Выбрать главу

Пакуль ён быў проста паліцэйскі, i прытым адзін у вёсцы, то не надта мазоліў вочы людзям — больш сядзеў дома. Але як толькі стаў начальнікам паста i атрымаў над сваю ўладу яшчэ двух чалавек, адразу ж чамусьці зрабіў абход усіх сваякоў. Зайшоў да Траянавых. Ужо крыху падвыпіўшы недзе, павітаўся гучна, весела:

— Хайль, дарагія сестры!

Саша адвярнулася. Гэта яго ўкалола, i ён з іроніяй спытаўся:

— Не падабаецца табе, сястрычка? Вядома, дзе табе будзе падабацца! Ты ж камсамолка, цябе савецкая ўлада вывучыла…

— А цябе яна крыўдзіла? — злосна кінула Саша.

— Не крыўдзіла, але i ходу не давала. Я мазалямі кавалак хлеба зарабляў.

— Куды ж гэта табе ходу не давалі?

— Гаспадаром стаць.

— Кулаком?

— Вось-вось… Так ваша ўлада i разважала: чуць станавіўся чалавек на ногі, багацеў — кулак, на Салаўкі яго…

— Вось якое нутро ў цябе! Не ведала. Значыцца, ты спадзяешся, што немцы за тваю службу маёнтак табе дадуць? Панам зробяць? А мы будзем батрачыць у цябе… так?

Поля спалохана падавала Сашы знакі: маўчы, каму ты гаворыш, думай!

Кузьма заўважыў гэтыя знакі.

— Што ты там моргаеш, Поля? Баішся? Не бойся. Я ж не чужы — брат… Я сваіх не пакрыўджу. Толькі каб мне сваякі ножкі не падстаўлялі… Падтрымаеце мяне — будзеце жыць i гора не мець… А што думае Саша — гэта мне i так вядома. Нічога… Перамелецца — мука будзе. Людзі не адразу разумеюць…

— Адзін ты адразу разумны стаў,— зноў не вытрывала Саша.

Ён не адказаў на гэты закід — гаварыў далей:

— A батракамі ніхто вас рабіць не думае. Кожны будзе жыць, як ён хоча. Ніхто не будзе стукаць у вокны: выходзь на работу! Ты на доктара вучылася — ідзі працуй доктарам. Я ўжо гутарыў у воласці з бургамістрам, каб медпункт у нас зноў адкрыць. Для цябе, Саша, месца… Гарантую!

— Дзякуй за ласку! — з горкай іроніяй адказала Саша, з нейкай дзіўнай асалодай адчуваючы, як расце ў ёй непрыстойнае жаданне — плюнуць браціку ў чырвоную п'янаватую фізіяномію.

— Ты ж не немцаў будзеш лячыць — сваіх людзей…

— Не чапай яе, Кузьма, — рашуча запярэчыла Поля, звяртаючыся, аднак, да паліцэйскага ветліва. — Яна нездаровая. Не трэба ёй працаваць… Як-небудзь так пражывём.

— Пратэстуеце? — кісла ўсміхнуўся Кузьма. — Ну што ж, пратэстуйце. Толькі,— ён пагразіў пальцам, — глядзіце ў мяне, каб з гэтай хаты не выходзіла ні слова, ні яшчэ што. Ты, Поля, разумная дзяўчына. Я цябе ведаю i спакойны. А ты, Саша, глядзі, язык не распускай. Я за цябе адказваць не жадаю. Помні: непарадкаў ніводная ўлада не любіць.

— Не бойся, Кузьма, мы не падвядзём, — заспакоіла яго Поля.

Саша адчувала, што калі пойдзе гаворка далей, то сварKi ім не пазбегчы, можа i горшае што здарыцца. А таму, узяўшы з калыскі Ленку, дэманстрагыўна палезла на печ. Яна заўсёды там хавалася, калі, здаралася, у хату заходзілі немцы. Цяпер яна вырашыла, што будзе гэтак жа хавацца i ад паліцэйскіх, у тым ліку i ад Кузьмы. Няхай ведае, якая ў ix улада. А гутарыць з ім — прыніжаць сваю годнасць. Больш яна не скажа ні слова. Чаму ён сядзіць? Ішоў бы прэч хутчэй! Навошта Поля заводзіць з ім гаворку: пра здароўе цёткі, пра надзелы зямлі?

У хату ўвайшоў Данік.

— А-а, Даніла! Здароў, брат! — Кузьма падняўся насустрач, высока ўзняў руку, каб ляпнуць далоня ў далоню, пасяброўску, з размаху. Але Данік працягнуў руку не адразу, i шчырага прывітання, як чакаў Кузьма, не атрымалася. A Данікаў позірк, нахмураны, непрыветлівы, спадылба, урэшце вывеў паліцая з раўнавагі.

— Што ты на мяне ваўком глядзіш? — спытаў ён спачатку ціха, потым злосна крыкнуў на ўсіх: — Што вы на мяне ўсе так гледзіцё? Як на ворага… Што я вам зрабіў? — Акрамя злосці, у гэтым выкрыку былі роспач i страх.

— Гэта табе здаецца, Кузьма, — проста, па-сваяцку, але як старэйшая малодшаму сказала Поля. — Даніла на ўсіх так глядзіць. У яго характар такі.

Але Кузьма ператварыўся ўжо з брата ў суровага начальніка паліцэйскай варты, які адчуваў сваю ўладу над людзьмі. Ён караў за позірк, які яму не спадабаўся.

— Вось што… ты, брат, — злосна кінуў ён Данілу, — не думай, што мне невядома, чаго ты па лесе бадзяешся… Людзі бачылі. Зараз жа здай усё, што знайшоў… А то я буду з табой іначай гаварыць!

Юнак пільна паглядзеў на паліцэйскага, i раптам твар яго расплыўся ад шырокай задаволенай усмешкі.