Выбрать главу

— Горка! Горка!

Саша адчула, як да шчок, да вушэй хлынула кроў, запульсавала ў шыі, у скронях, a ў грудзях стала пуста i холадна. Яна адчувала, што Лялькевіч глядзіць на яе, чакае, i баялася ўзняць вочы. З-за яго спіны Данік моцна штурхануў яе ў бок; брат загадаў: рабі што трэба!

— Божачка мой! — засмяялася Аксана. — Дзіця нарадзіла, а саромеецца, як малая!

Лялькевіч устаў, абапіраючыся на стол. Данік штурхануў сястру другі раз. Тады Саша таксама паднялася, рашуча паклала рукі на яго плечы, але глянуць у вочы не адважвалася. Убачыла, што на гімнасцёрцы ў яго армейскія гузікі з зоркамі, i падумала, што гузікі трэба замяніць на звычайныя, каб часам які-небудзь п'яны паліцай ці немец не прычапіўся. За гэтай старонняй думкай яна амаль не пачула, як ён пацалаваў — ледзь дакрануўся да яе вуснаў. Але жанчыны весела зашумелі, i Саша, схамянуўшыся, глянула на ix дзёрзка, смела i таксама засмяялася. З гэтага моманту яна пачала іграць ролю жонкі зусім натуральна.

Цётка Ганна заспявала вясельную:

Ой, ляцелі гусачкі цераз сад, Крыкнулі, гукнулі на ўвесь сад…

Падхапілі жанчыны. Заспяваў Лялькевіч, за ім — Саша.

Не скончылі адну песню, як часта гэта бывае ў бяседзе, — адна з суседак зацягнула другую, працяжную i сумную:

Ляцяць, ляцяць шэрыя ryci цераз сад, Вядуць, вядуць сіротачку на пасад…

Саша не ведала слоў гэтай старой песні. Лялькевіч успомніў, што песня занадта жаласлівая, што Сашу, якая расла без маці, яна можа засмуціць, а таму, перапыніўшы жанчын, заспяваў іншую:

Як сарву я ружу-кветку Ды пушчу на воду…

Магчыма, на нейкі момант людзі забыліся, што недзе лютуюць вайна i смерць. Ім захацелася хоць хвілінку нейкую пабыць там, дзе заўсёды славяць жыццё i маладосць, — на сапраўдным вяселлі. Колькі цудоўных, душэўных песень склаў народ аб гэтай падзеі — сумных, вясёлых, сур'ёзных, смешных! Колькі чароўнай прыгажосці ў вяселлі! Дык як жа не забыцца пра ўсе навалы, убачыўшы перад сабой маладых?

Толькі самы стары i самы юны не паддаліся гэтым чарам — дзядзька Раман i Данік. Яны сядзелі i маўчалі.

I сапраўды, забывацца не варта было: вайна вельмі хутка напомніла пра сябе — не паспелі нават праспяваць да канца песню. Яна з'явілася ў вобразе начальніка паліцэйскага атрада — Якіма Гусева.

Ён вырас на парозе нечакана, без стуку, без шоргату, як прывід, i засланіў сваёй дужай плячыстай постаццю ўвесь дзвярны праём.

Саша ўбачыла яго першая i… анямела. Яна нямала ўжо наслухалася, які гэта хітры, бязлітасны i страшны чалавек. У вёсцы хадзілі чуткі, што ён абрабаваў i забіў не то маці, не то родную сястру i за гэта меў дзесяць год. Немцы вызвалілі яго з турмы i зрабілі забойцу i рабаўніка «панам начальнікам».

Забыўшыся на ўсё іншае, Саша сціснула пад сталом калена Лялькевіча, папярэджваючы аб небяспецы. Ён зразу меў, што яна спалохалася, i пагладзіў яе руку, заклікаючы супакоіцца. Але Сашы не верылася, што з'яўленне гэтага чалавека не прынясе няшчасця. А раптам яму ўсё вядома? Што ім рабіць тады?

— О, ды тут вяселле! — выгукнуў ён сваім глухім, але моцным голасам. — Хлеб-соль!

— Дзякуй, просім да стала, — адразу, па-народнаму проста, натуральна адказала Поля.

— Просім! — падтрымалі яе жанчыны.

— Калі ласка, пан начальнік! — сказаў Данік i першы вылез з-за стала, даючы месца.

Данік адышоў да печы i стаў там. Саша глянула на брата i раптам зразумела, што ён узброены i гатовы да любых нечаканасцей. Гэта неяк адразу супакоіла яе.

Начальнік атрада падышоў да стала:

— Госць?

— Але, пан начальнік, адваяваў,— спакойна кіўнуў Лялькевіч пад стол, на свае ногі.— Вярнуўся да яе. — Ён паклаў на Сашына плячо руку. — Што калеку больш трэба? Дзякуй Богу, што жонка прыняла…

— Ведаю, — перапыніў яго Гусеў.— Чуў. Аднак, брат, служба. Мушу праверыць дакументы.

Камісар спакойна расшпіліў кішэню гімнасцёркі. Саша зноў убачыла гузік з зоркай i зноў адчула халадок пад сэрцам.

Гусеў разглядаў дакументы вельмі ўважліва, нават адну нейкую паперку паглядзеў на святло лямпы. Чытаючы, варушыў губамі i жмурыў адно вока. Вяртаючы дакументы, кінуў Сашы:

— Пашанцавала табе. Калі з галавой — будзеце жыць прыпяваючы.

Лялькевіч хутка наліў шклянку самагонкі:

— Чарку, пан начальнік. За знаёмства.

Гусеў паглядзеў на шклянку, як галодны воўк, ажно іскры ў вачах бліснулі (усе ведалі, што п'е ён страшэнна), ад спакусы лізнуў языком тоўстыя сінія губы, але перадужаў сябе i адмовіўся:

— Служба, брат.