— Апалон Андрэевіч! Баюся я, каб хто-небудзь не прастрэліў тваё сэрца.
Тое, што яго расказ пачула жонка, Пятра ніяк не збянтэжыла — наадварот, яшчэ больш развесяліла. Ён крыкнуў у адказ:
— Багіня мая! Яно даўно прастрэлена. Табою.
Дзяўчаты засмяяліся.
Ляпнулі дзверы медпункта, i на парозе першага сельсавецкага пакоя з'явіўся Панас Грамыка. Весела бліснуў цыганскімі вачамі. Сказаў Пятру:
— Даволі табе забаўляць дзяўчат. I м i так весела. Пайшлі на поле. Пагутарым з людзьмі.
Калі выйшлі ў сад, Панас сказаў:
— Асцярожней ты расказвай падобныя казкі. Асабліва Каці. Шура перавязвала мне палец, i я бачыў, што ёй не вельмі прыемна. Яна жартавала, але я адчуваў, што гэта за жарты. Бабы, брат, яны ўсе на адзін аршын. Раўнівыя.
— Ну, глупства!.. Што можна падумаць, калі чалавек гаворыць на поўны голас, так, што за сцяной чуе жонка, за другой — Капыл?
— Калі ўжо прыйшлося, Андрэевіч, да слова, то я табе раю: пастарайся, каб i Капыл менш чуў… Многа мы давяраем розным капылам.
— А што — хіба яны крамольныя, нашы думкі?
— Не. Але ведаеш, як бывае?.. Часам самыя правільныя думкі твае могуць так перавярнуць дагары нагамі, што сам сябе не пазнаеш.
— Здзіўляе мяне, Панас, такая твая падазронасць… Трымаем чалавека сакратаром сельсавета — i будзем хавацца ад яго?
— Я, Андрэевіч, на шаснаццаць гадоў пражыў на свеце белым больш, чым ты. Мне можна ўжо рабіцца падазроным. Табе нельга, табе трэба верыць людзям, гэта я разумею. Але што да Капыла, то скажу табе шчыра: справы не пагоршыліся б, каб на яго месцы сядзеў нехта другі. Чуў, што казалі інваліды? На чорта нам выслухоўваць такія папрокі!
Пасля моцнага пахаладання, калі выпаў снег i дзве ночы стаяў мароз, зноў цяплела, праўда, няўпэўнена, нясмела. Зямля ад гэтага вясновага снегу набрыняла вадой больш, чым пасля зімовага. Дарогі зрабіліся — ні праехаць ні прайсці. Паўторна разлілася рэчка. У часе снегападу мерзлі шпакі. I цяпер яны спявалі залішне гучна, крыкліва і, здавалася, не вельмі весела — не па-вясноваму, не так, як у першыя цёплыя дні, калі птушкі толькі што вярнуліся з выраю ў родны край, разбіліся на пары, пачалі віць гнёзды. Можа, шпакі аплаквалі цяпер сваіх блізкіх, што загінулі ў холад?
— Ты кажаш: каго нам баяцца, калі мы гаворым нашу партыйную праўду? — пасля працяглага маўчання, уздыхнуўшы, сказаў Панас. — А я сам сябе пачаў баяцца, бо, далібог, перастаю разумець, дзе праўда, дзе няпраўда. За тое, што я табе скажу, Анісімаў напэўна паклікаў бы мяне «на кавёр». У мяне душа гарыць ад злосці на ўсіх, хто прымусіў так рана сеяць. Каб мая ўлада, выклікаў бы ix усіх, ад Анісімава i ніжэй… i вышэй… i без доўгіх размоў гаркнуў бы па-армейску: партбілеты на стол, сукіны сыны! За страчанае насенне. За дарэмна патрачаную працу людскую. Памерзла ўсё, што ўзышло. A ў нас кожны кілаграм зерня — на цану золата… Кожны ўзараны гектар чаго каштуе! А разам з тым, калі падумаеш: а што ім было рабіць? Цягнуць з сяўбой? З такім цяглом — па два дзесяткі схудалых коней на калгас ды па адным трактары-інвалідзе на тры калгасы? З такой рабочай сілай — бабы ды дзеці? I так сяўба расцягваецца месяцы на два. А каб i далей пякло i сушыла, як на пачатку вясны? Зноў загінула б не менш. Вось i думай, дзе праўда?.. Каго вінаваціць? Бога? Вайну?..
— Ты, Панас, як той сафіст. Былі ў Грэцыі такія філосафы.
Яны ішлі па вуліцы, з натугай выцягваючы з размешанай гліністай гразі свае кірзавыя боты. Дабраліся да самага высокага месца — да «гарба», як тут называлі, дзе вуліца як бы пераломвалася. Цераз чужы двор i гарод, па сухой сцежцы, пайшлі ў поле.
— Табе, Андрэевіч, лягчэй: ты можаш ад жыцця схавацца за сваю навуку. Ты хітрую навуку сабе выбраў. Гісторыя зацягвае, як той раман: зачытаешся — не можаш адарвацца.
Пятро падумаў, што гэты практычны селянін i салдат мае рацыю: сапраўды, захапленне міфалогіяй дае яму нямала радасных хвілін i заўсёды неяк хораша настройвае. Як зараз вось — пасля таго як ён прачытаў дома пра Геракла i расказаў дзяўчатам пра Дафну.
Старшыня спыніўся ў канцы гарода, павярнуўся да Пятра з нахмурана-заклапочаным тварам:
— Вось табе яшчэ адзін прыклад. Анісімаў на нарадзе — помніш? — сказаў: убачу, дзе калгаснікі будуць араць на сабе, — галаву знясу старшыні таму…
Збоку ад ix, сядзіб за колькі, шэсць жанчын, па тры за пастронкам з аднаго i з другога боку ворчыка, цягнулі плуг, сёмая, высокая, згорбленая, здавалася, не проста арала — вяла плуг, a натужліва памагала — піхала яго.
Пятро помніў, што ён першы горача запляскаў словам сакратара райкома i быў здзіўлены, што старшыні калгасаў, якія сядзелі побач, не вельмі дружна падтрымалі яго. Узлаваўся тады: баі, самі морды паадрошчвалі, а няшчасныя ўдовы на сабе аруць.