Выбрать главу

— Калі ён яшчэ ў Булатава, паспрабуем нешта зрабіць. Праверым, што яму інкрымінуюць…

— Гэта вы пра Запечку? — здагадалася Саша, кладучы пакунак на паліцу.

Малая саскочыла з бацькавых каленяў, кінулася да маці:

— Мама! Што ты прынесла? Яйкі? Я хачу яйка.

Саша падхапіла яе на рукі, высока падняла, пасадзіла на печ.

— Цішэй, Лянок. Ты замінаеш дзядзю. — I да Лялькевіча: — Уладзімір Іванавіч, паверце мне, я лячыла яго, не мог Андрэй Запечка нічога дрэннага сказаць. Бываюць балбатуны, як… — I асеклася. — Прабачце, не буду называць ніякіх прозвішчаў. Ёсць, што п'яныя могуць ляпнуць усялякае глупства. Запечка не такі. I не піў. I ўвогуле не мог ён… Жонка яго расказвала: зямлю цалаваў, калі вярнуўся. — У Сашы заблішчалі ў вачах слёзы.

— Я веру вам, Аляксандра Фёдараўна. Але баюся, што нічога зрабіць не здолеем.

— Прабачце, Уладзімір Іванавіч, але я гэтага не магу зразумець. Я, канечне, малады камуніст, палітычна малаадукаваны. Але ўсё-такі я чытаў Леніна, праграму, статут… I разумею так: мы кіруючая партыя. Цэнтральны Камітэт кіруе ўсім, ажыццяўляе кантроль над усімі органамі, у тым ліку i над… гэтымі. A ў раёне хто павінен сачыць? Вы — райком. Для мяне вы — найвышэйшы аўтарытэт, я вас выбіраў. Ды i не толькі для мяне, камуніста, — для кожнага чалавека, партыйнага i беспартыйнага. Я, Уладзімір Іванавіч, сказаў вам пра гэта не як госцю. Не проста так. Я ўчора знарок хадзіў да вас, але нікога не застаў — ні Анісімава, ні вас. Я звяртаюся да сакратара райкома. Вы, канечне, прабачце, што я так: паклікаў у госці i пачаў вось з такога «пачастунку»…

— Ды што вы просіце прабачэння! Якія могуць быць цырымоніі паміж намі! А тым больш калі такая справа — лес чалавека!

— Вось іменна — лес чалавека! I мяне здзівілі вашы словы: «Баюся, што нічога зрабіць не здолеем». Я — настаўнік, у мяне ў школе работы па горла, вучоба… I вы, райком, патрабуеце з мяне, з партарганізацыі за ўсё: за сяўбу, за лесавывазку, за фінансы, за малако, за шэрсць… за што хочаш. Дык паслухайце ж i нас часам. А то гэты Булатаў ваш сядзіць на сходзе, як сыч, i толькі задае такія пытанні… ну, проста, паміж намі, правакацыйныя нейкія. А ён жа член бюро райкома. Не падумайце, што я скарджуся. Але мог ён спытаць у нас пра гэтага няшчаснага Запечку? A калі ўжо злавіў яго на месцы злачынства, як кажуць, дык, думаю, таксама пачалавечы можна растлумачыць. Мы ўсё-такі камуністы. I ўсе ваявалі, многія — афіцэры. He такія тайны нам давяралі!

Саша сядзела перад грубкай i раздзьмухвала агонь, мокрае галлё не хацела разгарацца, дыміла, дым адбівала ў твар, яна па-дзіцячы — рукавом — выцірала слёзы.

Лялькевіч, што быў прысеў каля акна, слухаючы Пятра, падняўся, падышоў да Сашы.

— Дайце мне, партызану. Я быў мастак распальваць кастры.

«Унікае размовы!» — незычліва падумаў Пятро, і, каб прымусіць яго адказаць па сутнасці, а можа, падсвядома не хочучы, каб ён станавіўся на калені побач з Сашай, Пятро ступіў да грубкі, імкліва апусціўся на калені, далікатна адхіліўшы жонку, i знарок двухсэнсоўна сказаў:

— Гэта i мы ўмеем.

— Нарэшце ты здагадаўся, — сказала Саша.

Дзьмуў на поўныя лёгкія, са злосцю, якая чамусьці раптам закіпела ў душы. У перадыхах чуў, як за спіною папісквае пратэз, скрыпяць маснічыны. Лялькевіч хадзіў. Яго маўклівая хада пачала раздражняць Пятра.

Гарачыя вуглі разгарэліся — i адразу весела затрашчалі тонкія хваёвыя галінкі, шуганула полымя. Пятро падкінуў буйнейшых дроў. Падняўся. I апынуўся твар у твар з госцем. Уразіў дзіўны смутак у Лялькевічавых вачах.

— У гэтым — няшчасце, — сказаў ён з болем.

— У чым? — не зразумеў Пятро.

— Што Булатаў выходзіць з-пад партыйнага кантролю.

— Вы быццам скардзіцеся мне, — іранічна хмыкнуў Пятро. — Можа, мне ўстанавіць над ім кантроль?

— Ды не, Шапятовіч, усё гэта больш складана, чым вам здаецца. Не ў адным, безумоўна, Булатаве соль.

Саша, якая на падаконніку наразала з невялічкага, у паўфунта, кавалка сала тоненькія скрылёчкі, перапыніла сваю працу, з трывогай у вачах услухалася ў словы Лялькевіча. Пятру не спадабалася i скарга сакратара i яшчэ больш гэтая Сашына трывога — за яго, безумоўна.

«Прыкідваецца сіратой, каб не браць на сябе адказнасці».

Зняважліва перасмыкнуў плячамі.

— Hi чарта не разумею.

— А, думаеш, я разумею? — з ледзь прыкметнай раздражненасцю спытаў Лялькевіч. — Думаеш, калі я сакратар райкома, дык мне адкрыты ўсе таямніцы? Мне трэба, як бачыш, на падарожных раён аб'ехаць. — I ўжо больш спакойна: — Я сам не разумею: няўжо там, — кіўнуў угору, на столь, — не бачаць гэтай небяспекі? Няўжо Сталін з яго празарлівасцю не разумее?