Як звычайна, ён позна заседзеўся за гісторыяй. Саша лягла рана. Здавалася, што яна даўно спіць. Ды раптам гарачыя рукі абвілі яго шыю. Пятро нават не пачуў, калі жонка злезла з ложка, падышла да яго.
Ён пацалаваў яе руку.
— Ты не спала?
— Не.
— Што табе не спіцца сёння?
— Я думала.
— Пра што?
— Пра нас. Я хачу табе нешта сказаць.
— Прыемнае ці непрыемнае?
— Не ведаю. Як каму.
— Не муч загадкамі.
Аднак яна доўга маўчала, як бы не адважваючыся сказаць адразу, i ў Пятра нядобра сціснулася сэрца: няўжо зноў што-небудзь такое?
— У нас будзе дзіця.
Нічога асаблівага: дзіця не першае, жылі яны так, што гэтага трэба было чакаць, неаднойчы гаварылі, што адно дзіця — не сям'я. Але ўсё адно нечаканае Сашына паведамленне неяк дзіўна ашаламіла яго — устрывожыла i ўзрадавала. Сэрца — як сарвалася з месца. Слухаючы бурны водгук свайго сэрца, Пятро не адразу знайшоў, што адказаць.
— Ты не рады?
Ён зразумеў, што паводзіць сябе недарэчна. Падхапіўся, прытуліў жонку да сябе, пацалаваў.
— Што ты! Я вельмі рады.
Яна адвяла рукамі яго галаву, пільна паглядзела ў вочы:
— Толькі не мані. Я хачу ведаць…
— Сашок, мілая! Як ты можаш? Зноў ты думаеш пра мяне бог ведае што!
— Не баішся, што дзіця перашкодзіць табе вучыцца?
— Не баюся. Цяпер мне нішто не перашкодзіць!
— О, ты не ведаеш, што такое малое дзіця! У адным пакоі… Без нянькі — нельга, узяць няньку — яшчэ больш тлуму. I расходы… — Саша ўздыхнула.
— Дробязі цябе турбуюць. Аўчаровы пабудуюць сваю хату — зоймем ix пакой. I не заўсёды ж нам будзе так цяжка!
Яна прыхінулаея да яго, памаўчала, потым сказала вельмі ласкава:
— Не бойся. Я ўсё вазьму на сябе, абы ты вучыўся.
З таго вечара пачалося. Праводзіў урок — i думаў пра Сашу. Ішла яна ў другую вёску — ён ішоў насустрач. Не бачыць яе дзве-тры гадзіны была пакута. I, наадварот, была асалода — сядзець у кабінеце старшыні сельсавета i хоць за сцяной, у медпункце, чуць яе голас. Дома ён не даваў ёй прынесці вядра вады. Саша смяялася з такой празмернай клапатлівасці.
I вось — зноў. Калі ж яна шчырая? Ці не прымушае яна сябе быць добрай i закаханай? Не, так прытварацца нельга! Саша ва ўсім натуральная — у каханні i нянавісці, у чуллівасці i злосці. Урэшце, сам ён — добрая цаца, першы пры людзях груба накінуўся на яе: не вучы, маўляў, мяне i ўвогуле не для твайго жаночага розуму гэтая справа. Натуральна, што жанчына, ды яшчэ ў такім стане, не магла стрываць.
Дамастроевец! Феадал!
Так было ўжо неаднойчы: пасля нядоўгага, але пакутлівага роздуму, які звычайна пачынаўся самым гнеўным абвінавачваннем жонкі i клятвай, што цяпер, пасля такога, ён ні за што першы не пойдзе на прымірэнне, Пятро, дэталёва прааналізаваўшы прычыны сваркі, урэшце прыходзіў да высновы: вінаваты ён сам. Ад чаго так здарылася? Ад слабасці, бязвольнасці ці, наадварот, ад сілы — ад сілы яго кахання?
Ва ўсякім разе, калі i тут, лежачы побач з Бабковым на возе, на пахучым сене, Пятро прыйшоў да думкі, што вінаваціць трэба не Сашу, а сябе, яму адразу зрабілася лягчэй.
Перастала раздражняць вясёлая балбатня Грамыкі i Балотнага. Услухаўся ў яе — i пачаў патроху «падыгрываць» Панасу, які кпіў з панурага Івана Дзямідавіча.
У райкоме, акрамя вартаўніка — бязногага інваліда, не было ніводнай душы.
— Усе ў калгасах. Анісім Пятровіч усіх паслаў. З усіх устаноў.
Гэта трохі здзівіла: у ix калгасы, за нейкія дзесяць — пятнаццаць кіламетраў ад райцэнтра, чамусьці амаль к вечару не дабраўся ні адзін упаўнаважаны.
Пятро адразу падумаў, што ніякага бюро не будзе, што самае большае — вернецца Анісімаў i ўчыніць ім «разнос». Ён сказаў пра гэта «сябрам па няшчасцю». Бабкоў павесялеў ад такой перспектывы: адзін Анісімаў нічога не запіша, a словамі няхай разносіць колькі хоча — не прывыкаць.
Мінула шэсць гадзін… Сем… Стрэлкі ходзікаў у прыёмнай папаўзлі далей. Зайшло сонца. Пачало змяркацца. Спахмурнеў Балотны, скручваў з кожным разам усё таўсцейшыя цыгаркі з такога пякучага самасаду, што Пятру, які не курыў, дым раздзіраў лёгкія; прыпальваў новую цыгарку ад свайго ж недакурка. Больш злосна жартаваў Грамыка. Адзін Бабкоў весялеў. Яны як бы павольна мяняліся роляMi: цяпер ужо Іван Дзямідавіч бяскрыўдна кпіў з Панаса, прыгадваючы «тую смакату», што асталася на стале ў яго хаце.
— Бабы нашы ласуюцца недзе, чортавы балаболкі.