нізка, прыпякала яшчэ шчодра. Дзень — надзіва, сапраўды вясновы. На небе — ні хмаркі, i ніводная сухая былінка не варухнецца ад подыху ветру. Ашалелыя ад радасці, заліваюцца жаваранкі. Але ўбачыць ix нялёгка — балюча глядзець у сляпуча-блакітную бездань. Ды i не да хараства гэтага стала Пятру. Падвячоркавае сонца, здавалася, свінцом налівала не толькі мяшок з бульбай, але i шынель, гімнасцёрку, нават шапку: усё ацяжэла, набрыняла потам, ціснула, сціскала. Рана не ныла, яна востра балела. Кроў грукала ў скроні.

«Не данясу».

Падумаў пра дзяцей — сваіх вучняў, што гулялі на мосце, калі ён ішоў да лесніка, i, безумоўна, любуюцца разлівам дагэтуль, бо ад рэчкі ў такі час ix не адарваць. Можа здарыцца, што менавіта каля вучняў ён страціць апошнія сілы, скіне мяшок на гразкую грэблю i не здолее падняць. Праўда, дзеці вайны ведаюць, што такое паранены, i ў ix даўно ўжо другое, не дзіцячае, разумение чалавечых вартасцей. Але ўсё адно выяўляць перад імі якую б ні было слабасць нельга. Пятро яшчэ не вывучаў педагогікі, але з чаго складаецца аўтарытэт настаўніка — ведаў лепей за любога прафесара.

«Знарок, мабыць, насыпаў столькі, стары чорт, — ужо без удзячнасці падумаў Пятро пра лесніка i праз хвіліну знайшоў выйсце, простае i хітрае: — Дайду да хвойніку, знайду патаемнае месца, высыплю пад старое галлё палавіну бульбы. A ўвечары прыйдзем з Сашай i забяром. Толькі б дайсці да хвойніку!»

Гэта зусім блізка — пясчаны пагорак з парадзелым маладым параснікам. Але перад ім — ручай, разліўся, як добрая рэчка. Пераходзячы яго, Пятро чэрпнуў кірзавымі халявамі ледзяной вады i тады ўжо ледзь дабраўся да сухой мясціны, да пнёў i свежага галля. Кінуў мяшок i сам паваліўся на гэтае галлё. Сцягнуў боты, адкінуў мокрыя анучкі, выкруціць ix сілы не хапала.

Ляжаў, прагна ўдыхаючы хваёвы водар, i бяздумна глядзеў у неба. Зноў на нейкі міг стала хораша. Зноў захацелася настроіць сябе на светлыя мары i хоць на колькі хвілін наведацца ў будучыню, паспрабаваць будаваць свой мост…

— Прастудзішся, Андрэевіч.

Пятро не ўздрыгнуў i не сумеўся, ён адразу пазнаў голас. Можа, перад кім іншым i адчуў бы няёмкасць, з гэтым жа чалавекам учынак, за які толькі што караў сябе, — крадзеж лесу — зблізіў так, што пасля ўжо ніколі не баяўся паказаць i выказаць яму ўсе іншыя свае слабасці.