— Рана. Халодная зямля, — падаў голас Панас.
— Таварыш Грамыка! Ты яе мацаў? Халодная — гарачая…
— Мацаў. Капаў. Мерзлата. Мой дзед некалі скідаў штаны i садзіўся на зямлю. Так правяраў, ці можна сеяць…
— Слухай, Грамыка, табе такі скінуць штаны. Я не хачу цябе палохаць, але я добра ведаю, каму ix скідаюць. Глядзі,— пагразіў Рабіновіч пальцам.
— Абрам Навумавіч, не палохай бабу, як кажуць… Ты сеяў калі-небудзь? — з усмешачкай спытаў старшыня калгаса.
— Што ты мяне пытаеш? Што ты мяне пытаеш? На што ты намякаеш? Я, можа, больш за цябе сеяў. А ты мне тут пра дзедавы штаны расказваеш! Дзедаўскімі метадамі кіруеш, таварыш Грамыка! Вось пра што падумай!
— Ды сказаў я, што заўтра ўсе выедуць у поле. Выедзем, Панас Астапавіч? — I Бабкоў, які хадзіў па кабінеце i цёр сваю руку, хітра падміргнуў: маўляў, абяцай, няхай адчэпяцца.
Пятро ўбачыў, што Булатаў злавіў гэтае падміргванне. Чакаў, што зараз ён умяшаецца ў гэтую даволі шумную размову. Але неспадзявана не толькі для яго, але, напэўна, для ўсіх, жаноча-дзіцячы голас спытаў зусім пра іншае:
— Шапятовіч! Які вы ўрок давалі?
Усе адразу змоўклі.
— Гісторыю ў сёмым.
— Што праходзілі?
— Траяна.
— Каго?
— Рымская імперыя пры імператару Траяне.
— Ыгы. — Капітан задумаўся, быццам успамінаў гісторыю, якую даўно вучыў.
Усе чакалі, што пасля гэтых фармальных — для знаемства — пытанняў будзе працягнута размова пра сяўбу. Але Булатаў спытаў, хоць i дзіцячым голасам, але паважна, як экзаменатар:
— Чым праславіўся Траян?
I Пятро адказаў, як вучань, толькі што не падняўся з лаўкі (пасля ўспамінаў гэты вучнёўскі адказ i чырванеў ад сораму):
— Ён зрабіў, па сутнасці, апошнюю спробу аднавіць былую веліч імперыі. Рабіў паходы, заваёўваў землі…
— Агрэсар, значыцца, быў?
— Агрэсар.
— Было ix у гісторыі, гітлераў гэтых, — уставіў Бабкоў.
— Траянскі конь — яго? — спытаў Булатаў.
Пятро зразумеў, што капітан у гісторыі, як кажуць, ні вуха ні рыла. Вось тут бы i паказаць яго невуцтва перад усімі гэтымi людзьмі. Дык не ж, не хапіла духу, не адважыўся — чамусьці пацвердзіў яўную лухту:
— Яго.
Булатаў усміхнуўся задаволена: паказаў прысутным, што ён ведае гісторыю не горш за ix сакратара, у якога хапіла зазнайства не з'явіцца адразу па выкліку раённых упаўнаважаных.
Пазяхнуўшы, вярнуўся да справы — сказаў Рабіновічу:
— Добра. Запішы, што заўтра ўсе калгасы выедуць у поле. Колькі плугоў?
Бабкоў разгубіўся.
Грамыка адказаў:
— У мяне — восем.
— Чаму толькі восем?
— У кал race семнаццаць коней.
— Ну, дык колькі ты можаш запрэгчы? — ухапіўся маленькі рухавы Рабіновіч, паказваючы сваю ўпаўнаважыцкую актыўнасць.
У Панаса пабялелі зрэнкі i напяліся на шыі вены.
— Восем, — сціснуўшы зубы, сказаў так, што Булатаў рэзка падняў галаву, пільна ўгледзеўся ў яго. — За коней адказваю я! I калі яны падохнуць… — I ўжо спакойна растлумачыў начальніку аддзела дзяржбяспекі: — Да вайны не такія коні был i, i то аралі на пары. А цяпер зямля задзірванела.
Булатаў зразумеў i адвёў позірк на акно, зноў як бы выключыўся з размовы пра справы, даўшы поўную свабоду загадчыку райфа.
Бабкоў на краі стала рабіў чырвоным алоўкам на газеце падлікі i рапартаваў:
— «Ударнік» — 8, «Асвета» — 22, Варашылава — 38, «Чырвоныя пяскі» — 11…
Рабіновіч занатоўваў гэтыя лічбы ў нейкую квітанцыйную кніжку.
Пятро ведаў, што не выедуць усе калгасы заўтра ў поле, a калі хто i выедзе, то столькі плугоў, колькі называе Іван Дзямідавіч, нідзе не будзе. Не можа быць. У тым жа калгасе імя Варашылава, які лічыцца багацейшым у раёне, усяго сорак пяць коней. A галоўнае — землі яго зарэчныя, заліўныя, лепшыя ў гэтай лясной зоне, яшчэ, па сутнасці, усе пад вадой — коней патопіш. З гэтага калгаса дзеці ў школу не ходзяць з-за паводкі. Толькі на чоўне туды можна дабрацца. Ca столі Бабкоў бярэ лічбы. Нават плугоў столькі няма. У яго, сакратара, усё запісана дакладна. Які тыдзень назад на партсходзе пра гэта гаварылі, i размова камуністаў была шчырая, без дыпламатыі. Людзі па-гаспадарску думалі, як наладзіць працу так, каб пасеяць больш i ў лепшыя тэрміны.
На якое ж ліха Бабкову здалася цяпер гэтая ліпа? Падумаў бы хоць, што ўсе звесткі пра цяглавую сілу i сельгасінвентар ёсць i ў райкоме i ў райвыканкоме. Разумныя ўпаўнаважаныя маглі б мець ix у сябе. Падумаў бы, што такімі абяцаннямі ставіць пад удар усіх — сябе, старшынь калгасаў, партарганізацыю: могуць жа праверыць праз колькі дзён. Што тады скажуць пра ix партыйную сумленнасць? Пятро ўжо раскрыў рот, каб запярэчыць Бабкову, але нешта стрымала яго. Ён паважаў гэтага старога дзівака i фантазёра i ведаў, што ў раёне i так яго часта клююць. А тут яшчэ ён выставіць яго падманшчыкам, хлусам перад гэтым… Булатам? Не будзе тады добрага суседства (яны жывуць у адным доме), сяброўства, дружнай працы. А яму хочацца з усімі працаваць дружна.