Выбрать главу

Бабкоў раптам зусім сціх. У яго пайшла з носа кроў — ці то ад стомленасці, ці то ад нервовай узбуджанасці.

— Ну, во… бачыш? — прахрыпеў ён з крыўдай, як хлапчук, якому расквасілі нос. — Прымірыцель!..

Іван Дзямідавіч злосна абшморгваў з альховых кустоў маладое ліпучае лісце, прыкладваў да носа. Пятро не адразу здагадаўся, што ў старога няма нават насавой хустачкі. Прапанаваў сваю. Той узяў.

Падышлі да рэчкі. Бабкоў спусціўся да вады, каб умыцца. Пятро прысеў на беразе, на грудку. Потым лёг. I адчуў такую стомленасць, што на нейкі міг калыхнулася зямля i закружылася зорнае неба. Не ўсё неба — зоркі, тыя, што загарэліся ўжо. Нарэшце i яны стал i па сваіх месцах i пачалі весела міргаць. Пятро сумна ўсміхнуўся ім, зоркам, i заплюшчыў вочы.

Плескала вада. Крумкалі недзе лягушкі, не вельмі яшчэ зладжана i назойліва, як бы пасля зімовай спячкі спрабавалі галасы. Яшчэ далей «драў дранку» дзяркач. Але ўсе гэтыя звыклыя гукі зямлі i ночы не парушалі вялікай цішы сусвету.

Пятро пачаў думаць аб невымернасці сусветнай прасторы, аб тым, што не толькі ён i ўсе людзі, усё чалавецтва, але нават уся планета наша — пылінка ў бездані космасу.

Ён навучыўся ў цяжкія хвіліны думаць пра абстрактный рэчы, гэта хораша супакойвала, настройвала на гэткі — часам высокафіласофскі, часам прыземлена-гумарыстычны — лад. Але тут не атрымалася: у цэнтры сусвету, які ён хацеў уявіць, працягвалі нязрушна стаяць людзі — тыя, з якімі сустрэўся за дзень, i наперадзе гэтых людзей — чалавек, што трапіў на вочы апошні,— Рыгор Прышчэпа. Не, не Рыгор — дзяўчынка, яе крык: «Тата! Не трэба! Татачка, родненькі!» — засланяў i запаўняў сусвет, усю галактыку.

Пятро расплюшчыў вочы. На небе можна было ўжо разгледзець цьмяны шлейф Млечнага Шляху — зорны мост. Ён прыгадаў свой мост. Падумаў: «Што мяне трымае тут? Што прывабіла? Гісторыя? Але каб вывучыць яе, зусім не трэба хадзіць з Бабковым збіраць падаткі, падпісваць на пазыку. Цяпер будуецца столькі мастоў. Я даўно мог быць на адной з гэтых будоўляў. Няхай ён не мой, але ўсё адно мост. Не зорны, не ўяўны. Сапраўдны, па якім пойдуць людзі на другі бераг. А што я тут збудую?»

Бабкоў сеў побач, заціснуўшы мокрай хустачкай нос.

Можа, ад таго, што нос заціснуты, дыхаў цяжка — выдыхаў паветра астматычна, са свістам.

Не павярнуўшы галавы i зноў заплюшчыўшы вочы, Пятро спытаў:

— Што ты думаеш рабіць?

— З ім? З контрай гэтай? Заўтра ж пазваню Булатаву, ён з ім пагаворыць…

Пятро памаўчаў… Зноў «убачыў» i яго, інваліда, i дачку, вучаніцу пятага класа, «угледзеўся» ў ix больш пільна.

«Колькі ў яго яшчэ дзяцей? Запытаць заўтра ў Галі. I — на што хварэе маці?»

Жонкі Прышчэпавай ён не ведаў, i на яго глядзелі нейкія абстрактный жаночыя вочы, сумныя, спакутаваныя. Ад позірку гэтых вачэй зрабілася страшна. Ён рыўком падняўся, голасна сказаў:

— Не ўратавалі Запечку. Пасадзім Прышчэпу. Асірацім яшчэ адну сям'ю. Мала ix, сірат?!

Дзіўна — Бабкоў не адказаў. I цяжка дыхаць перастаў. Як бы замёр. Доўга маўчаў.

— Іван Дзямідавіч!

Стары хрыпла вылаяўся:

— Пайшоў ты!.. Думаеш, у мяне сэрца няма? Яно — як вугаль, але жывое яшчэ! Не камень! Во… б'ецца i баліць… Баліць за ўсё! I за сірат! — I нечакана, без усялякага лагічнага пераходу, прапанаваў: — Хадзем нап'ёмся.

— Дзе?

— У Капыла. У гэтага гада вёдры самагонкі.

* * *

Пятро піў i… не п'янеў, ва ўсякім разе, не весялеў, як звычайна, а, наадварот, рабіўся ўсё больш пануры, злосны. Ён, як i многія другія, недалюбліваў сакратара сельсавета. Ідучы сюды, выказаў Бабкову гэтую сваю антыпатыю да чалавека, да якога яны так нечакана рашылі завітаць знянацку ў госці.

Іван Дзямідавіч адказаў:

— Думаеш, я люблю яго?

— На чорта ж мы трымаем такога ў сельсавеце?

— Я да цябе яшчэ хацеў турнуць, але ў раёне сказалі — не чапаць. Работу ён ведае. I людзей. Даваенны кадр.

Пакуль не садзіліся за стол, Пятро проста іранічна пасміхаўся з ліслівай i яўна фальшывай Халімонавай радасці з прычыны «такіх дарагіх гасцей», з яго мітуслівых завіханняў па хаце, сыканняў на жонку, на дачку: хутчэй на стол! A выпілі па першай, па другой, не па чарцы — па шклянцы, i не самагонкі, a разбаўленага спірту, i вось найшла на яго гэтая панурасць.

Раздражняла ўсё: назойлівыя запрашэнні гаспадара «пакаштаваць сальца, мядку», страў, якіх ён, Пятро, даўно не бачыў,— сала, кілбаса, яйкі, тварог, пахучы чысты хлеб у гэтую галодную вясну, кал i большасць людзей не маюць бульбіны; фікусы з двух бакоў стала, што выраслі да столі, як лес, — сядзелі, як у джунглях; гара вышываных падушак на нікеляваным ложку; новыя шпалеры, якімі, відаць, зусім нядаўна абклеілі сцены гэтай чыстай палавіны хаты; фатаграфіі на сценах, мноства фатаграфій. Раздражнялі нават партрэты генералісімуса. Ix было ажно два: вялікі плакат на ўвесь прасценак паміж вокнамі i зашклёны, у дубовай рамцы, у куце — на тым месцы, дзе звычайна ў сялянскай хаце вісяць абразы.