Выбрать главу

Саша прайшлася па вуліцы. Усе глядзелі на сцягі, як на нейкую знамянальную з'яву. Смялейшыя стаялі на вуліцы, нават збіраліся групамі, больш асцярожныя — у сваіх дварах. Але нават у рухах i словах людзей адчуваўся святочны настрой.

Цішка Матыль павітаўся i ціха павіншаваў:

— Ca святам, Саша!

А праз колькі двароў яе гэтак жа ціха павіншаваў аднаногі дзядзька Раман:

— Ca святам, хросніца!

— Вас таксама, хросны!

Саша прыпынілася каля яго.

— Малайцы хлопцы! — кіўнуў ён на будынак сельсавета.

— Якія хлопцы? — здзівілася яна, устрывожаная.

— Што сцягі павесілі. Каб я ведаў, хто гэта зрабіў, я пацалаваў бы ix, галубкоў шызых…

Сцягі доўга ніхто не здымаў — ні паліцаі, ні стараста. Потым Саша даведалася, што каля кожнага з ix хлопцы прымацавалі дошчачку з надпісам: «Замініравана». Толькі ў другой палавіне дня прыехаў ваенны камендант з атрадам жандараў i паліцаяў. Камендант загадаў пасадзіць пад арышт мясцовых паліцэйскіх, выцяў бізуном старасту i скінуў яго з пасады. Потым сабраў самых старых мужчын i пачаў расказваць ім, якая моцная нямецкая армія i якая слабая савецкая, радасным крыкам паведаміў, што нямецкія часці ўступілі ў Маскву, a ў заключэнне пагразіў:

— Калі ў вашай вёсцы будзе яшчэ хаця б адзін бандыцкі выпад супраць новага парадку, я павешу вас. — Ён абвёў позіркам групу панурых барадатых людзей, падумаў i дадаў: — Не, я павешу не вас. Я павешу кожнага другога ва ўзросце ад пятнаццаці да трыццаці год. Майце на ўвазе гэта i перадайце ўсім!

Камендант i эсэсаўцы паехалі, a паліцаі асталіся: вёска была занесена ў лік небяспечных крамольных пунктаў, i замест невялікай варты ў школе размясціўся цэлы гарнізон. Новыя паліцаі вялі сябе нахабна: кралі курэй, парасят, разганялі зборы, вечарынкі, каго сустракалі позна ўвечары, збівалі, хто б гэта ні быў — малы, стары, жанчына; як валацугі, цэлую ноч шлындалі па вёсцы, падслухоўвалі, падглядвалі ў вокны. Адным словам, «новы парадак» праявіў сябе на поўную сілу.

Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі маразы, вылі снежныя завірухі.

У хаце не было газы. Зараблялі кавалак хлеба пры лучыне _ пралі кудзелю для тых увішных гаспадароў ці гаспадынь, якія, нягледзячы на вайну, выбралі для сябе калгасны лён. Саша ніколі раней не прала i з першых жа дзён зненавідзела гэтую дапатопную работу. Манатоннае гудзенне самапрадкі, няроўнае святло лучыны — то ўспыхне, то згасне, свіст ветру i крокі паліцэйскіх — усё гэта наганяла такую нуду i роспач, што хацелася зрабіць немаведама што, абы не сядзець вось так. Саша з нецярплівасцю чакала, калі падпольшчыкі дадуць ёй задание. Але падполле маўчала, нават на сход ці збор больш яе не запрашалі.

Астаўшыся ў хаце сам-насам з братам, яна наступала на яго:

— Чаму мы маўчым, нічога не робім? Чаму не збіраемся?

— Чакай, Саша. Не гарачыся. Больш вытрымкі, сястра! — па-сталаму разважліва адказваў ён.

— Я ведаю… Вы збіраецеся, вы дзейнічаеце, — сказала яна другі раз. — Але вы не хочаце даваць мне задания. Вам не спадабалася, што я пашкадавала дзяцей ляснічага…

— Калі ты будзеш думаць i гаварыць глупства, — узлаваўся Данік, — мы сапраўды цябе выключым. Я першы прагаласую.

— Ну i выключайце! — не стрывала Саша, пакрыўджаная да слёз.

Данік бліснуў страшным позіркам. Яна спалохана адступіла ў закутак паміж грубкай i печчу і, магчыма, у гэты момант упершыню заўважыла, як змяніўся брат: узмужнеў, выцягнуўся, стаў вышэйшы за яе ростам, але як схуднеў — на твары адны скулы тырчаць ды блішчаць вочы, запалёныя, чырвоныя, як у чалавека, які не спаў многа дзён.

Ён працягнуў руку, i Сашы здалося, што ён намерваецца ўдарыць. Але брат абняў яе, нязграбна, сціснуўшы ўчэпістымі кашчавымі пальцамі плячо, i глуха зашаптаў:

— Слухай, дурніца, навошта гэта табе?

— Што? — не зразумела яна.

— Хадзіць цяпер на нашы сходы? Навокал снег — босая гародамі не пабяжыш… I бобікаў, як сабак… Ты замужняя жанчына, маці… Твая адсутнасць ці сустрэча з намі, хлопцам! адразу выкліча падазронасць. Усё, што трэба, я табе перадам… Зразумей!

— Разумею, — прашаптала Саша, пасаромленая; яе кранула разумная асцярожнасць сяброў. Яны не забываюць, што яна маці i таму менш, чым хто іншы, мае права рызыкаваць.