Выбрать главу

Даніла — шаснаццацігадовы брат Сашы, зразумеўшы ўсё, моўчкі паказаў вачамі на хворую сястру, i сцятыя вусны яго дрогнулі.

Камандзір паспрабаваў усміхнуцца:

— Такі салдацкі лёс, Данік. Сёння тут, заутра там…

Саша, якая запалёнымі вачамі напружана сачыла за кожным рухам камандзіра, устрапянулася, імкліва села на ложку.

— Вы адступаеце? Вы пакідаеце нас? Няўжо вы не маглі ўтрымаць ix на Дняпры i Сожы? На такіх вялікіх рэках?.. Божа мой!

— Супакойцеся, Аляксандра Фёдараўна, — не ўзнімаючы вачэй, сказаў камандзір. — Мы трымаемся, але мяне пераводзяць на другі ўчастак… Я зайшоў…

— Вы хлусіце! — закрычала Саша. — Навошта вы хлусіце? Каму вы хлусіце? Сваім людзям?.. Сестрам, маткам?.. Яны захапілі Гомель? Так? Не кажыце мне, я ведаю, чаму сёння не чуваць кананады… Вы адступаеце. Уцякаеце… Кідаеце нас… Дык i я іду з вамі!.. Я не астануся з гэтымі звярамі!.. Не! — Яна ўсхапілася з ложка. — Я не хачу, каб яны зноў павялі нас на расстрэл…

Старэйшая сястра Поля кінулася да яе, абняла, намагаючыся ўкласці на ложак.

— Саша, родная мая, куды ты пойдзеш? Ты ж на нагах не стаіш… Ты зусім хворая…

— Не чапайце мяне, — ірванулася Саша. — Вы хочаце, каб яны забілі маю дачку? Усе вы баязліўцы! Вы баіцёся кінуць гэтую трухлявую хату! «Бацькаў дом!..» А яны прыйдуць i спаляць ваш дом, заб'юць вас!.. Пабачыце тады!..

— Сястра! Не адны мы астаёмся… Народ астаецца! — дрыготкім гол асам, але па-мужчынску цвёрда i разважліва сказаў Данік.

Саша нікога не слухала, яна хутка збіралася ў дарогу: надзела лепшае плацце, чаравікі, хустку, прагледзела дакументы, якія ўзяць.

За акном паклікалі:

— Таварыш капітан!

Ён зняў пілотку, нахіліў галаву, уздыхнуўшы, прамовіў:

— Бывайце… — Потым ціха сказаў Сахпы: — З войскам вам няможна. Ды i наогул позна… — I так, з непакрытай галавой, ступаючы зусім нячутна, быццам крадучыся, выйшаў з хаты.

Поля, убачыўшы, што Сашу не ўтрымаць, схапіла з калыскі дзіця i рашуча сказала:

— Не дам Ленку! Забі — не дам! Ты хочаш загубіць яе? Чым ты яе карміць будзеш? У цябе ж няма малака! Ды i куды ты пойдзеш цяпер? Чула, што сказаў капітан?..

Саша каля стала паспешліва складала ў старую хустку дзіцячыя рэчы; пры словах сястры яна выпрасталася, застыла са старэнькай, засціранай пялёнкай у руках, са страхам i здзіўленнем паглядзела на сястру, якая трымала Ленку.

— Як людзі, Саша, так i мы, — зноў па-філасофску разважліва зазначыў брат. — Не будзем адрывацца ад людзей…

Саша перавяла позірк на пялёнку і… раптам, закрыўшы ёю твар, упала грудзьмі на стол, на дзіцячыя рэчы. Плечы яе затрэсліся ад плачу. Поля i Даніла кінуліся да яе.

— Саша, родная, супакойся.

Недзе зусім блізка разарваўся снарад. У ix хаце са звонам вылецела колькі шыб.

— Хутчэй у сад! — крыкнула Поля.

Данік абняў Сашу за плечы i сілком пацягнуў за сабой. Яна ішла як непрытомная, абыякавая ў гэты час да ўсяго, што рабілася навокал, ішла, як асуджаная на смерць.

У садзе, пад старой камлюкаватай грушай, было сховішча — такое, якое рабілі амаль усе ў першыя дні вайны па інструкцыі мясцовых улад: глыбокая яма з кароткай траншэяй ад яе. Праўда, Даніла добра ўдасканаліў сховішча: зверху ямы паклаў бярвенні, якія бацька нарыхтаваў, каб перарабіць хляўчук, накрыў саломай, засыпаў зямлёй, а сцены ўмацаваў лазовым плятнём; атрымаўся амаль бліндаж. Хаваліся ў ім не толькі ix сям'я, але i суседка з малымі дзецьмі.

Снарады рваліся рэдка, i выбухі аддаляліся ў напрамку шашы, трушчачы альховыя кусты паўз рэчку, што працякала за гародамі. Відаць, немцы вялі прыстрэлку моста, каб разбіць яго i затрымаць адступленне савецкіх часцей.

Траянавы сядзелі глыбока ў яме, на саломе, прыціснуўшыся адно да аднаго, i слухалі гэтыя выбухі. Поля i суседка ціха, амаль шэптам, з паўзамі, перамаўляліся.

— Я, Полечка, парсюка ў сенцах карміла i не помню, ці зачыніла хату… Калі не зачыніла — наробіць ён шкоды.

— Мы ўчора вярнуліся пасля налёту, a ў нас у хаце Сойкавых каза гаспадарыць. Усе кветкі папсавала…

— Гэтая падла нічога не баіцца. А куры — бачыла, як хаваюцца?

Саша крыху супакоілася, i цяпер яе раздражняла гэтая, як ёй здавалася, нікчэмная размова аб непатрэбных i дробязных падзеях i рэчах.

— Сціхніце вы! Людзі гінуць… А вы пра курэй…

Ад руху артылерыі i танкаў па шашы зямля стагнала.

— Я баюся, мамачка. Што гэта гудзіць? — прапішчала трохгадовая дзяўчынка.