Лялькевіч i Саша насцеражыліся. Хлопцы ніколі гэтак не ўрываліся, яны наогул рэдка хадзілі разам, каб асабліва не выяўляць сваю дружбу, i ставіліся адзін да аднаго гэтак жа, як кожны з ix ставіўся да любога іншага свайго равесніка-аднавяскоўца.
Яныспынілісяўпарозе. Данік, задыханы, расчырванелы, кінуў позіркам, ці няма старонняга ў хаце, i адразу да Лялькевіча:
— Таварыш камісар! Скажыце вы яму… Вось жа дурань!
Цішка стаяў збялелы, пасінелыя губы яго перасмыкаліся як ад болю, а вочы гарэлі такім гневам, што Сашы стала страшна.
— Усё адно я застрэлю гэтага гада! Усё адно я заб'ю яго… Усё адно, — прашаптаў ён, выставіўшы сціснутыя кулакі.
— Не так трэба забіваць! — прыкрыкнуў Даніла. — Падпольшчык!
Лялькевіч зразумеў, што здарылася нешта вельмі сур'ёзнае, i па-камандзірску паказаў рукой у закутак паміж печчу i грубкай, які стаў месцам, дзе вяліся ўсе падпольныя размовы.
Хлопцы зайшлі туды, прытуліліся плячамі да сцяны.
Лялькевіч стаў насупраць ix, тварам у твар, шэптам загадаў:
— Дакладвай, Данік.
— Паліцаі арыштавалі Ганну з Рэпак. Нехта зноў данёс, што ў яе партызан начаваў… Вялі яе, а мы за крамай стаялі, сачылі. А тут дачка яе, Манька, гадкоў шэсць ёй, бяжыць следам, хапаеццаза кажух, крычыць: «Мама! Мамачка…»
Данік змоўк i як бы праглынуў нешта. A ў Цішкі вочы напоўніліся слязамі. Ён сарваў з галавы сваю аўчынную вушанку i закрыў ёю твар.
— Фашыст ён пракляты! Усё ад но я яго…
Данік з жарам перабіў Цішку:
— Ты яго! Ты нас праваліў бы, як эсэр які!
— Спакойна! — патрабаваў Лялькевіч. — Па парадку! Што было далей?
— Далей… гад гэты, бандыт Гусеў,— цяпер ужо i Данік ажно скрыгатаў зубамі,— як схопіць малую ды як шыбне ў снег… Быццам гэта не дзіця, не чалавек. Сволач ён! Ну, Цішка i не вытрымаў — за пісталет… Добра, што я ўбачыў… Я не ведаў, што ў яго пісталет… У нас была пастанова: удзень зброі не насіць. Навошта ён носіць, як анархіст які? Добра, што я ўправіўся схапіць яго за руку i вырваць гэтую рэч. — Данік дастаў з кішэні пісталет i працягнуў Лялькевічу. — Добра, што нас ніхто не бачыў, мы адны за крамай стаялі… Самі сябе выдал i б… Разумеет ты?
— Усё адно я заб'ю яго! — з дзіцячай упартасцю цвярдзіў сваё Цішка.
Лялькевіч прысеў на ўслончык.
— Саша, паглядзіце, калі ласка, каб нас ніхто не захапіў знянацку, — папрасіў ён.
Але Саша ўжо стаяла на варце: слухаючы ix размову, не спускала вачэй з акна, праз якое відаць была брамка.
Лялькевіч спытаў Ціхана стрымана, але сурова:
— Што ж гэта ты, герой, загубіць нас усіх захацеў?
— Не мог я, таварыш… — страпянуўся юнак. — Вы стаялі б спакойна, каб пры вас такое?..
— Нервы слабыя? А партызану, падпольшчыку трэба мець моцныя нервы. Вельмі моцныя! Ты ўяўляеш, што мог бы нарабіць твой стрэл? Ты — аднаго Гусева…
— Я ўсіх бы ix, чатырох…
— Дапусцім. А потым?
Ціхан змоўк.
— Ну, а потым? Потым што вы рабілі б?
— Уцяклі б, — няўпэўнена прашаптаў Цішка.
— «Уцяклі»! — перадражніў яго Данік. — Куды б ты уцёк?
— Сапраўды, куды можна ўцячы па такім снезе? Але дапусцім, што ўцяклі б. Вы маладыя, спрытныя… А мы? Фашысты адразу схапілі б тваю маці, сясцёр, мяне, Сашу. Ты падумаў пра гэта?
Ціхан ніжэй нахіліў галаву.
— Нічога ён не думаў! — дакараў сябра Данік.
— У нашай суровай барацьбе з такім страшным i бязлітасным ворагам самае галоўнае — дысцыпліна. А ты парушыў яе, парушыў пастанову арганізацыі — не насіць зброі. Па сутнасці ты парушыў клятву. Мала таго — у цябе няма вытрымкі. Значыцца, слабая сіла волі. A калі ты трапіш у яшчэ горшыя абставіны? Можам мы, твае сябры, быць упэўненымі, што ты не падвядзеш нас?
— Таварыш камісар!.. Ды я памру, калі трэба!..
— Памерці — самае лёгкае на вайне. Каб мы думалі аб смерці, чаго была б варта наша барацьба! Мы думаем аб жыцці, аб шчаслівай будучыні для сваіх блізкіх, для народа. Зразумейце, гарачыя галовы. Мы не адмаўляемся ад такіх стрэлаў, але цяпер наша асноўная задача — збіраць, згуртоўваць сілы для залпаў, для вялікіх залпаў, якія мы зробім неўзабаве па ворагу. Замест таго каб страляць, калі позна ўжо, трэба было падумаць пра Ганну раней. Чаму мы не ўпільнавалі гэтага дарагога нам чалавека, маці? Чаму мы не папярэдзілі?.. Якія партызаны да яе прыходзілі? З якога атрада? Нам павінна быць сорамна, што мы не ведаем. Сорамна i балюча…