Выбрать главу

Яна напісала пісьмо Пятру і папрасіла яго прыехаць. Ён сур'ёзна адказаў, што баіцца гаспадыні. Саша запэўніла, што гаспадыня будзе ласкавай, як добрая цешча, і жартаўліва пагразіла, што, калі ён не прыедзе, яна выйдзе замуж, бо да яе сватаюцца. Гэта не на жарт спалохала Пятра. Ён у гэты час працаваў над дыпломным праектам — праектаваў дарогу з усімі неабходнымі пабудовамі: дамамі даглядчыкаў, гасцініцай, бензакалонкамі, рамонтнай майстэрняй — адным словам, такую дарогу, якая і да нашых дзён ёсць толькі ў праектах і аб якой і зараз мараць уласнікі машын і ўсе шафёры. Чарцілі і вылічалі выпускнікі з натхненнем, хоць ведалі, што па іх праектах нічога не будзе пабудавана, а праекты згрызуць мышы ў тэхнікумаўскай бібліятэцы. Але ўсё адно дыпломны праект, дыпломная работа — больш разумны і дзейсны метад праверкі ведаў, чым экзамены, калі зноў пачынаецца тое ж «зубрэнне», што і ў час навучання, і калі ўсё наспех вызубранае забываецца праз дзве гадзіны пасля экзамену. Пры дыпломным праекце студэнты ўпершыню самастойна, з усёй адказнасцю пачынаюць тварыць, а тварыць без натхнення нельга. Хлопцы праводзілі ў чарцёжнай па дванаццаць гадзін. Пятро ж, калі вырашыў ехаць да Сашы, заставаўся там па дваццаць гадзін, каб падагнаць праект і выкраіць час на паездку. Ён шкадаваў патраціць лішнюю хвіліну на абед і не хадзіў у сталоўку — купляў булачку, кавалак каўбасы і абедаў у чарцёжнай, адначасова робячы разлікі. Ён заставаўся там да глыбокай ночы і часам тут жа за сталом засынаў. Аб такой вар'яцкай рабоце яго сказалі дырэктару, і той загадаў вартаўніку выганяць усіх і зачыняць чарцёжную ў дзевяць гадзін вечара. Тады Пятро пачаў прыходзіць у шэсць гадзін раніцы, калі чарцёжную адчынялі для ўборкі. Такім чынам ён за колькі дзён зрабіў тое, што планавалася зрабіць за месяц.

Напярэдадні Першага мая ён паехаў да Сашы. Ехаў спакойна, без хваляванняў і лішніх думак. Пехатою не пабег ад Рэчыцы — дарога гразкая, а цэлую ноч чакаў на прыстані, у халоднай і бруднай зале, парахода.

Потым цярпліва плыў паўдня, любуючыся разлівам Дняпра. А Дняпро цудоўны ў гэты час! Ён разліваецца на многа кіламетраў ушырыню, залівае лугі, лазнякі. Дубы на нізкім левым беразе стаяць па голле ў вадзе, а правы бераг ужо не выглядае такім абрывістым і высокім. Параход ідзе бліжэй да абрыву, і з верхняй палубы відаць вуліцы вёсак — гразкія, але ажыўленыя і па-вясноваму прыгожыя. І ўсюды дзеці гуляюць у «клёка» і ў мяча.

Саша шчыра ўзрадавалася яго прыезду. Яна, безумоўна, не кінулася цалавацца, а стрымана падала руку, але радасць адбілася ў яе на твары і ў вялікіх блакітных вачах. Яна прыжмурыла іх у вясёлай усмешцы і сказала да гаспадыні:

— Ну вось, Аня, зноў прыехаў «брат». — Яна так сказала слова «брат», што гаспадыня весела засмяялася.

— Ды брат жа, брат! Не дваюродны, а самы родны, — праспявала яна, прыветліва паціскаючы хлопцу руку.

Гэтыя яе весялосць і прыветлівасць адразу, у адзін момант, прымірылі з ёй Пятра. Ён зразумеў, што яна, як добры друг Сашы, усё ведае і цяпер, напэўна, будзе ставіцца да яго гэтак жа прыхільна і шчыра, як і да сваёй кватаранткі.

Надвячоркам пайшоў дождж, па-майску цёплы, дробны, але спорны — той вясновы дождж, што змывае апошні снег у гушчарах і на схілах узгоркаў, бруд на дарогах і пасля якога трава пачынае расці так, што відаць, як варушыцца на зямлі зляжалае мінулагодняе лісце.

У такі дождж, ды яшчэ перад святам, усе сядзяць дома; дзеці, дарослыя, моладзь займаюцца дробнымі і прыемнымі хатнімі справамі ці вядуць лагодныя гутаркі — без плётак і непрыемнасцей, гэткія ж чыстыя і цёплыя, як дождж.

Да гаспадыні прыйшлі суседкі, не выходзілі з хаты дзеці. Таму Саша і Пятро, жадаючы, як усе закаханыя, быць далей ад людскога вока, схаваліся ў амбулаторыі, у той вялікай і пустой хаце, дзе прыемна пахла вільгаццю і лекамі. Дождж шумеў за акном, ласкава і аднатонна барабаніў па шыбах. Змрок, як заўсёды ў хмурны вясновы дзень, хутка запаўняў хату, шафа з белымі шклянкамі расплылася ў дзіўную здань. У хатах, на другім баку вуліцы, запальваліся лямпы, і праз сетку дажджу вокны расплываліся ў жоўтыя шырокія кругі.

Святла яны не запальвалі. Ім святла не патрэбна было. Сядзелі на канапцы, абняўшыся, і расказвалі пра сваё жыццё за восем месяцаў, што не бачыліся. Яны быццам баяліся, што нешта ці нехта можа перашкодзіць ім расказаць аб усім, што бачылі, што перадумалі, што адчувалі, і расказвалі таропка, перапыняючы адно аднаго, і зусім нечакана пераходзілі з тэмы на тэму.

— Аднойчы там, у Заходняй, я стаяў на граніцы, — расказваў Пятро, — глядзеў на той бок… Убачыў нямецкага вартавога… І, ведаеш, мне стала трохі страшна, што так блізка ад нас людзі, якія ваююць…