— Гэта я ведаю. Бывае?
— Рэдка.
— Прыедзе — папрасіце: няхай загляне. Мой галоўны сувязны. Забыўся на свайго камандзіра. — Лялькевіч уздыхнуў.— Хоць яно натуральна: новае жыццё — новыя сувязі, сімпатыі. Усё новае.
— Як вам жывецца, Уладзімір Іванавіч? — нечакана, не па логіцы гутаркі, але з незвычайнай цеплынёй, як у вельмі блізкага чалавека, як маці ў сына, спытала Саша. — Худы вы. З вашым здароўем нельга так запускаць сябе. Гэта ж у які час мы вас крыху паправілі.
— О, Аляксандра Фёдараўна, вы з Поляй гэта ўмелі!
— Што яна так, ваша Ліда?
Лялькевіч зачырванеўся, здавалася, нават спалохаўся.
— Ды не, нічога. Не думайце. Мы жывём дружна. — Ён казаў гэта так, быццам абавязаны быў даць Сашы справаздачу пра сваё сямейнае жыццё, што таксама крыху непрыемна кранула Пятра. — Ліда — разумны чалавек. Толькі працуе як апантаная. Трыццаць дзве гадзіны ў тыдзень, i штодня — сотня сшыткаў. Я кожны раз з жахам гляджу на гару гэтых замурзаных сшыткаў.
— Дзіця будзе?
— Чакаем.
Саша прыветліва ўсміхнулася, як бы задаволеная, што ўвогуле жыццё ў яго пакуль што ідзе па-чалавечы.
— Навошта вам гэта pa6ofa? Жонка — настаўніца, вы — настаўнік. Стал i б дырэктарам школы. Усё-такі спакайней. З вашай нагой, з вашым здароўем…
Сцерлася з Лялькевічавага твару збянтэжанасць ад нечаканых Сашыных пытанняў, зніклі расчуленасць, размякчанасць ад выпітага спірту i ад вячэры. Уміг ён зрабіўся такі, як тады, калі гаварылі пра Запечку, — аскетычна сур'ёзны, заклапочаны, здавалася, да душэўнага болю. Задумаўся на момант, ледзь прыкметна ўсміхнуўся.
— Дзіўна, што ў жонак аднолькавая логіка. Ліда ледзь не штодня кажа мне пра гэта… I я ўжо адзін час пачаў быў прыкідваць: якую школу папрасіць? Але потым разважыў: не, нельга мне пакідаць партыйных органаў. Не падумайце, што я да ўлады рвуся ці такой ужо высокай думкі пра свае кіраўніцкія здольнасці. Не. Наадварот. Кіраўнік я, па нашым часе, пасрэдны — мяккі, ліберальны… Але вось іменна праз тое, што мнагавата чэрствасці, камандавання, такі чалавек, як я, патрэбны ў райкоме. Я хачу, каб вы правільна зразумелі. Неяк так склалася, што многія работнікі, увогуле i людзі нядрэнныя, працуюць… ну, як бы гэта сказаць?.. для справы, для дакладаў, а не для людзей. Усё гэта нават цяжка растлумачыць… Тут трэба самому паварыцца ў гэтым катле, каб зразумець… Мы з Анісімавым часта сутыкаемся на гэтай аснове. Ён крычыць, што я плесневы ліберал, народнік, гнілы інтэлігент, што мяне даўно трэба гнаць у шыю з райкома. Любы другі на маім месцы даўно плюнуў бы. Я цярплю яго, у Анісімава ёсць адна добрая якасць: ён хутка адыходзіць i, разважыўшы, даволі часта згаджаецца… Крычыць, пагражае выгнаць, а як хацелі мяне перавесці ў другі раён — увесь абком на ногі падняў, а не аддаў. I сам я прасіўся, каб пакінулі. Тут амбіцыю i гонар трэба гнаць к чорту. — Уладзімір Іванавіч усміхнуўся. — Я што Фурманаў пры Чапаеве. Але часам мне здаецца, што Фурманаву было лягчэй. Чапаеў — дзіця рэвалюцыі… А мой Анісімаў — гэта, як кажуць, спелы прадукт пэўнага стылю работы. А стыль гэты… Ну, як вам сказаць? Усе мы павінны працаваць па-сталінску, я разумею… Не ва ўсіх выходзіць, вядома. Я не пра тое… Зразумейце мяне… я пра тое, як Ленін ставіўся да людзей… Чытаю, як Ленін рабіў, i… балюча мне, што Анісімаў, Булатаў, Ляшчук ды i сам я… не ўмеем мы вось так, як ён… Ілыч. Не ўмеем… А трэба нам вучыцца, Пятро. Ой як трэба!
Гаварыў Лялькевіч ціха, павольна; калі не глядзець на яго, то магло б здацца — нехаця. Але на твары адбіваліся тая ўнутраная напружанасць i хваляванне, якія прымушаюць слухаць чалавека з асаблівай увагай. Так слухалі яго Пятро i Саша. Нават маленькая Ленка сцішылася i глядзела на дзядзьку як заварожаная.
Даверлівасць i шчырасць, з якімі сакратар райкома выказваў думкі, якія не кожнаму можна сказаць, радавалі Пятра. Але ў той жа час чамусьці рабілася крыху балюча i непрыемна, як некалі ад выказвання Панаса Грамыкі. Нягледзячы на ўсе нястачы, бюракратызм, грубасць, Пятру хацелася пасля такой вайны i такой перамогі бачыць толькі добрае, прыгожае, высокае i чыстае. Часам яму здавалася: каб людзі знарок не вышуквалі благое, не выцягвалі яго на свет божы, то навокал было б больш светлага i ўсім лягчэй жылося б. Ці не таму ён так захапіўся старажытнасцю i міфамі? Прыгожае — у казнах. Ведаў, што гэта талстоўская філасофія: не праціўся злу — будзе дабро. Часта смяяўся сам са сваіх ружовых акуляраў, бо жыццё штодня разбівала ix i прымушала весці змаганне супроць зла. I ён любіў гэтую барацьбу, свой удзел у ёй.
Адчуўшы ў Лялькевічу такога ж летуценніка i барацьбіта, Пятро захацеў, каб яны па-сапраўднаму пасябравалі, бо нішто так не збліжае людзей, як еднасць думак, поглядаў, імкненняў. Ён адказаў Лялькевічу такой жа шчырасцю — расказаў шмат з таго, што хвалявала яго асабіста i людзей, з якімі ён штодня сустракаецца ў школе, у калгасах. Ад споведзі такой зрабілася хораша на душы. I рэшту вечара Пятро прыгадваў розныя вясёлыя армейскія выпадкі, здзіўляючы Сашу сваёй дасціпнасцю.