Нехта зноў спытаў знадворку:
— Як ён, Саша?
Яна зноў не адказала. Што можна адказаць? Як страшна шуміць лес! Здаецца, ніколі ў жыцці яна не чула такога шуму. Як сціскаецца сэрца! Але хіба мае права яна звяртаць увагу на боль свайго сэрца? Боль там — у яго сэрцы, у яго грудзях. Вось ён ірвануўся, застагнаў, пачаў трызніць:
— Хлопцы!.. Хлопцы! Мы ім пакажам… Гісторыю я паўтарыў, Іван Паўлавіч… Нічога яны не ведаюць… Анютка! Згані курэй! Ух, як душна… Хлопцы, пакупаемся… Не, не… — Ён зноў застагнаў, скрыгатнуў зубамі i сказаў злосна: — Усё адно я заб'ю гэтага гада… заб'ю… Фашыст пракляты!..
Саша пяшчотна гладзіла яго руку. Непрыкметна для самой сябе яна пачала супакойваць яго ўголас:
— Супакойся, Цішка, родны мой. Патрывай хвілінку. Зараз прыедзе дзядзька Аляксей. Ён павязе цябе за раку. Партызанскі ўрач зробіць аперацыю, i ты будзеш здаровы. I гэтаму гаду мы адпомсцім. За слёзы Ганніных дзяцей. За нашы слёзы. Ляжы спакойна, любы мой, табе няможна кідацца… Ляжы!..
Яна не думала пра тое, што ў праўду гэтых слоў сама не верыць i што да Цішкі яны не даходзяць. Яна казала ix гэтак жа, як сваёй малой дачцэ, калі насіла яе, хворую, на руках па хаце. Змаўкаў ранены — i яна змаўкала таксама, уважліва, як належыць медыку, слухала пульс, дыхание, давала піць. Пачынаў ён трызніць — i яна зноў гаварыла ласкавыя, наіўныя словы, ператвараючыся ў жанчыну, у маці, якой вельмі балюча за пакуты дзіцяці (a Цішка ў гэты момант быў у яе ўяўленні дзіцем), несвядома жадаючы словамі прыглушыць свой уласны боль.
Яна не адчувала, колькі прайшло часу, здавалася, што вельмі многа, хоць у сапраўднасці — не больш за гадзіну.
Пасля працяглага супакою Цішка ціха паклікаў:
— Данік!
Саша нахілілася да яго твару:
— Што, Цішка, што, родны? Што ты хочаш сказаць?
Ён як бы прыслухаўся, стаіў дыханне, а потым, быццам
вельмі спалохаўшыся, ірвануўся i голасам, які, відаць, ніхто з ix, жывых, ніколі не забудзе, паклікаў на дапамогу:
— Ма-ма! Мама!
I сцішыўся. Саша адчула, як мёртва павісла i адразу пахаладзела яго рука, i зразумела з нейкім дзіўным прафесійным спакоем у гэты момант, што наступіў канец яго пакутам. Яна застыла ў жалобным маўчанні, ні словам, ні рухам не парушаючы святой хвіліны развітання. Потым адкінула апратку, якой ён быў накрыты, павярнула цела на спіну (ён ляжаў на правым баку) i склала яго рукі на грудзях.
Пачуўшы ў цемры, што яна нешта робіць, Данік ледзь чутным шэптам спытаў:
— Што, Саша?
У адказ яна голасна заплакала, слёзы, што падкаціліся да горла пасля таго, як ён паклікаў: «Мама!», вырваліся цяпер, аблягчаючы душу.
Анатоль, зразумеўшы, што здарылася, па-мужчынску ўсхліпнуў i адкінуў сценку будана.
Саша здзівілася, што так светла. Праз слёзы яна ўбачыла твар нябожчыка i нават тое, як на яго чорныя, чамусьці нахмураныя бровы садзяцца сняжынкі.
Яна выцерла хусткай твар, паднялася i стала побач з Анатолем. З другога боку сталі Данік i Лёня. Так яны стаялі хвілін колькі, як у ганаровай варце, маўкліва, пазнаўшыя цяжкае гора страты баявога друга, яшчэ ясней усвядоміушы, на які суровы шлях яны сталі, але не пакораныя, не разгубленыя. Наадварот, у сэрцах ix з новай сілай разгараўся агонь нянавісці да ворага.
Анатоль першы зрушыў з месца і, нахіліўшыся, накрыў цела прасціной, што была за маскхалат.
— Што будзем рабіць, таварышы? — спытаў ён.
Парыў ветру закруціў вакол ix смерч снегу, прадоўжыў
паўзу ў гэтай кароткай нарадзе.
— Трэба матцы сказаць, — нясмела прапанаваў Лёня.
— Што ты! — адразу запярэчыў Данік.
— Маці? — Анатоль як бы задумаўся. — Маці не вытрывае такога гора. У вёсцы даведаюцца, што Цішка загінуў… Загінуў у тую ноч, калі на станцыі згарэлі склады. Не, маці нельга казаць! — цвёрда скончыў ён сваё разважанне i дадаў сумна: — Няхай яна даруе нам. Мы пакажам ёй магілу пасля перамогі. A колькі матак ніколі не ўзнаюць, дзе магілы ix сыноў! Будзем хаваць Ціхана тут!
— Дзе? — Мабыць, Лёня па сваёй прастаце хацеў спытаць: «Як будзем хаваць?»
— Тут! У нашым лесе, — адказаў за Анатоля Данік, крыху ўзлаваны наіўнасцю навічка.
— А чым выкапаць магілу? — спытала Саша.
Данік не падумаў пра гэта i цяпер сумеўся.
— Я пайду да лесніка. Скажу, што ад партызан. I папярэджу… Будзе маўчаць. Пасля смерці ляснічага яны навучыліся маўчаць. Не пікне. Глядзіце тут пільна, я мігам злётаю. — I Анатоль, не трацячы часу, пабег.
— Пайду змяню Паўліка, — сказаў Данік, перадаючы Лёню пісталет. — Глядзі з гэтага боку. На світанні яны могуць пусціць па нашых слядах сабак. Майце на ўвазе, — папярэдзіў ён так, быццам перад ім быў вялікі атрад, якім ён камандаваў,— калі што — будзем біцца да апошняга патрона. Да апошняга!