Выбрать главу

— Пабачым ix культуру… — адгукнулася Поля, якая маўкліва i, як заўсёды, старанна прыбірала ў хаце — падмятала тырсу, крэйду, што насыпаліся ад выбухаў.

— Пабачым, пабачым, — згадзіўся дзед i з незвычайнай для яго паспешлівасцю, быццам баючыся нейкай крамолы, выскачыў з хаты.

— Стары дурань! — вылаяўся Данік i, узрушаны, таксама пайшоў на двор.

За лесам няспынна грымела кананада. Данік разумеў, што там — вялікі бой, можа, нават такі, як бітва пад Барадзіно (хлопец прадаўжаў мысліць гістарычнымі катэгорыямі), інакш немцы не кідалі б столькі авіяцыі: эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў i штурмавікоў праносіліся над шашой i лесам, i зямля ўздрыгвала ад моцных глухіх выбухаў. Думкi i сэрца хлопца былі там, дзе грымелі гэтыя выбухі. Ён нават у глыбіні душы пашкадаваў, што такі бой разгарэўся не каля ix вёскі; тады, магчыма, i яму ўдалося б прыняць нейкі ўдзел i веска праславілася б, як Барадзіно.

А немцы ўсё ішлі ды ішлі, i здавалася, не будзе канца плыні машын, танкаў, пяхоты. I ўсе яны спяшаліся туды, дзе грымеў бой, у вёсцы не затрымліваліся i нікога не чапалі. Аднак Данік, хоць i не адчуваў больш страху перад імі, лічыў, што лепш усё-такі не мазоліць ім вачэй. Ён залез на вышкі ў хляве i назіраў адтуль. Пад вечар неба праяснілася, вялікі, ярка-чырвоны, быццам абмыты, шар выкаціўся з хмар i каціўся над далёкімі лугамі, каб неўзабаве ўпасці ў Сож. Дым вайны не засланяў сонца, яно заходзіла, як звычайна ў жнівеньскі дзень.

Зноў загулі самалёты.

«Вяртаюцца, адбамбіліся, гады», — падумаў Данікінават не стаў ix шукаць у небе — абрыдла глядзець на ix! Але што гэта за свіст? Блізкі выбух скалануў хлеў. Каля калгаснай фермы, дзе немцы зрабілі пераправу цераз рэчку, адзін за адным шугалі ўгору слупы агню i дыму. Данік убачыў свае, савецкія, самалёты з такімі роднымі чырвонымі зоркамі на крылах. Яны бамбілі пераправу.

Саша i Поля выскачылі з хаты i пабеглі на гарод, у сховішча.

— Гэта нашы! Нашы! — радасна крычаў ім Данік: яму здавалася недарэчным хавацца ад сваіх бомб. Хіба могуць яны пацэліць у сваіх?

Саша спынілася каля сховішча i, з Ленкай на руках, упершыню без страху сачыла за бамбёжкай. I ўпершыню ў гэты цяжкі, трагічны дзень яна з удзячнасцю падумала пра сваіх — пра гэтых вось лётчыкаў. Надзея, якая з'явілася, калі яна пачула кананаду, загарэлася з новай сілай: а можа, i сапраўды гэта пералом? Можа, нашы наступаюць?

Самалёты хаваліся за лесам i з'яўляліся зноў, заходзячы на цэль па некалькі разоў. Бомбы трапілі ў кароўнікі, i яны гарэлі яркім полымем. А крыху воддаль ад пажару гарэў агромністы шар сонца. У небе натужліва вылі i звінелі маторы, трашчалі кулямёты: недзе за хмарамі i дымам ішоў паветраны бой.

Поля клікала Даніка. Але таго i след прастыў.

— Гэты хлопец у магілу мяне звядзе, — скардзілася i плакала яна.

Саша маўчала: яна не адчувала асаблівага хвалявання за брата, i ёй было няёмка праз гэта. Дарэчы, яна не хвалявалася так, як Поля, i за бацьку, які пайшоў у армію. Няўжо яна стала такой эгаісткай, што, акрамя дачкі i мужа, больш ні аб кім з блізкіх не думае, не турбуецца за ix лес? Не, гэта нешта іншае. Бацька выконвае свой абавязак. A Данік… ён не маленькі, як думае Поля…

У хату яны не пайшлі больш — начавалі ў сховішчы. Данік вярнуўея позна ўвечары, калі нават кананада сціхла. Ён нічога не адказаў на папрокі старэйшай сястры. Але калі прымасціўся на саломе побач з Сашай, яна сэрцам адчула, як моцна ён узрушаны, i чамусьці асаблівая павага да брата агарнула яе. Яна моўчкі пагладзіла яму руку. Ён сціснуў яе пальцы i горача прашаптаў:

— Цяпер я ведаю, дзеля чаго пайшоў на смерць Алёша Кошалеў… Ты знаеш, колькі нашы накрышылі ix?.. Каб ты бачыла! Там стоўпілася столькі машын, танкаў… тэхнікі рознай… А нашы як далі! Адны трэскі ляцелі… I зброі навокал рознай!..

Раніцой, калі яны з Поляй адважыліся перайсці ў хату i палілі ў печы, каб згатаваць якое-небудзь снеданне, Данік прыбег з такім выглядам, што Саша ахнула ад радасці:

— Нашы?..

Хлопец панурыўся.

— Не. — Аднак вочы яго блішчалі.— Але каб ты бачыла, колькі ix вязуць адтуль, раненых i забітых! Машына за машынай! Як дровы — навалам… У школе шпіталь робяць…

На самым світанні кананада за лесам узнавілася i гадзіны дзве грымела яшчэ больш моцна, чым учора. Сашы здавалася, што грыміць яна не мацней, a бліжэй, i надзея, што патухла за ноч, зноў зацяплілася ў яе сэрцы. Але раптам кананада сціхла. Вельмі раптоўна — быццам лопнула нейкая струна. Цішыня гэтая балюча ўдарыла Сашу. Яна кінула карміць дзіця, шэптам спыталася ў сястры:

— Што гэта, Поля? Чаму яны сціхлі?