Метраў за трыста, не больш, вышэй па рацэ скаламі з бетону i рэбрамі жалезных ферм вытыркалі з вады рэшткі ўзарванага моста. Ад гэтага шырокага, збудаванага на стагоддзі, гарадскога моста астаўся адзін пралёт ад таго, супрацьлеглага, берага, ды i той трымаўся на пакалечаным быку. I, аднак, нейкі разумнік камандзір не знайшоў лепшага месца, каб размясціць узвод батарэі МЗА, — паставіў яго на гэтым пралёце. Тры «саракапяткі» сваімі доўгімі i тонкімі дуламі, спушчанымі, нюхалі рачную прахалоду. Над імі былі распяты камуфляжныя сеткі. Але ўсё адно ўзвод — як на далоні. Здалёк можна было пералічыць усю прыслугу, якая на тры чвэрці складалася з дзяўчат. На бераг, дзе размясціўся KП яго, Пятровага, дывізіёна, даляталі ix звонкія галасы, смех. А трохі ніжэй ад ix КП над ракой узвышаліся некранутыя фермы чыгуначнага моста. Па ім няспынна грымелі эшалоны.
Апынуўшыся на беразе, ён, Пятро, усяго толькі старшына па званню, камсорг дывізіёна, адразу рэалістычна ацаніу абстаноўку, кажучы ваеннай мовай.
Немцы агрызаюцца з паветра ўжо рэдка. Але ўсё-такі агрызаюцца. I калі яны наляцяць на гэты гарадок, то, безумоўна, галоўная ix мэта — чыгуначны мост. Пятро ведаў, як нялёгка пацэліць у мост. Заўсёды бывае пералёт або недалёт, бомбы лажацца ўправа ці ўлева. Але ён ведаў не адзін выпадай, калі гэтыя «дурныя бомбы» знаходзілі зусім нечаканую цэль.
Карацей кажучы, яго ўсхваляваў лес гэтага дзявочага ўзвода. Камандзір МЗА, пагнаўшыся за найлепшымі «вугламі абзору», паставіў сваіх людзей на верную пагібель. Нават калі не будзе прамога пападання, блізкі выбух разбурыць ужо i так перакошаны, патрэсканы бык, i людзі апынуцца ў рацэ. Ды проста выбуховая хваля — узрыў бомбы перад мостам — можа змесці людзей у бурлівы вясновы паток. А колькі з ix умее добра плаваць? Каб на мосце былі адны мужчыны, можа, ён не так бы занепакоіўся. Дзе на вайне няма небяспекі? Але ён цвёрда трымаўся думкі, што не жаночая гэта справа — ваяваць. Няшчасце прымусіла. Але ж можна ставіць гэтых салдат у спадніцах у такія мясціны, дзе будзе, у выпадку чаго, найменш ахвяр. А тым больш цяпер, калі так блізка канец вайны.
Пятро пайшоў да камандзіра свайго дывізіёна капітана Крывароцькі.
— Таварыш капітан, маем мы ўжо сувязь з суседзямі?
— З гэтымі, з ПВА? — Армейцы, нават зенітчыкі, ставіліся да войск тылавой супрацьпаветранай абароны з некаторай пагардай i іроніяй. — Хутка будзем мець. Цягнуць сувязісты.
— Пазваніце вы ім, скажыце, што батарэя на мосце пастаўлена пад першую бомбу.
Капітан з акна другога паверха паглядзеў на злашчасны мост, пакруціў галавой, усміхнуўся ў свае запарожскія вусы.
— Але, нейкі дурань высунуў, як блыху на пуп. Шугане— што карова языком зліжа. — I, вялікі аматар пагаварыць пра жанчын, любоўныя справы, жартаўнік, камандзір прыжмурыўся, як кот, i чорцікі заскакалі ў яго вачах. — Клапоцішся пра дзяўчат, старшына? Хопіць ix на нашага брата. Глядзі, пасля вайны па тры на аднаго будзе. Вось будзем мець клопату! — Ён зарагатаў, але, мабыць, адчуўшы, што Пятро не мае намеру жартаваць, сур'ёзна паабяцаў: — Добра, камсорг. Пазваню.
Тады Пятро паверыў: пазвоніць; Крывароцька — інжынер, інтэлігент — быў разумны i чулы камандзір. Пасля няшчасця ўсумніўся: ці званіў? Цяпер, асабліва чамусьці сёння, пасля размовы з Панасам, думаў: не, не званіў. Напэўна, разважыў: на якое ліха яму лезці ў справы суседа, з чужой часці, ды яшчэ калі там камандзір вышэйшы па званню? А сам ён, Пятро, хіба праявіў настойлівасць? Мог бы сказаць намесніку па палітчасці, начальніку штаба. Не. Паглядзеў, абурыўся, пахваляваўся, i хоць не забыўся — батарэя ўвесь час была перад вачамі, але скарыўся перад суровасцю i непахіснасцю армейскага закону: ніжэйшы па чыну i званню не мае права ўмешвацца ў загады i распараджэнні старэйшага. Маўчы i выконвай. A калі гэты старэйшы дурань?..
Трагедыя адбылася дні праз чатыры. «Ю-87» наляцелі адвячоркам, вось такім жа ясным, па-вясноваму прыгожым. Там, у Германіі, ужо распускаліся дрэвы, зелянела трава. Шасцёрка «юнкерсаў» зайшла з усходу, па рацэ. Разам з бомбамі яны кінулі плывучыя міны, выбухі грымелі доўга пасля таго, як самалёты, рассыпаўшыся ў розныя бакі, уцяклі ці, можа, былі збіты нашымі знішчальнікамі, што тут жа, праз хвіліну, падняліся ў паветра.