Выбрать главу

VII

— Пятро Андрэевіч, раскажыце міф.

Надзя-паштарка — дзяўчына рыжая, непрыгожая, але надзіва рамантычная, чуллівая. Неяк, седзячы ў сельсавеце без справы, Пятро расказваў ёй i Каці міф пра Нарцыса i быў уражаны, як слухала Надзя — як дзіця казку: дайшоў ён да смерці Нарцыса — i ў яе вачах заблішчалі слёзы. З таго дня Надзя часта прасіла расказаць міф. Пятру падабалася яе дзіцячае захапленне: расказваць такім слухачам — асалода. A галоўнае — расказваеш другім i надзвычай трывала запамінаеш сам. На ўсё жыццё. Любы экзамен пасля не страшны.

Але што расказаць, каб было пад уласны настрой? А настрой у яго на рэдкасць узнёслы. Ці не расказаць што-небудзь пра гарэзу Эрота? Каця па гэтай часці адукавана больш чым трэба, яе любой быллю не збянтэжыш, не тое што казкай. А Надзя?.. Гэтая рыжая, мабыць, таксама штоноч сніць хлопцаў. Пятро падумаў, што ёй, непрыгожай, цяжка будзе знайсці сваё шчасце, i пашкадаваў дзяўчыну. I, невядома чаму, успомніўся паэтычны міф пра Дафну.

— Апалон, бог паэзіі, музыкі, быў хлопец вясёлы, жыццярадасны. Да прыкладу, як я.

— Вы часам бываеце, як хмара, — не згадзілася Надзя.

— Будзеш крытыкаваць — не буду расказваць.

— Не, не…

— Але, як i кожнага смяротнага, аднойчы i бога напаткала гора. I вінаваты ў гэтым яго калега — юны бог кахання Эрот, сын Афрадыты.

— Якую вы бачыце ў сне, — засмяялася Каця.

Пятро адпарыраваў:

— Той самы Эрот, малы шалапут, які даволі часта наведвае Кацю.

Загадчыца хаты-чытальні зразумела намёк — зачырванелася.

— Дык вось… Аднойчы Апалон убачыў Эрота. Малы нацягваў свой залаты лук. Апалон засмяяўся i сказаў яму: «Дзіцятка горкае, навошта ты цягаеш такую зброю? Не пад сілу гэта табе. Ці не ўздумаў ты спаборнічаць са мной? Ці не хочаш ты захапіць маю славу?»

«Чакай, я табе пакажу, — падумаў Эрот, — чые стрэлы больш меткія i робяць глыбейшыя раны». Замахаў бажок сваімі залатымі крыльцамі, узляцеў на Парнас — на rapy, дзе жылі ўсе праслаўленыя багі i героі. Узяў ён там дзве стралы: адну, што запальвае каханне… Гэтую стралу ён пусціў у сэрца Апалону. Другой стралой, якая забівае, знішчае ўсялякае каханне, ён прастрэліў сэрца німфы Дафны, дачкі рачнога бога Пінея. Закахаўся Апалон, як кажуць, па самыя вушы ў Дафну. Красун такі, што любая самлела б, убачыўшы яго. А Дафна, хоць i звычайная дзяўчына была, убачыла яго i — наўцёкі. Як тая казуля ад ваўка. Апалон — за ёю. «Чакай, цудоўная німфа! — просіць i моліць ён. — Куды ты ляціш, як галубка ад арла? Ты ж параніла сабе ногі. Спыніся! Я кахаю цябе! Паглядзі, хто я. Не пастух які-небудзь, не лапцюжнік, а сам бог, сын Зеўса!» Але што ёй да таго, калі ў сэрцы ні кропелькі кахання!..

— Гэта праўда. Хоць ты бог, хоць ты прынц, a калі кахання няма… — уздыхнула Надзя.

— Ой, Надзечка, гэта ты не ведаеш… Перад такім мужчынам, як гэты Апалон, не ўстоіш… — падзялілася сваім багатым вопытам Каця.

З дзвярэй высунулася пляшывая галава Халімона Капыла. Стары ўхмыльнуўся шчарбатым ротам:

— Казачкі расказваем?

— А вы, дзядзька Халімон, не падслухоўвайце, вам нельга слухаць пра любоў. Жонку разлюбіце, — засмяялася Надзя.

Пятру стала ніякавата, што яго падслухоўвалі. Знікла жаданне расказваць. Ды ад Надзі не адчапіцца.

— Ну, i што далей, Пятро Андрэевіч? Дагнаў яе Апалон?

— Дагнаў.

— Эх! I ўсё? — расчаравана зіхнула дзяўчына.

— Не, не ўсё. Адчуўшы, што Апалон вось-вось схопіць яе, спалоханая Дафна пачала прасіць свайго бацьку, бога Пінея: «Татачка родны, памажы мне. Адгані ад мяне гэтага нахабніка. Я баюся яго. О зямля! Праглыні лепш мяне!» Сказала яна так — i тут жа застыла на месцы і… ператварылася ў лаўр, дрэва такое, з якога — лаўровы ліст… Доўга Апалон, засмучаны, стаяў перад зялёным лаўрам. А што зробіш? Нічога. Апалон здолеў зрабіць адно, ён сказаў: «Будзь жа вечназялёны, лаўр. I няхай вянок з тваіх лісцяў упрыгожвае маю галаву, маю кіфару i калчан». Вось i ўсё. Вось што нарабіў свавольнік Эрот, лепшы сябра нашай Каці.

— Не вялікі ён сябра мой, — сур'ёзна i нават як бы засмучана адказала Каця. — Ён сябра тых, хто мае шчасце ў любові, як вы. A ў мяне… Якое яно, шчасце! Адно няшчасце.

З-за сцяны, дзе быў медпункт, пачуўся насмешлівы Сашын голас: