Выбрать главу

А Аня прадаўжала выказваць думкі аб жаночым лесе:

— Жыта вунь якое вырасла! Кажуць, перад вайной заўсёды добры ўраджай. Хутка жніво… A ў кал raca ніводнага мужчыны, акрамя самых старых ды малых, не астанецца. Нашымі, бабскімі, рукамі трэба будзе ўсё падняць… Каб i арміі хлеба было, i дзеці з голаду не пухлі. Цяжка нам будзе, Шурачка.

Саша, захопленая сваімі ўласнымі думкамі, слухала няўважліва. Яны ўз'ехалі на ўзгорак, i позірку адкрылася ўся ix вёска ў зеляніне садоў. Наперадзе — зноў лагчына. Конь фыркнуў i пабег трушком. Сады i хаты пачалі апускацца i нарэшце зніклі зусім, а бярозы на могілках усё былі відаць. Саша глядзела на ix i думала: схаваюцца яны ці не? Ёй чамусьці захацелася, каб хоць з аднаго месца не было відаць могілак. Бярозы не схаваліся, i яна сказала:

— Нашы могілкі адусюль відаць. Як гэта нядобра. Нічога не відно, адны могілкі…

Аня здзіўлена паглядзела на яе.

Саша думала, што ў вёсцы ў гэты вечар будзе вельмі шумна, бо нават тады, калі ішоў звычайны мірны прызыў i ў арMiro ішлі бязвусыя юнакі, заўсёды напярэдадні было нямала п'яных, многа песень i крыкаў. А цяпер жа ідуць людзі ўсіх узростаў, ідуць на вайну, магчыма, многія на смерць. Але, на здзіўленне ёй, у вёсцы было ціха. Яна падумала, што, можа, гэта таму, што многія пайшлі ўжо, не чакаючы позваў ваенкамата. Аднак яе ўразіла гэтая цішыня i яшчэ тое, што знешне ўсё аставалася такім жа, як звычайна. Павольна згасаў летні дзень, толькі захад здаўся ёй занадта пунсова-крывавым, але гэта, мабыць, ад уяўлення, што недзе ў той старане сапраўды льецца кроў.

Ляніва прайшоў статак, як заўсёды, каровы неслі свае цяжкія, налітыя малаком вымі, рыкалі каля двароў. Гаспадыні заганялі ix у хлявы, бразгалі дайніцамі. Потым Саша адчула, што цішыня гэтая незвычайная, а таму страшная. Яна не адразу зразумела, што робіць цішыню такой напружанай, страшнай. Толькі калі выйшла на вуліцу, тады зразумела: няма вясёлага гоману дзяцей. Звычайна ў такі ясны летні вечар усюды — на кожнай вуліцы, на выгане, каля сажалкі, на калГасным стадыёне — гуляюць дзеці, усюды ix смех, крыкі, гоман. У гэты ж вечар дзяцей нідзе не было, i ад гэтага рабілася жудасна; Саша адчула страшны подых вайны. Якое ж гэта вялікае гора, калі яго зразумелі, адчулі нават дзеці, самыя маленькія нават! Яна прайшла па вуліцы. Не, не ўсе яшчэ пайшлі на вайну. У многіх хатах свяціліся вокны (звычайна ж лямпы сярод лета ніхто не запальвае). Дзе-нідзе сядзелі за сталамі, пілі, але гаманілі не па-п'янаму крыкліва, a ціха i разважліва, спявалі таксама ціха i сумна. Дзе-нідзе гэтак жа ціха плакалі жанчыны…

Раніцой разам з усімі Саша праводзіла мужчын у ваенкамат. Машыны з Рэчыцы не вярнуліся, i другая партыя прызыўнікоў ехала на фурманках. Па пыльнай палявой дарозе, паміж жытоў, павольна рухаўся абоз. Але на вазах сядзелі толькі ездавыя-хлапчукі ды на адным — крыху п'янаваты гарманіст. Усе іншыя ішлі следам: самі заўтрашнія воіны, ix маці, жонкі, дзеці — даволі вялікі натоўп. Амаль усе трымаліся сем'ямі, i паміж імі ішла Саша з дзіцем на руках.

Старая жанчына, якая праводзіла адразу двух сыноў, клапатліва сказала:

— Вы не ішлі б, доктарка, так далека, цяжка вам яшчэ. — I, адхінуўшы марлечку, заглянула ў тварык малой. — Ды i ёй шкодна — вунь якую пылюку паднялі.

— Я трохі прайду, — вінавата сказала Саша.

Яе цягнула правесці гэтых людзей, з якімі яна за два гады працы вельмі зблізілася. Цягнула яшчэ таму, што яны ідуць на дапамогу яе ГІецю, што яны стануць побач з ім i будуць абараняць яе, Ленку, усіх дзяцей, жанчын ад страшнага ворага. А яшчэ яна ўспамінала, як па гэтай жа дарозе менш за год назад яны ішлі з Пятром. Ад усяго гэтага хацелася плакаць. Але яна стрымлівалася, бо навокал не плакала ніводная жанчына. Многія, праўда, выціралі рагамі хустак слёзы, але ўголас не плакалі. Размаўлялі ціха, кожны пра сваё:

— Наташа, парсюка ты закалі, каб дзеці на нішчымніцы не сядзелі…

— Добра, Ваня, ты не клапаціся пра нас, ты сябе глядзі, асцярожны будзь.

— Тата! А ты забі гэтага Гітлера ды i вяртайся хутчэй.

— Добра, сынок. Я заб'ю яго, гада. А ты маму слухай, Любку пільнуй.