Выбрать главу

— Адна пойдзеш? — спытала, памаўчаўшы, Аня.

— З Ленкай.

— З Ленкай! У тым i бяда, што з Ленкай. Каб адна — свет вялікі, ідзі, куды хочаш. А так… — Аня зноў памаўчала, падумала, потым ціха сказала: — Я пайду з табой. Правяду. Усё-такі не ад ной…

Пачуццё гарачай удзячнасці да гаспадыні захлынула Сашу; расчуленая, яна нават не магла выказаць словамі гэтай удзячнасці i, праглынуўшы слёзы, сказала:

— Вас свае дзеці чакаюць, Аня.

— Пачакаюць. Не маленькія, — адказала жанчына i моцна тузанула лейцамі, ляснула пугай — пагнала каня наўскач.

У Анінай сваячкі, куды яны заехалі, каб пакінуць каня, Саша з ліхаманкавай паспешлівасцю выбрала з рэчаў самае неабходнае — пялёнкі, кашулькі, пару сваіх плаццяў.

— Гэта ўсяго? — здзівілася Аня, убачыўшы ў яе руках зусім невялічкі клунак.

— А што мне трэба, акрамя Ленкі!

— Табе не трэба, ёй трэба, — з гаспадарскай разважлівасцю запярэчыла Аня. — Ты, Шурачка, быццам жыць не думаеш. A ў жыцці ўсё спатрэбіцца.

Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе за плечы.

Дарэмна Саша прасіла не браць так многа — яна i слухаць не стала, а яшчэ сама дакарала:

— Ідзеш у такую дарогу, а нават што есці не ўзяла. Святым духам ды малітвамі не пражывеш, Шурачка.

Яна дала Сашы клуначак з ежай, напхала сабе ў кішэні яшчэ нейкіх маленькіх пакункаў, бутэлечак.

Па вузкай крутой сцежцы яны спусціліся да Дняпра. Плынь ракі, як заўсёды, была спакойная i велічная. Прыемна пахла вадой i рыбай. I Саша на момант супакоілася, адагнала свой панічны страх. Але праз момант вайна i небяспека зноў напомнілі пра сябе. Напомнілі дзіўным чынам, нечакана i па-свойму жахліва. Стары пануры лодачнік з ускудлачанай барадой запрасіў у ix за перавоз цераз раку сто рублёў.

— Пабойся Бога, чалавеча! Ці пры сваім ты розуме? — накінулася на яго Аня. — За два рублі перавозілі…

— Я i па рублю перавозіў. А цяпер i за сто не хачу. Навошта яны мне, грошы? Што я за ix куплю? Пляшкі гарэлкі нідзе не дастанеш. Заўтра ім, можа, наогул ніякай цаны не будзе, грошам гэтым.

— Але ж май сумленне, стары чалавек! Жанчына з грудным дзіцем ад вайны ўцякае…

«Навошта яна так гаворыць — «уцякае»?» — спалохалася Саша. Слова гэтае непрыемна ўразіла яе, упершыню падумалася, што, магчыма, усе — жанчыны ў вёсцы, Марыя Сяргееўна i вось яна, Аня, — зразумелі яе ад'езд іменна так — уцякае.

— Я не ўцякаю. Я іду дадому, да сваіх. Кожнаму хочацца быць бліжэй да сваіх. — Саша выхапіла з кішэні хустачку з грашыма, развязала вузялок зубамі i працягнула старому грошы — усе, колькі там было. Але замест таго, каб узяць ix, стары груба вылаяўся:

— Што ты сунеш гэтулькі грошай? Што я табе, хапуга які? Не павязу!

Саша, пасаромленая, разгубленая, спалохалася яшчэ больш, са слязамі ў голасе папрасіла:

— Дзядуля, родненькі… Што ж нам рабіць цяпер? Назад ісці?

Ён адвярнуўся, чмыхнуў носам i сурова загадаў:

— Сядайце!

Калі адплылі, стары неяк адразу палагаднеў, спытаў, адкуль ідзе маладзіца i ці далека ёй ісці. Саша назвала сваю вёску.

— Э, гэта недалёка! — быццам узрадаваўся стары. — Добры хадок да ночы дайшоў бы.

Ix, відаць, ён не лічыў добрымі хадакамі, а на Аню паглядаў даволі коса, i жанчына, каб не злаваць гэтага наравістага старога, дыпламатычна маўчала, хітра пасміхаючыся.

— А чалавек дзе? — спытаў стары, кіўнуўшы на дзіця.

— На вайне, дзядуля.

— Правільна, такой маладой з дзіцёнкам лепш каля роднай маткі быць. Свякруха — не маці.— Відаць, Аню ён палічыў за свякруху i хацеў дапячы ёй.

Саша не сказала, што маці ў яе няма, але адчула, як балюча сціснулася сэрца ад такога напамінку. Што яе чакае дома, хто яе стрэне там?

Яны былі на сярэдзіне ракі, калі пачулі гул самалётаў. Ён хутка мацнеў, набліжаючыся аднекуль з поўдня.

— Яны, — сказаў лодачнік i пачаў вельмі шпарка грэбці, стукаючы вяслом аб лодку i пырскаючы. Човен, які дагэтуль ішоў роўна i проста, пачаў віляць. Саша бачыла, што ў старога трасуцца рукі.— Учора ў Чапліне паромшчыка забілі, душагубы.

Пачуўшы гэта, Саша адразу зразумела небяспеку, якая пагражае ім.

«Няўжо гэта канец? Дачушка мая родная!»

Яна заплюшчыла вочы. Каб заткнуць вушы! Каб не чуць гэтага страшнага гулу, што, здаецца, тузае i гойдае ўсё навокал: паветра, раку, човен, яе рукі, яе мозг. Гул пераходзіць у нейкі прарэзлівы звон i свіст. Не, трэба глядзець на гэта, трэба ўсё бачыць. Ад смерці не схаваешся. Саша расшпошчвае вочы. Над самай кручай, над белым будынкам бальніцы, над таполямі, пад якімі яны сядзелі раніцой, ляцяць доўгія самалёты.