Крывароцька яшчэ раз перад вагонамі сказаў кароткую, але такую, што расчуліў да слёз, прамову — не ў прыклад свайму намесніку па палітчасці, які гаварыў доўга, холадна i сумна. Назначыў старшыну Зашкарука старэйшым каманды, яго, Пятра, — парторгам, пацалаваўся з імі, i — бывайце здаровы!
Але «няпланавых вагонаў» ніхто не хацеў чапляць да саставу. Увечары абураныя хлопцы, для смеласці хапіўшы «сырцу», пайшлі шукаць паляка, які прадаў вагоны. Нідзе, вядома, не знайшлі, але па-салдацку пагаварылі з дзяжурным. Той ветліва паабяцаў: «Бардзо прошэ, панове жолнежы! Руўно пшэз годзінэ поедзеце до Бжэсця».
I дакладна выканаў сваё абяцанне. Неўзабаве да вагонаў падышоў манеўровы паравоз. Заляскалі буферы. Дэмабілізаваныя закрычалі «ўра!». Яшчэ праз гадзіну рытмічна застукал! колы на стыках рэек. Едзем! Стомленыя турботамі i хваляваннямі, усе моцна заснулі на сваіх салдацкіх мяшках.
Прачнуўся Пятро раніцай. Састаў стаіць. Выскачыў з вагона, прачытаў назву станцыі, дастаў з планшэткі чыгуначную карту Польшчы, якую спецыяльна раздабыў у Познань пачаў шукаць станцыю, каб даведацца, колькі праехалі за ноч, парадаваць хлопцаў. Доўга шукаў на ўсход ад Познані — на галоўнай магістралі — цераз Варшаву, на абходных лініях. Няма такой станцыі. А станцыя між тым немалая. Мяркуючы па збудаваннях — вузлавая. Выпадкова зірнуў уніз, на поўдзень, — і… пахаладзеў. Кінуўся да вагона.
— Трывога! Браткі!
— Што ты гарланіш? Не накрычаўся за пяць гадоў?
— Дай паспаць!
— Не ў той бок едзем!
Уміг падхапіліся!
— Як не ў той? Што ты вярзеш?
— Нас вязуць некуды ў Сілезію. Глядзіце!
Высыпалі з усіх чатырох цяплушак, рушылі да начальніка станцыі. Адчапілі, вядома, адразу. А вось прычапіцца… Двое сутак стаялі. Прамых саставаў тут праходзіла нямнога, больш з рэпарацыйным абсталяваннем. З начальнікамі такіх эшалонаў дамовіцца было немагчыма, а савецкага ваеннага каменданта, які мог бы загадаць ім, на станцыі не было. Ледзьве на трэція суткі прычапіліся да эталона з рэпатрыянтамі. Эшалону гэтаму не давалі «зялёнай вуліцы». Ён больш стаяў, чым ішоў. Але стаяў не на вялікіх станциях, дзе былі прадпункты Савецкай Арміі i можна было. атрымаць па атэстату сухары i кансервы, а на нейкіх глухіх паўстанках. A калі часам спыняўся кал я вялікага горада, то заганялі яго ў такія далёкія тупікі, што, не ведаючы працягласці стаянкі (часам стаялі гадзіну, другі раз — суткі), рэдка хто адважваўся шукаць «харчэўню». Нікому не хацелася адстаць ад сваіх вагонаў. У тыя дні, калі, здавалася, перамяшчаліся цэлыя народы, адны — на ўсход, другія — на захад, на поўдзень, Германія, што склала сваю злачынную зброю, i скатаваная гэтай зброяй Польшча былі як бы ў цэнтры велізарнага руху мільёнаў людзей.
Пачалі старажытны гандаль з палякамі — мену. Вагон ix жыў камунай. Таму, калі ўсе запасы былі з'едзены, пастанавілі: развязаць мяшкі, выкласці «трафеі». Калектыўна, сумленна i сур'ёзна, з улікам індывідуальна-сямейных асаблівасцей кожнага, вырашылі, чаго чапаць нельга, а што можна выменяць на хлеб, сала i самагонку. Двое адмовіліся развязаць свае мяшкі; адшчапенцам быў «пастаўлены ультиматум», i яны мусілі перасяліцца ў другі вагон.
Дайшла чарга i да яго, Пятровых, двух вялікіх чамаданаў.
«Кнігі?» — здзівіліся ўсе члены аўтарьггэтнай камісіі па абагульненню «трафейных лішкаў».
«Кнігі?» — здзівіліся ўсе ўчарашнія салдаты.
Спачатку адны глядзелі на яго як на дзівака, другія — як на хітруна: a ці не схавана там у цябе пад кнігамі нешта такое, за што можна напаіць i накарміць увесь эшалон? Магчыма, што першапачатковым імпульсам быў гэты недавер — стары недавер да інтэлігента, які нібыта заўсёды можа перахітрыць простага чалавека. Кнігі пачалі разбіраць — па адной, па дзве. Калі ж пераканаліся, што ў чамаданах больш нічога такога няма, акрамя звычайных салдацкіх набыткаў, разглядалі кнігі з такой пашанай i цікавасцю, быццам кожны ўпершыню ў жыцці трымаў у руках гэты цуд чалавечага розуму. Потым усе разам трохі вінавата, як бы просячы прабачэння, памагалі Пятру скласці кнігі назад у чамаданы. А пасля праз усю дарогу (везлі ix да Брэста, дзе яны разлучыліся, яшчэ дні тры пасля таго) да яго ставіліся з нейкай асаблівай павагай, ад якой яму няёмка рабілася. Нават самагонкі ў шклянку пералівалі, падкладвалі большы кавалак сала, якое выменьвалі на «рэквізаваныя» рэчы. Кал i ён аднекваўся, казалі з салдацкай прастатой i грубаватасцю:
— Еш, парторг, не саромейся. За кнігі свае сядзеш — падцягнеш жывот. Там, дома, брат, не густа. Лічы: зусім пуста.
Жывот сапраўды прыходзіцца падцягваць. Але звычайна Пятро рэдка думае пра ежу, калі пра яе не нагадваюць. За кнігамі асабліва забываюцца нягоды жыцця. Але вось прыгадаліся польскі пахучы хлеб i сала (хоць колькі яго там было!) — i ўжо не да міфаў. Багі, чорт на ix, ласуны былі, абжоры, бясконца балявалі, жлукцілі свой нектар i закусвалі амброзіяй i ўсялякімі казачнымі пладамі. А яму, гаротнаму настаўніку, каб цяпер акрайчык хлеба ды скрылёк сала. Ах, аж слінка пацякла! Напіцца вады, ці што? Не, ад вады пачынае непрыемна журчаць у жываце. Лепш выйсці паслухаць салаўёў. У старым парку, у кустах чаромхі, учора раптам азваўся салавей. Ці не рана? Хоць чаму рана? Вясна ў разгары. Цёпла.