— Падумайце, ці адчуваеце вы ў сабе сілы мужна сустрэць любую небяспеку на тым шляху, на які ўступаеце?
— Каб не адчувала, то не прыйшла б сюды. Мяне ніхто не цягнуў.— У голасе яе пачулася крыўда, i чалавек за саломай збянтэжана кашлянуў i памаўчаў больш, чым трэба.
— Дайце руку вашым сябрам i паўтарайце за мной словы прысягі.
Даніла i Ціхан працягнулі свае рукі i сціснулі моцна яе маленькую, але загрубелую ўжо ад цяжкай працы руку.
— Я, грамадзянін Савецкага Саюза…
— Я, грамадзянка Савецкага Саюза… — удакладніла Саша.
Невядомы зноў кашлянуў.
— Член Ленінскага камсамола…
— Член Ленінскага камсамола…
— Уступаючы ў падпольную арганізацыю для барацьбы з фашысцкімі акупантамі i ix паслугачамі, клянуся…
I раптам ад Сашы адышло, знікла ўсё знешняе: таямнічасць, якая не спадабалася, рукі хлопцаў, што сціскаюць яе руку, голас невядомага. Словы прысягі ўліваліся ў яе магічнай сілай. Ад гэтага пачынала хутчэй струменіць кроў, часцей білася сэрца, глыбокім i перарывістым стала дыхание. Голас яе мацнеў з кожным словам i дзе-нідзе зрываўся i дрыжаў.
— За смерць нашых матак i дзяцей, за ix кроў i слёзы… — Словы гэтыя салёна-горкім камяком сціснулі горла; Саша на момант змоўкла.
Хлопцы адчулі, як дрыжыць яе рука. Але раптам голас яе як бы прарваўся праз нейкую цяжкую перашкоду i зазвінеў з новай сілай:
— …я клянуся помсціць праклятым фашыстам бязлітасна, усімі сродкамі падпольнай барацьбы…
Яна сказала гэта гучней, чым трэба, i чалавек за саломай панізіў голас. Але Саша не звярнула ўвагі на гэтую акалічнасць, бо падказчыка больш не існавала для яе. Ёй здавалася, што гарачыя i суровыя словы ідуць з глыбіні яе ўлаенага сэрца. На Даніка i Цішку яна таксама забылася. Яна глядзела ў цёмны кут, а бачыла вялікія прасторы роднай зямлі, натоўпы людзей, калоны чырвонаармейцаў… Усяму народу давала яна клятву!
— Калі ж я парушу гэтую клятву — здраджу, збаюся, выдам тайну арганізацыі, няхай рука маіх сяброў бязлітасна пакарае мяне…
Саша была яшчэ там, у невядомай далечы, дзе ішла барацьба, калі над самым вухам пачула ціхія звычайныя словы:
— Добры вечар, Саша.
Яна страпянулася. З цемры схіліўся да яе знаёмы твар. Толя Кустар прыветліва ўсміхаўся i працягваў руку. Саша нават не адразу зразу мела, адкуль ён з'явіўся. З Толем яна разам вучылася ў сямігодцы. Але гэта быў «чужак», ён жыў на пасёлку Кустары, які належаў да іншага сельсавета. Пасёлак быў кіламетры за тры ад ix вёскі, за лесам, а таму сустракаліся яны толькі ў школе, i нельга сказаць, каб былі сябрамі.
Саша пасля ніколі не цікавілася лесам Толі i іншых аднакласнікаў з пасёлка. Чула неяк краем вуха, што Толя скончыў ФЗУ i працуе недзе ў Мінску электраманцёрам.
Зразумеўшы, што гэта ён падказваў ёй словы прысягі, Саша ўзрадавалася: ёсць, значыцца, у арганізацыі больш сталыя людзі! Толя — яе аднагодак, самастойны чалавек, рабочы!
Толя моцна сціснуў яе руку i сказаў:
— Вось як мы сустрэліся з табой!
Hi ён, ні брат, ні Цішка не сказалі ёй больш ні слова пра тое, куды яна ўступіла, што павінна рабіць, як паводзіць сябе. Яна зразумела: усё сказана ў словах клятвы. Яна свяшчэнная, гэтая клятва, i нельга разбаўляць яе звычайнымі словамі. Ды i ўвогуле лішняга тут ніхто не гаварыў.
Толя Кустар падсунуў бліжэй свечку, зняў пальцамі, як абцугамі, нагар i ціха сказаў:
— Пачнём, таварышы.
Данік падсунуўся бліжэй да яго, абхапіў рукамі калені i схіліў галаву, нарыхтаваўшыся слухаць. Цішка не варухнуўся, ён, як i раней, ляжаў на жываце, падпёршы рукамі галаву; далоні закрывалі шчокі, а рудаватыя валасы — лоб, i Саша бачыла адны яго вочы, вялікія, зацянёныя вейкамі, стомленыя, як у дзіцяці, якому хочацца спаць, i сумныя. У Толі, наадварот, вочы былі ясныя, вясёлыя, полымя свечкі, што гарэла каля яго ног, адбівалася ў зрэнках дзіўным, як бы жывым святлом.
— Перш за ўсё — пра галоўнае ў нашай дзейнасці…— пачаў Толя крыху афіцыйна i ўрачыста, але тут жа акінуў усіх задаволеным позіркам і, панізіўшы голас, проста паведаміў: — Радасная навіна, хлопцы: Стары ўстанавіў сувязь з партызанамі.
— Hy-y? — падхапіўся Цішка, сеў, i вочы яго заблішчалі.— Як? Дзе?
А Саша падумала: «Значыцца, ёсць яшчэ нехта больш сталы, каго яны называюць Старым. Хто ж гэта?»
— Не мае значэння, Ціхан, як i дзе… Галоўнае, што сувязь ёсць… Будзе! Мы павінны паслаць у атрад свайго чалавека i дамовіцца аб пастаяннай сувязі. Стары скажа, куды ісці…
— Я! — выгукнуў Цішка. — Мяне…
— Чакай! — спыніў яго Толя. — Я думаю, што лепш пайсці Данілу. Нам з табой ёсць іншае задание. Першае задание ад партызанскага камандавання… Яно вынесла прысуд чалавеку, які выдаў фашыстам раненых партызан. Нам даручылі выканаць гэты прысуд…