Выбрать главу

— Пеця! Прыбяры кнігі са стала, нарэж хлеба.

Пятро здзівіўся: у Сашы нічога яшчэ не гатова, са сталом i хлебам можна не спяшацца. Пэўна, яна не хоча, каб яны працягвалі гэтую сваю размову. Чаму? Якраз апошнія Лялькевічавы словы развеялі яго, Пятрову, недаверлівасць. Не, гэта не скарга чалавека, які баіцца ці не хоча браць на сябе лішняга клопату. Гэта — сур'ёзны i балючы роздум. Хіба мала сам ён думаў над усім гэтым? Чаму ж не верыць, што думаюць i другія, i, можа, яшчэ больш пакутліва, бо сапраўды той жа Лялькевіч ведае, безумоўна, значна больш. Пагутарыць з ім па шчырасці, з узаемнай сяброўскай даверлівасцю — хіба не цікава? Саша ўпачатку сама выяўляла гэтую цікавасць.

Але, здаецца, не толькі яна лічыць, што тэма, як кажуць, вычарпана, але i ён — Лялькевіч. Падышоў да стала, пачаў разглядаць кнігі.

У грубцы засквірчэла сала. A калі патэльня была пастаўлена на ляжанку i Саша ўбіла туды яйкі, то пайшоў такі пах, што ў Пятра закружылася галава.

«Чаго добрага, яшчэ страціш прытомнасць, як тая Таня», — з сумным гумарам падумаў ён. Але ўбачыў, як употай каўтнуў сліну госць, i павесялеў: «Ды ты, выходзіць, такі ж галодны, як i я, грэшны». I ўжо борздка, нецярпліва, стосамі пачаў звальваць кнігі ca стала на ложак.

Лялькевіч, паглядзеўшы адну-другую кніжкі, спытаў з сяброўскай інтымнаецю:

— Грызеш гісторыю?

— Раптам адкрыў, што гэта цікавая навука.

Саша, трымаючы на чапяле патэльню ў грубцы, засмяялася:

— Ён трызніць багамі! Асабліва багінямі. Штоноч сніць Афрадыту.

— Ну, выдумаеш!

— Відаць, цікавасць да гісторыі прыходзіць з гадамі. У школе, у інстытуце я не любіў гісторыі. Матэматыка ды фізіка займалі ўвесь час. А вось цяпер хочацца пачытаць i пра багоў i пра герояў. Шкада, няма калі. Усё мару: вазьму адпачынак, уцяку куды-небудзь у лес… У мяне ж столькі знаёмых леснікоў з партызанства! Захаплю чамадан кніжак i — запоем, запоем… З раніцы да вечара. Сню, як чытаю з такой асалодай. — Лялькевіч уздыхнуў, сумна ўсміхнуўся. — Звычайна яна загараецца звечара, такая фантазія. A раніцаю прачнуся — цвярозасць поўная. Разумею: нікуды я не схаваюся. Будзе адпачынак — пашлюць мяне на курорт, лячыцца… Ну, пачытаю, не больш, чым другія… I зноў — сходы, пасяджэнні…

Саша выставіла на засланы свежымі газетамі стол пузатую пляшачку, такую поўную i празрыстую, што Пятру здалося — яна пустая. Ён нават не ўтрымаўся, пераставіў яе з месца на месца — пераканаўся, што яна напоўнена пад шкляны прыцёрты корак самым чыстым «нектарам».

«Увесь акушэрскі НЗ выставіла, — падумаў з вясёлым гумарам. — Зноў акушэрка напіша ў райздраў».

У Дзень Савецкай Арміі яны з Бабковым вымалілі ў Сашы грамаў дзвесце спірту — памянуць тых, хто ішоў побач з імі i не дайшоў. Не толькі фізічныя, але i душэўныя раны — яны яшчэ свежыя ў кожнага. Уедлівая дзяўчына, у галаве якой адны хлопцы ды інтрыгі (a хлопцаў няма, i яна злуе), напісала ў райздраў, што загадчыца фельчарскага пункта выкарыстоўвае медычны спірт на асабістыя патрэбы.

Пятра ўразіў не сам паклёп, а тое, што дзяўчына, якая была на фронце, — такая дурная. Для яго фронт — універсітэт розуму.

Развёўшы спірт вадой, Лялькевіч падняў сваю шклянку:

— Дзякую вам, сябры. Адмаўляўся я ад вашага запрашэння, бо ведаю, колькі гэта клопату ў наш час — прыняць госця. Але шчыра скажу: радасна мне пасядзець у вашай сям'і. Колькі разоў думаў: заеду сам i скажу: «Давайце пасядзім вось так…» Дык не — то фальшывая няёмкасць перашкаджала, то справы неадкладныя… Але без прамоў. Дазволь мне, Пятро, выпіць за Сашу. Дзякую вам, Аляксандра Фёдараўна, за ваша… залатое — не, шаблонна гэта — «залатое», «вялікае»… Адным словам — за ваша добрае сэрца, Саша!

Саша, расчырванелая яшчэ каля грубкі, трохі збянтэжаная тостам, з дачкой на каленях, з маленькай чарачкай у руцэ, была ў гэты міг незвычайна прыгожая. Пятро хацеў i не мог адвесці ад жонкі вачэй.

Чокнуліся. Выпілі. Захрумсталі гуркамі.

— Бярыце яечню, Уладзімір Іванавіч. Што вы адны гуркі? Дайце, я вам палажу.

— Дзякую, дзякую. Не трэба больш. Няхай малой. Дык, значыцца, ты не помніш мяне, Ленка?

— Эк, — шчыра пакруціла галавой дзяўчынка.

— А я ў цябе за няньку быў, i мы добра-такі з табой дружылі. Ты, я ды яшчэ кошка Каця. Помніш кошку?

— У цёткі Полі?

— У цёткі Полі. Але, як Данік?

— Вучыцца ў тэхнікуме.