Багіня засмяялася смехам Марыі Антонаўны, ix настаўніцы, самай языкатай. I пацалавала яго ў шчаку, ды не звычайнымі жаночымі вуснамі, гарачымі i духмянымі, а нейкімі драўлянымі, цвёрдымі — аж балюча зрабілася.
Ліст «Міфаў Старажытнай Грэцыі» быў скамечаны i заплямлены слінай. Край кнігі намуляў шчаку.
Пятро расцёр шчаку, разгладзіў ліст, зменшыў агонь у лямпе, што стаяла тут жа, на стале, пасярод кніг. Падумаў, што вось так, заснуўшы над кнігай (а гэта не першы раз), ён можа незнарок перакуліць лямпу i нарабіць пажару. Трэба вешаць на сцяну. Але тады святла няма як засланіць, i яно будзе перашкаджаць Сашы i Ленцы спаць. Падумаў пра жонку, дачку — i толькі тады «растармазіліся» мазгавыя клеткі, i ён успомніў свой дзіўны сон. Сон прыгадаўся неяк адразу i вельмі яскрава, быццам паўтарыўся наяве. Пятро не мог стрымацца ад смеху. Асабліва смешна было, як Атрошчанка адступае ад багіні. I гэта: «За багінь на бюро не выклікаюць».
«Кожная з вас у пэўны момант бывае багіняй», — падумау пра жанчын увогуле i адразу — пра Сашу, з замілаваннем, з пяшчотай. Падняўся, глянуў на ложак, дзе спала жонка. Яе голая рука, мармурова-белая, сапраўды як у багіні, ляжала паверх коўдры. Нясцерпна захацелася прыпасці вуснамі да гэтай рукі. Выпіць водар гарачага цела, яе прыпухлых, як у дзіцяці, заўсёды чамусьці прыемна-саланаватых губ. Але шкада трывожыць жончын сон: за дзень яна столькі набегалася! Ды i яму трэба чытаць, вучыць — неўзабаве сесія. Дня не хапае, прыходзіцца адрываць у ночы. Трэба дысцыпліна, нават трохі аскетызму, калі ўзяўся за навуку!
На пальчыках прайшоў у кут да дзвярэй. Каб не плёскаць, у вядры намачыў край ручніка, працёр вочы, твар. I — зноў за стол, за кнігу.
Ix не так проста запомніць, усіх багоў, багінь, герояў. Міфы Пятра захапілі, жыццё i прыгоды багоў не менш цікавыя, чым справы людзей. Удумаўшыся, можна праводзіць аналогіі i паралелі, пераносіць учынкі багоў на жывых людзей. Старажытныя грэкі былі даволі мудры народ. Адна яго, Пятрова, бяда — слаба запамінае імёны. Дрэнная памяць на імёны, назвы, даты. Для гісторыка — гэта верны правал на экзаменах. Ён не раз ужо задумваўся, хочучы зразумець, што яго, тэхніка-дарожніка, пацягнула да гісторыі. Пэўна, не адны абставіны, не толькі тое, што ён прыехаў сюды, у сяло, дзе ў Сашы быў ужо нейкі абжыты куток, i яму прапанавалі працу ў школе. Не. Гэта, безумоўна, з'явілася яшчэ там, у арміі, у Германіі. Бо чаму з тысячы кніг ён адабраў вось гэтыя — большасць па гісторыі?
Пятро любоўна выраўняў высокі стос кніжак, які засланяў святло лямпы ад ложка. За гэтую зіму ён палюбіў кнігі, як людзей; раней ніколі не меў да ix такой пашаны.
Вартавы парадку Булатаў недвухсэнсова даў зразумець, што кнігі варта адаслаць інстытуту, штамп якога стаіць на ix. Але кніг да болю шкада, гэта яго адзінае багацце, адзіныя «трафеі». Прыгадвалася, як вёз ix — з якімі прыгодамі.
Дэмабілізаваўся ён з Познані, там пасля перамогі раскватаравалася ix дывізія. Адсылалі зволеных па чарзе, бо адразу немагчыма было атрымаць столькі вагонаў. З ix зенітнага дывізіёна дэмабілізавалася чалавек сто. Правялі развітальны мітынг, сказалі добрыя словы наказаў i абяцанняў. А вагонаў няма. Дзень, два, тры… Зволеныя, выйшаўшы з-пад улады камандзіраў, даставалі ў палякаў спірт, самагонку, напіваліся, дрэнна ўплывалі на тых, каму належала служыць далей. Капітан Крывароцька да хрыпаты сварыўся з інтэндантамі, патрабуючы вагонаў. Вагонаў не было. Дэмабілізаваныя, безумоўна, i самі рваліся хутчэй выехаць. Каму не хацелася дадому, да блізкіх, родных? Большасць па чатыры-пяць гадоў не бачыліся. I вось нехта з прабіўных усюдыісных хлопцаў прынёс навіну: адзін чыгуначнік, дыспетчар нейкі, згодзен падаць вагоны… за паўтоны пшаніцы. Хлопцы ведалі, за што дамаўляцца. Іншай платы не было. А пшаніцу першае пасляваеннае лета салдаты ўбіралі ў маёнтках фашысцкіх магнатаў, i хітрыя, запаслівыя інтэнданты, не без згоды камандзіраў часцей, нейкую невялікую частку збожжа пакінулі ў сваіх складах — на ўсялякі выпадак, вайна ўсяму навучыла. Быў такі тайны ад рэвізораў «недатыкальны запас» i ў іхнім дывізіёне.
Крывароцька вылаяў самымі адмысловымі словамі адразу на чатырох мовах — рускай, украінскай, польскай i нямецкай — спекулянтаў, якія хочуць нажыцца на пасляваенных цяжкасцях, але ўрэшце згадзіўся: абы хутчэй вызваліцца ад тых, хто чатыры дні ўжо бадзяецца па казармах i развальвае дысцыпліну.
Чыгуначніку завезлі восем мяшкоў пшаніцы, i ён сумленна выканаў умову: у пэўны час на таварнай станцыі на далёкія глухія пуці бы л i пададзены чатыры вагоны.