Толькі вярнуўшыся з арміі, Пятро даведаўся, што паведамленні гэтыя былі пометай яму, можа, не вельмі разумнай i дасціпнай, але інакш ix назваць нельга. Ніякая часць у Грыбаўцы ніколі не стаяла. На кватэры Саша жыла ў жонкі Панаса Грамыкі. Адно толькі праўда — пра Лялькевіча. Ён быў другім сакратаром райкома партыі i, безумоўна, мог прыязджаць. Але ў Пятра ўжо тады, у партызанах, знікла ўсякая рэўнасць да яго.
Страх, безумоўна, знік, калі ён вярнуўся. Саша — яго жонка, назаўсёды, на ўсё жыццё, i нішто не здолее ix разлучыць! Але боязь, што яна зноў аддаліцца, як тады, перашкодзіла яму прызнацца, што ён меў сустрэчу з гэтай Тоняй яшчэ раз, у Германіі. Баяўся: не паверыць Саша, што ў велізарнейшым чалавечым муравейніку, разварушаным вайной, расстаўшыся недзе ў Мурманску, можна было зусім выпадкова сустрэцца пад Берлінам. Праўда, на вайне былі i яшчэ больш неверагодныя сустрэчы! Чаго не было там! Аднак ці зразумела б гэта Саша? Ці не падумала б, што яны перапісваліся, шукал i гэтай сустрэчы i адбылася яна зусім інакш, у інакшых абставінах? Магла б не выказаць свайго нявер'я, a ўпотай пакутаваць.
Бывае «ложь во спасение». А бывае праўда, пра якую лепш змаўчаць. Аж не, няма, відаць, такой праўды. Недарэмна кажа старая мудрасць: няма такой тайны, якая не стала б яўнай. I гэта стасуецца да ўсяго: да палітыкі, дыпламатыі, вайны i да жыцця двух людзей. Лепшая сямейная дыпламатыя — гэта дыпламатыя поўнага ўзаемнага давер'я i бязмежнай шчырасці. Шкада, што многія з нас прыходзяць да гэтай высновы пазнавата.
Пятро, разгублены ад нечаканасці, нясмела ступіу да жонкі:
— Сашок! Я ўсё растлумачу. Выслухай толькі спакойна… Навошта ўскладняць i без таго нялёгкае жыццё наша?..
— Не трэба мне ніякіх тлумачэнняў. Даволі з мяне тваіх казак. Выдумляць ты ўмееш. — Гэта яна сказала ціха, стомленым голасам. Але кал i Пятро, абнадзеены, хацеў узяць яе за руку, рэзка адступіла i гнеўна крыкнула:
— Не чапай! Я ненавіджу цябе!
Ленка абняла яе калені, захныкала:
— Мама! Не свалыся. Я баюся…
Саша схапіла дачку на рукі, прыціснула да грудзей, быццам ёй нешта пагражала.
— Не бойся, мая маленькая. Я не буду сварыцца. Навошта мне сварыцца? Мы пражылі з табой пяць год i не сварыліся… Hi з кім. Толькі з немцамі. I мы будзем жыць з табой. I ніхто…
— I тата з намі. Так, мамачка?
Саша быццам прыкусіла язык — больш ні слова. Ужо ўпрыцемку памыла малой ручкі i ножкі i, не вячэраючы, уклалася з ёй на вузкім ложку, на якім, калі злезлі з печы, спалі яны ўдваіх. Дачка спала на ляжанцы.
Пятро зразумеў, што цяпер тлумачыць няма карысці, i нічым не парушаў маўклівай вайны. Было да болю, да роспачы крыўдна. З якімі пачуццямі ён нёс гэтую бульбу, з якой пяшчотай гатаваў вячэру — i вось табе, калі ласка. Нейкае недарэчнае i зусім непатрэбнае пісьмо атруціла настрой, сапсавала вечар, які мог бы стаць шчаслівым. Для шчасця не так ужо многа трэба: праца, любоў, дружба, узаемаразуменне i вера, негалоднае дзіця… ну, i самім чыгунок вось гэтай бульбы. Няма нечага аднаго — ланцуг разарваны.
Пятро шкадаваў сябе, а яшчэ больш яе — Сашу. З васьмі раніцы да дванаццаці яна прымала ў амбулаторыі, а потым дацямна — візіты. Колькі ix было? Хворых нямала. Інваліды, дзеці.
Ён не адважыўся нават запаліць лямпу. Сядзеў на табурэтцы каля стала. Сцямнела. Сціхлі галасы дзяцей на вуліцы i каля рэчкі. Сціх вецер. Усё сціхла. Акрамя яго думак. Калі людзі навучацца рабіць своеасаблівую фанаграму — ці як яе назавуць? — мыслення, думак, ix вельмі здзівіць форма крывой. Яна будзе не толькі ламаная, з падзеннямі, узлётамі, яна будзе пакручастая, як казачны лабірынт, як зблытаны маток нітак ці яшчэ нешта больш адмысловае. Яе будзе нялёгка расшыфраваць, гэтую мысляграму. Думкі Пятра скакалі ад Сашы да Грамыкі, з мінулага ў сённяшні дзень ці нават заляталі ў заўтрашні, ад Тоні да бог ведае каго, часам да зусім выпадковых людзей.
«Як яе прозвішча цяпер — Рамашова ці Кідала? На канверце не піша. Я не паспеў тады нават запытаць».
Прыгадалася ix апошняя сустрэча. Не, дзве кароткія сустрэчы год назад. Але, было гэта роўна год назад, у пачатку красавіка. Ці не ў гэты ж самы дзень?
Дывізію ix на плацдарме за Одэрам змяніў танкавы корпус, тэрмінова перакінуты з Усходняй Прусіі, дзе вайна была закончана. Маршал Жукаў сціскаў магутны браніраваны кулак для ўдару на Берлін. Дывізію, якая панесла на плацдарме немалыя страты, асабліва ад праклятых «фау-2», як бы адводзілі ў рэзерв, на адпачынак у блізкі тыл, за нейкія сорак кіламетраў ад фронту, — у горад Ландсберг на Варце. Але зенітны дывізіён не адпачываў. Ён заняў баявыя пазіцыі, каб сцерагчы адпачынак змучаных пехацінцаў. Камандны пункт дывізіёна размясціўся на самым беразе ракі, заняўшы будынак нейкага яхтклуба i суседнюю кірху — пад назіральны пункт.