Наляцеў вецер, прагнаў хмару. Сыпануў дробны асенні дождж. Саша ўскінула на галаву пусты мяшок, ледзь разагнула стомленую спіну.
На полі яшчэ некалькі такіх жа маркотных схіленых постацей. Бліжэй за ўсіх — старая Крыўчыха, бабулі гэтай каля васьмідзесяці год. Яна адзінокая i ўжо многа дзён сама выбірае свой загончык, адзін-два кашы ў дзень.
Саша колькі разоў памагала бабулі. Раптам ёй здалося, што старая галосіць. Прыслухалася — не, не галосіць, спявае, але так журботна, што ў Сашы сціснулася сэрца. Услухалася лепш i разабрала асобныя словы:
Ніколі яна не чула гэтай песні, гэтага нуднага, гаротнага матыву. Але словы… словы недзе чула. Сашы вельмі хочацца ўспомніць, дзе, ад каго чула яна словы гэтай песні.
Дождж сціх. Ён цэлы дзень ідзе вось такімі перагонамі: наляціць, сыпане i нечакана сціхае. I нясмелы нейкі, як бы несапраўдны. Пайшоў бы надоўга — можна было б пайсці дадому, да Ленкі, пагрэцца i адпачыць.
Саша знаходзіць у пажоўклай i палеглай траве каліўе бульбы, выварочвае капаніцай мокрую зямлю, у якой блішчаць белыя бульбіны, выбірае ix i думае аб песні. I раптам успамінае: быў у ix школе настаўнік літаратуры, малады паэт, які ведаў многа розных песень, прымавак. Дык вось ён некалі дэкламаваў словы гэтай песні, прыводзячы яе як узор фальклору прыгоннага часу.
«Вось якія песні вярнуліся… Прыгонныя… А дзе цяпер той настаўнік? Ен жа да гэтага года быў у ix школе, вучыў Данілу. Яны на рыбу разам хадзілі.— Думкі яе зноў вярнуліся да брата. — Эх, Данік, Данік… Добрыя людзі цябе вучылі… Я цябе так любіла, няньчыла малога… А ты… Куды ты хілішся? За кім ты ідзеш? Няўжо яны запаланілі тваю душу? Няўжо ім удаецца паланіць i душы людзей?»
З болем, злосцю i крыўдай думала яна пра брата. Але разам з тым упершыню ўзнікае думка, што сама яна, магчыма, таксама няправільна паводзіць сябе ў адносінах да яго. Паступова думка гэтая робіцца перакананнем. Ён дзіця яшчэ, блазнюк, захапіўся вайной, зброяй. Трэба змагацца за яго, трэба адарваць ад Кузьмы.^
Кузьма — ix стрыечны брат — першы паліцэйскі ў вёсцы, цяпер начальнік паліцэйскага паста, «вярхоўная ўлада», як ён сам крычаў п'яны. «Галоўны здраднік» — назвала яго Саша. Здрада Кузьмы была вельмі балючым ударам, i яна дагэтуль не можа зразумець, што штурхнула маладога чалавека з працавітай сям'і на такі шлях. Саша разумела, калі ў паліцэйскія пайшоў сын кулака Гніды. Не здзівілася, калі ў паліцыю запісаўся былы яе аднакласнік Колька Трапаш. Гэты i ў школе быў мацюжнік, курэц, карцёжнік, ды i сям'я ў ix нейкая бесталковая, ix у вёсцы «цыганамі» завуць. А Кузьма з такой паважанай сям'i. Маці яго — родная сястра ix бацькі — надзіва сумленная, набожная i працавітая жанчына. Калі расказвалі, што ніхто не бачыў, калі яна спіць i есць, то Саша верыла гэтаму. Цётка Хадоска перакусвала непрыкметна каля прыпечка, «зводзіла вока» дзе-небудзь у разоры, за полівам, ды зноў за працу. Кузьмоў бацька, кажуць, не такі быў цягавіты, працавіты, часам заглядаў у чарку, але i яго ўспаміналі з иавагай. Саша яго помніла слаба, ён памёр у першы год калектывізацыі. На руках у цёткі асталося шасцёра дзяцей, i яна ганарылася, што выгадавала ix, «вывела ў людзі». У навуку яны не пайшлі, толькі адна з малодшых дачок скончыла педвучылішча. Набожная Хадоска i не імкнулася ix вучыць. «Няхай на зямлі працуюць, — казала яна. — Зямелька ўсіх пракорміць». Але дзеці чамусьці не затрымліваліся ў калгace. Самы старэйшы прыстаў у прымы ў горадзе, у сям'ю рабочага. Адна дачка выйшла за лесніка, другую звёз нейкі шафёр-украінец. I самы працавіты, па маці, быў Кузьма. У школе ён вучыўся не надта, але затое з малых год карміў сям'ю рыбай. Ён быў такі заўзяты i ўдалы рыбак, што вопытныя старыя рыбаловы ахвотна раіліся з ім i бралі з сабой. А яшчэ ён захапляўся коньмі. Скончыўшы гадоў за сем чатыры класы, Кузьма стаў калгасным пастухом. Потым наняўся на конезавод i працаваў там год пяць. Ажаніўся. Прывёз да маці жонку. I раптам гады за два перад вайной апынуўся ў рыбалавецкай арцелі недзе на Дняпры. Адтуль ён i з'явіўся ў родную вёску паліцэйскім, неўзабаве пасля ўступлення немцаў, да якіх ён трапіў, як высветлілася, яшчэ месяца паўтара назад, пад Жлобінам.