Можа, i абышліся б гэтыя праводзіны без гучнага плачу i галашэнняў, хіба толькі ў самую апошнюю хвіліну жанчыны не стрымаліся б, ды падвёў гарманіст. Ён доўга жартаўліва размаўляў з дзяўчатамі, што ішлі побач з ім, а потым неяк нечакана для ўсіх расцягнуў мяхі свайго гармоніка, зайграў i заспяваў старую-старую песню, якую кожны спяваў i чуў тысячу разоў. Але калі яе спявалі на мірнай бяседзе, то нікога яна асабліва не кранала — ці мала спяваецца ўсялякіх песень! A ў такі час…
Як яна разанула па сэрцах, гэтая песня! Адразу загаласілі жанчыны, заплакалі дзеці. А Саша адчула, як ёй стала вельмі цяжка дыхаць — так цяжка, што яна баялася, што ўпадзе, таму выйшла з натоўпу i села на абочыне дарогі на пыльную траву, якраз там, дзе канчалася жыта i пачынаўся лён, зялёнае мора льну, таксама надзіва высокага i густога. Каб неяк супакоіць сябе, яна дала малой грудзі…
«Ленка, дачушка ты мая родная! Як добра, што ты з'явілася на свет. Ты мая адзіная радасць у гэтыя чорныя дні».
Раптам Саша адчула, што нехта стаіць i глядзіць на яе. Яна інстынктыўна закрыла далоняй грудзі, узняла вочы. На дарозе стаяў Уладзімір Іванавіч з мяшком за плячамі.
— Карміце, Аляксандра Фёдараўна. Не саромейцеся… Гэта — святое, — ціха сказаў ён, адводзячы позірк.
Саша адняла дзіця ад грудзей, зашпіліла кофтачку i хутка ўстала з зямлі. Яна адразу зразумела, што ён даганяе іншых прызыўнікоў, але чамусьці спытала:
— I вы?
— Мне няма яшчэ павесткі. Але я не магу чакаць, вы разумееце… Такі час! А я афіцэр запасу, лейтэнант… Камуніст…
— Я разумею, — уздыхнула Саша. — Але гэта так цяжка — праводзіць на вайну…
— Нічога, Аляксандра Фёдараўна, — бадзёра суцешыў яе настаўнік. — Хутка вы будзеце сустракаць нас з перамогай! Пры магутнасці нашай Чырвонай Арміі, я ж служыў, ведаю… дык мы гэтага Гітлера… Кажуць, што нашы пад Варшавай ужо.
Учора, калі Саша ад'язджала з бальніцы, Марыя Сяргееўна, у якой аставаўся яшчэ прыёмнік i якая разумела панямецку, сказала ёй па сакрэту зусім іншае, i Саша чамусьці паверыла ёй, хоць ніколі раней не сумнявалася ў магутнасці сваёй Радзімы. Яна нікому пра гэта не гаварыла. Але цяпер у размове з настаўнікам, якога лічыла разумным i паважала i які ішоў на вайну, не ўтрымалася i сказала нават жорстка:
— Ведаеце, Уладзімір Іванавіч, робіцца непрыемна, калі гавораць такія гучныя словы… Навошта? Вайна — не гульня. Вайна — смерць i гора.
Ён не запярэчыў, толькі як быццам збянтэжыўся i спытаў пра іншае:
— Дачка, сын?
— Дачка.
— Цяжка вам будзе.
— Я не скарджуся на свой лес. Я радуюся, што яна з'явілася.
Уладзімір Іванавіч паглядзеў на гадзіннік.
— Трэба даганяць, а то прыйдзецца пехатой да Рэчыцы, — сказаў ён бадзёра, рухам плячэй папраўляючы мяшок. — У мяне маці занядужала… адна асталася… Паглядзіце яе, калі ласка, Аляксандра Фёдараўна. — Голас яго задрыжаў.
— Я пагляджу… Вы не турбуйцеся, — паабяцала Саша i раптам адчула нейкую амаль мацярынскую пяшчоту да гэтага чалавека.
Ён працягнуў правую руку, яна ж правай трымала дзіця. Тады яна зрабіла крок да яго, абняла левай рукой за шыю i пацалавала ў лоб. Ён адступіў, здзіўлены, i Саша ўбачыла, як бліснулі слёзы ў яго вачах. Ён ціха сказаў:
— Дзякую вам, — i хутка закрочыў па пыльнай дарозе, а Саша пайшла ў бок вёскі i не азірнулася. Яна падумала пра тое, што гэта нядобра — цалаваць чалавека, які ідзе на вайну, у лоб. Як нябожчыка.
Яна ў той жа дзень наведалася да яго маці. Увогуле, ёй хацелася працаваць як мага больш, каб ні хвіліны не сядзець склаўшы рукі. Але ў амбулаторыю ніхто не прыходзіў, быццам усе яе хворыя адразу ачунялі. Спачатку яна здзіўлялася, потым зразумела: калі прыйшла такая бяда, людзям не да сваіх маленькіх хвароб; з драбязой сорамна ісці ў такі час, а сэрцы i галовы баляць ва ўсіх. Праўда, прыйшлі два чалавекі, якія атрымалі позвы з ваенкамата, i прасілі даведкі, што яны хворыя, не могуць з'явіцца на прызыўны пункт. Выгляд ix не гаварыў, што яны хворыя. Саша не стала ix слухаць i даведак не дала. Мужчыны прыгразілі. Гэта яе страшэнна ўразіла. Здаралася, што i раней яна не давала даведак, але ніхто ніколі не пагражаў ёй. Так прайшоў дзень, другі… Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі i шыла штонебудзь для дзіцяці, хоць усяго было нашыта яшчэ да родаў.
Вайна не далятала ў ix ціхі куток. Нават варожых самалётаў яны не бачылі ў першыя дні. Зрэдку праляталі на захад нашы самалёты, i гэта ўсіх радавала. Толькі на досвітку чацвёртага дня яны пачулі яе, вайну. Фашысцкія самалёты бамбілі рэчыцкія маеты цераз Дняпро. Вяртаючыся з бамбёжкі, яны ішлі над самай вёскай, вельмі нізка над садаMi i стрэхамі, ад ix гулу дрыжалі i тузаліся паветра i зямля. Пачуўшы выбухі, Саша схапіла Ленку, выскачыла на гарод i легла ў бульбянік. Ад ранішняй вільгаці i страху яе пачала біць ліхаманка. Вярнуўшыся ў хату, калі самалёты праляцелі, яна доўга не магла сагрэцца i супакоіцца.