Выбрать главу

Яшчэ больш, чым знадворку, уразіла хата ўсярэдзіне.

Вялікая i пустая, як стадола. Нават ложка не было. Стол грубы, з негабляваных дошак, на козлах, ды ўслон — доўгі, стары, адглянцаваны да бляску; пустая паліца на задняй сцяне, пад ёю — маленькая, счарнелая ад вільгаці лаўка, на ёй — драўлянае вядро. I ўсё.

Хата не атынкована, між пачарнелых, патрэсканых бярвенняў вытыркаў мох, i гэта яшчэ больш надавала здзічэласці, першабытнасці. Аб наяўнасці жыцця i людзей, бадай, сведчыла адна печ, свежапабеленая, відаць, перад Вялікаднем. Напэўна, каля яе i на ёй, на гэтай печы, ішло ўсё жыццё. Бо i цяпер, хоць на дварэ шумела вясна, квітнеў май, двое хлапчукоў, год пад дзесяць i сем, ляжалі на печы i, як звяркі, цікаўныя i спалоханыя, пільна сачылі за кожным рухам Бабкова i Шапятовіча. A ніжэй, на ляжанцы, абкруціўшы галаву нейкай бруднай анучай, сядзела, як здзічэлая сава, старая — сівая, з чырвонымі запалёнымі вачамі, у лахманах.

Увайшоўшы ў хату, Бабкоў не павітаўся, як звычайна. Пятро таксама змаўчаў. I ім ніхто не сказаў ні слова. ТольKi маладзейшая гаспадыня, паліцаева жонка, кабета высокая, буйная, але худая — адны маслы тырчалі,— змахнула з услона фартухом пыл, як бы запрашаючы сесці. Ды яны не селі. Стаялі. I яна стаяла каля печы, скрыжаваўшы на грудзях рукі. Чакала, што скажуць.

— Падпішыцеся на пазыку! — не сказаў, не папрасіў, а загадаў Бабкоў.— Трэба адбудоўваць тое, што спаліў ваш бандзюга.

«Сава» насцярожана ўстрапянулася, узняла галаву. Вусны паліцаіхі скрывіліся ў дзіўнай ухмылцы:

— А вы яго знайдзіце i падпішыце.

Бабкова ажно перасмыкнула ўсяго ад такой нахабнасці, ён тузануўся адразу ўсім целам, махнуў рукамі, закрычаў:

— Зловім! I падпішам! Прыгавор! Толькі нагамі дрыгне ў пятлі! Тут жа, на вуліцы, i павесім, сабаку! Перад усім народам!..

На печы заплакаў малы:

— Мамка, я баюся!

Пятра скалануў гэты плач, шкада стала дзяцей. Падумаў, што ім, прадстаўнікам улады, нельга так гаварыць пры дзецях.

Амаль загадаў Бабкову:

— Іван Дзямідавіч! Прытрымайце нервы!

I той схамянуўся. Сказаў хлапчуку:

— Не бойся, дзетка, ніхто цябе не кране! Мы — не такія!.. Гэта твой бацька дзяцей страляў!

— Не страляў ён дзяцей! Не страляў! — раптам прастуджаным, ахрыплым голасам гукнула старая. Быў яе крык такі неспадзяваны, што Шапятовіч аж уздрыгнуў.

— Страляў! — зноў сарваўся стары партызан. — Увесь атрад ix быў у тую ноч. Дзяцей Рыгора Сівалоба ён… ваш… застрэліў. Усе на судзе пацвердзілі!

— Не! Не! Не! — упарта i страшна адмаўляла маці забойцы.

Магчыма, яна доўга пераконвала сябе ў гэтым. Можа, кроў дзяцей не давала ёй сну i спакою.

Старая гэтая, у якой, відаць, памуцілася ў галаве, i наогул уся сцэна зрабілі на Шапятовіча вельмі цяжкае ўражанне. Ад размовы пра забойства дзяцей на хвіліну нават зрабілася як бы млосна — закружылася ў галаве.

— Іван Дзямідавіч, пайшлі.

— Ды не, яны падпішуцца! — пераканана заявіў Бабкоў i сеў на ўслон, пачаў расшпільваць сваю палявую сумку. — У ix, гадаў, золата закапана. Ён усе яўрэйскія дамы аграбіў, кал i няшчасных на смерць пагналі. I дом гэты з мястэчка перацягнуў. Канфіскаваць даўно трэба! Колькі разоў казаў пракурору. Людзі ў зямлянках жывуць… Не менш тысячы i — усе наяўнымі! Душа з ix вон! Ясна? — звярнуўся ён да маладзіцы.

Яна зноў скрывілася — перакасіўся твар ад усмешкі ці ад нервовага спазму, але Пятру чамусьці здалося, што ўсмешка гэтая не пакутлівая, a здзеклівая.

— У мяне капейкі за душой няма.

— Тыдзень назад краму ў Прылуках абрабавалі. Дык я баюся, што палавіна дабра таго ў цябе закапана.

— Пашукайце!

— Пашукаем! I знойдзем! Гэта ix работа… твайго!.. Ён далека не пайшоў, тут, шыбенік, валацуга, блукае. Даблукаецца! Вяровачка даўно плача па ім!

— Мамка!

— Цыц! Дык злавіце яго!

— Зловім!

— He страляў ён дзяцей! Не! Не!

— Суд разбярэцда.

— Ну, дык я чакаю! Чуеш? — Бабкоў пагрозліва стукнуў кулаком па стале.

— Іван Дзямідавіч!

Звычайна далікатны i ветлівы з ім, Пятром, Бабкоў зноў груба адмахнуўся:

— Не мяшайся, сакратар! Тваё дзіця жывое.

Старая раптам спаўзла з ляжанкі, пашкрэбала да дзвярэй, кульгаючы, цягнучы за босай, з вузлаватымі пасінелымі пальцамі правай нагой левую, абкручаную бруднымі анучамі. Яны са здзіўленнем i неразуменнем паглядзелі ёй у спіну. Што з ёю? Жывот схапіла, ці што? Ці пратэстуе так? У качарэжніку захапіла качаргу. Навошта?