Выбрать главу

Нізкі, шчуплы сакратар у той міг чамусьці здаўся Пятру асілкам, карчом, вуглавата-калючым. Калючыбыўпраніклівы погляд яго кругленькіх шэрых вачэй, а коратка падстрыжаныя, пад бокс, сіваватыя вал асы — звычайна — лагодны вожык, нейкі хлапчукоўскі, такі, што часам у добрым настроі хацелася яго пагладзіць, — цяпер здаваліся калючымі, як іголкі дзікабраза.

Учарашні салдат, якога доўга прывучалі да пакорлівасці i бездакорнага падначалення, Пятро ўвогуле баяўся начальства, ва ўсякім разе, губляўся перад ім. Але калі яго выбралі сакратаром партарганізацыі, ён доўга i настойліва пераконваў сябе, што яму няма чаго баяцца Анісімава, старэйшага таварыша, партыйнага кіраўніка, які б той ні быў круты характерам. Яго злавала, што другія гэтак баяцца Анісімава i нават не хаваюць сваёй боязі.

Але перад такім натапыраным Анісімавым i ён збаяўся.

Сакратар крыва ўсміхнуўся i спытаў з едкім сарказмам:

— Што, Шапятовіч, качаем яйкі?

Варта было i яму адказаць жартам, але да гэтага ён дадумаўся пасля — што жарт мог бы хоць трохі ўлагодзіць сакратара, змякчыць. А ён пачаў «выкручвацца» на поўным сур'ёзе:

— Не. Я толькі з урокаў. Шукаю Грамыку.

— Дзе ж ты яго знайшоў? — Анісімаў ступіў бліжэй, тварам у твар, вочы яго, злосныя i насмешлівыя, здавалася, прасвечвалі наскрозь i ўсё бачылі, усё чыталі, а таму Пятру стала страшна глядзець у ix, у гэтыя вочы.

— Не знайшоў. Няма. Дома яго няма.

— Можа, памагчы знайсці? А? Я маю вопыт у шуканні старшынь.

Пятро пахаладзеў. Не ад боязі, што сакратар знойдзе Грамыку i Бабкова. Не, на гарышча ён не палезе… A калі зойдзе ў хату, убачыць жонак ix — Сашу i Соню, яго, Пятрова, мана стане відочная. Ды яшчэ накрыты стол… Ці дадумаліся жанчыны хоць прыбраць са стала? Усё адно, калі нават i прыбралі, дурань i той зразумее, што старшыні схаваліся i што збіраліся яны тут з жонкамі i дзяцьмі не дзеля абмеркавання, як падняць людзей на работу, i не дзеля палітвучобы. Як гэта агідна — хлусіць! Але хто тоне — хапаецца за саломінку. Толькі б не быць выкрытым тут жа! А таму адна хлусня цягне другую.

— Жонка кажа: у поле пайшоў…

— У поле? Ды няўжо? Дзіўна. — I пацёр далоняй аб далоню так, што яны заскрыпелі, як здубелая скура. — Колькі ж у яго людзей у полі? Плугоў? Колькі ўсяго людзей працуе ў калгасах? Дзе што робяць? Таварыш сакратар партарганізацыі!..

— У мяне былі ўрокі. Я хацеў узяць каня i… праехаць паглядзець…

— Усё-такі хацеў? Ты глядзі, які ініцыятар! Гарыць чалавек. А на што вы хацелі паглядзець? На пустое поле? — Анісімаў адступіў на два крокі, назад да шула, у вачах пагаслі іскры сарказму, але затое разгарэўся гнеў; лоб i вусны пабялелі, а шыя налілася крывёй. — Вы каму, Шапятовіч, тлуміце галаву? Сакратару райкома? Вы добра ведаеце, што ні ў адным калгасе няма ў полі ніводнага плуга, ніводнага чалавека. Вы забыліся на рашэнне райкома! Я напомню вам яго! — Ён дастаў з кішэні гімнасцёркі гадзіннік — цыбуліну без ланцужка, глянуў на яго. — К шасці — на бюро! Усе старшыні калгасаў! Вы! Бабкоў!

Пятро не паспеў нічога адказаць, як Анісімаў апынуўся ў машыне i аблезлы, аблеплены гразёй «віліс» сарваўся з месца. Цяпер было не да абеду. Да шасці аставаліся нейкія чатыры гадзіны, а трэба аб'ехаць пяць калгасаў за тры-чатыры i нават за шэсць кіламетраў, а потым дабрацца яшчэ да райцэнтра.

Здаецца, ніколі яшчэ ён, Шапятовіч, не адчуваў сябе так пагана: быццам сам сабе напляваў у душу, сам сябе прынізіў, абразіў вымушанай хлуснёй, вучнёўскім спалохам. А хто вінаваты? Яны — гэтыя старыя зайцы! Упершыню ён павысіў голас на ix. Старшыні вінавата маўчалі, бо ведалі, што самае цяжкае выпала на яго — «прыняць агонь на сябе». Але не змаўчала Саша:

— Чаго ты разышоўся? Спалохаўся? Сам ты горш за зайца. Паглядзі на сябе ў люстэрка — ажно збялеў. Ці выслужыцца так хочаш?

Жончыны словы распалілі яшчэ больш.

— Я ў твае акушэрскія справы не лезу! Не ўмешвайся i ты ў мае! Больш апалітычнага чалавека, як ты, я не ведаю! Дзіўлюся, як ты ў партызанах апынулася.

— Ах, які палітык! Які змагар! — Пятра надзвычай уразіла, што Саша прыжмурылася гэтак жа, як Анісімаў, i такія ж саркастычна-гнеўныя іскрынкі скакалі ў яе вачах. — Выходзіць, адзін ты свядомы, а мы — сляпыя кацяняты, бяздумна ідзём за табой, свядомым! — I не вытрывала — сарвалася, крыкнула: — Ты сваіх баб мацаў, калі другія ішлі на смерць! Герой спаднічны!