Прыйшоўшы нарэшце да памяці, уцяміўшы, што ўвесь кашмар з ракой — сон, а Саша — вось яна, жывая, у белай сарочцы, стаіць у ранішнім паўзмроку перад ім, Пятро імкліва абняў жонку, прыцягнуў да сябе. Але яна, пацалаваўшы яго ў лоб, вызвалілася з абдымкаў.
— Cпi. Яшчэ рана. I не сні дурных сноў.
III
Шапятовіч любіў шосты клас. У настаўнікаў гэта бывае: сімпатыя да якога-небудзь аднаго класа. Большасць, праўда, ніколі не могуць як след растлумачыць, чаму яны любяць гэты клас, а не іншы. Пятро ж, бадай што, мог бы адказаць, завошта ён любіць шасцікласнікаў — за сур'ёзнасць.
A хіба сур'ёзнасць такая ўжо прываблівая рыса ў дзяцей?
Клас сапраўды быў сур'ёзны, больш сур'ёзны, чым нават старэйшыя — сямікласнікі. Хоць разумение «старэйшыя» i «малодшыя» ў першыя пасляваенныя гады не адпавядала ўзросту вучняў, a толькі класу, у якім яны вучыліся. Па гадах дзеці былі розныя i ўсе — пераросткі. Але некаторым вайна сарвала ў гэтай мясцовасці толькі два гады вучобы — увосень сорак трэцяга яны зноў пайшлі ў савецкую школу. Другія ж не вучыліся ўсе чатыры гады: бацькі на фронце, трэба было памагаць мацярам карміць сем'і. А мясцовым уладам было не да ажыццяўлення закону аб усеагульным навучанні. Так што ў шостым класе сядзелі вучні, якія па гадах павінны былі вучыцца ў дзесятым.
Усе педагогі свету пісалі, што пераросткі самыя цяжкія вучні. Пятро, каб пісаў педагагічны трактат, мог бы лёгка аспрэчыць такія сцверджанні. Хоць ён не меў ні тэарэтычнай методыкі, ні практыкі (а можа, менавіта таму, што не меў нічога гэтага?), з вучнямі-пераросткамі займацца яму было лёгка i проста. Ён гаварыў з імі як з роўнымі — гэтак жа, як, будучы камсоргам дывізіёна, гаварыў з байцамі. I бaчыў, адчуваў, што вучням падабаецца такая роўнасць.
Не, сур'ёзнасць ix не была прываблівая, яна была цяжкая, бо нагадвала пра вайну, напамінала пра тое, што перажылі яны, дзеці вайны, i перажываюць дагэтуль. Так што любіў Пятро сваіх вучняў не за сур'ёзнасць, а за тое, што на сваіх слабых дзіцячых плячах яны вынеслі не менш, чым ен, чым бацькі ix i маці. А хутчэй за ўсё яго асаблівыя пачуцці да гэтага класа тлумачыліся тым, што неяк так падабралася, што добрая палавіна класа — сіроты, але былі ў гэтых сірот надзіва мужныя i не па-дзіцячы цвярозыя, проста-такі мудрыя, погляды на жыццё.
Гісторыю Старажытнага Егіпта i Грэцыі ведалі вучні, мякка кажучы, дрэнна — усё выветрылася з галоў. Але затое гісторыю вайны, якую перажылі самі, ведалі лепей, чым многія дарослыя. Каб інспектар-фармаліст паслухаў некаторыя з Пятровых урокаў у гэтым, шостым, класе, то, бадай, настаўніцкая кар'ера яго на гэтым i скончылася б. Часам урокі гісторыі ператвараліся ў агульную дыскусію пра вайну, пра жыццё, ва ўзаемныя расказы пра фронт i партызан.
Настаўніцы, якія вялі ўрок у суседнім класе, не раз скардзіліся Пыльскаму, дырэктару, i той збянтэжана i далікатна рабіў заўвагу:
— Пятро Андрэевіч, зноў у вас у шостым было шумна.
— Было, Казімір Паўлавіч, было, — пакорліва згаджаўся Шапятовіч на здзіўленне настаўніц, якія звычайна ўпарта аспрэчвалі кожную заўвагу ім. Хоць хутка яны перасталі здзіўляцца, Пятро сам пачуў аднойчы ix размову: «Яму — што, партызан, франтавік, сакратар, з Лялькевічам у адным атрадзе быў… Karo i чаго яму баяцца?»
Патроху Пятро зацікавіў сваіх вучняў i гісторыяй Грэцыі — тады, кал i сам, як кажуць, з галавой акунуўся ў інстытуцкі курс, пазнаёміўся з дзівоснай міфалогіяй i ўвогуле захапіўся гэтай навукай.
Але, акрамя гісторыі, прыйшлося яму выкладаць яшчэ адзін прадмет. Усе адмовіліся ад нямецкай мовы, i ўрокі яе гвалтоўна, рашэннем педсавета, аддалі яму. Пятро адразу разгадаў змову настаўніц: маўляў, гісторыя — што, гісторыю любы зможа выкладаць, асабліва калі ў цябе добра падвешаны язык, а вось паглядзім, як ты без педагагічнай адукацыі будзеш выкладаць мову, ды яшчэ замежную. Ён, хоць i разгадаў гэта, не стаў спрачацца: мову дык мову! Ведаў у яго было ненамнога больш, чым у вучняў, бо вучыў ён нямецкую толькі некалі ў сёмым класе (у тэхнікуме замежнай мовы ў той час не выкладалі). Але будучы ў Германіі, вывучыў сотні дзве-тры бытавых слоў. Гэта акалічнасць i дала падставы педсавету зрабіць яго школьным «немцам». Праўда, дзеці ні разу не назвалі яго так, a заўсёды, у тым ліку i перад урокамі мовы, крычалі: «Гісторык ідзе!» Пятра радавала такая ix тактоўнасць.
Да ўрокаў гісторыі ён рыхтаваўся з прыемнасцю i выкладаў з задавальненнем, праца давала радасць. Нямецкая мова была пакутай.
У гэтым шостым «Б», да якога меў асаблівую прыязнасць, Шапятовіч адразу i шчыра прызнаўся:
— Ведаю я нямецкую мову ненамнога больш, чым вы. Вучыць будзем разам.