Выбрать главу

A патронаў гэтых было ў ix не густа, ды i зброі — адзін нямецкі аўтамат i два пісталеты.

— I не здавацца жывымі!

Саша ўздрыгнула ад братавых слоў i мімаволі глянула ў неба: ці падае снег? Няхай бы засыпаў усе сляды! Снег ішоў па-ранейшаму, але вецер сціхаў, i лес шумеў неяк па-новаму, больш спакойна i мірна. Данік, пэўна, злавіў гэты яе pyx, бо падышоў i ціха спытаў:

— Можа, табе пайсці?

— Куды?

— Дадому. Пакуль ноч.

— Не. Я астануся з вамі! — рашуча адказала Саша.

Данік пастаяў, падумаў i нічога больш не сказаў. Ідучы

на варту, прыпыніўся каля нябожчыка, цяжка ўздыхнуў:

— Эх, Цішка, Цішка!

Саша ў адзіноце села на пень. Прыслухалася — што ў яе душы? Не было ні страху, ні таго вострага болю i жалю, якія яна адчула, убачыўшы маленькую чорную ранку на спіне таго, каго ўжо няма. Цяпер душу запаўняў жалобны смутак. Але гэта быў смутак не па адным Ціхану. Яна падумала: колькі вось такіх маладых, як ён, што толькі пачалі жыццё i яшчэ не ўведалі сапраўднага чалавечага шчасця, ляжаць цяпер на полі вайны, i снег засыпае ix целы. Каля многіх няма нават сяброў. Можа, i Пеця… Не, не, Пеця жывы, сэрца яе чуе, што ён жывы, што ён думае пра яе i сваю маленькую дачушку. «Родны мой, любы мой! Калі мы атрымаем ад цябе вестачку? Калі пачуем твой голас?»

Прыйшоў Павел. Спыніўся перад целам друга, i Саша бачыла, як уздрыгваюць яго плечы ад нямога плачу. Пасля ён сеў побач з ёй i пачаў гаварыць — маўчаць было цяжка:

— На станцыю ішлі — ён такі вясёлы быў. Усё жартаваў. Расказваў, як ён у Бабурыхі яблыкі краў. «Сяджу, кажа, на яблыні, зрываю лепшыя яблыкі, кладу за пазуху, а яна, старая ведзьма, як з-пад зямлі i ўжо з крапівой. «Злазь, кажа, чортаў сын, буду пякучкай хвастаць». А ён, Цішка, у адказ: «Чакай, бабуля, абтрушу ўсю яблыню — тады злезу, каб было за што кару прымаць». I пачынае трусіць. «Не трусі!» — крычыць яна. «Хвастаць не будзеш?» — «Не буду, толькі не трусі». — «Маці не скажаш?» — «Скажу!» — «Ах, скажаш! Дык вось табе!» I на старую — град яблык. «Не скажу, не скажу, толькі злазь хутчэй!» Дамовіліся, што яна адыдзе да хлява, тады ён злезе… Маці ўсё-такі яна сказала, парушыла ўмову. «I маці, кажа, гарачых мне ўсыпала!.. Яна i цяпер яшчэ не саромеецца часам ручніком ці чым іншым нада мной памахаць». Хлопцы смяюцца: «Каб яна, мат твая, ведала, каго б'е. Перад табой усе здраднікі дрыжаць, спаць спакойна не могуць…» — Павел схамянуўся, што расказвае недарэчы, што ўжо няма паміж ix вясёлага Цішкі, i прыціх. — Які чалавек быў!

— Што мы скажам маці? — уголас падумала Саша. Цяпер гэтая думка выклікала не менш пакутлівы боль. Павел не адказаў. Саша шэптам паўтарыла яго словы: — Які чалавек быў!

Далей сядзелі моўчкі, кожны са сваімі думкамі.

Падышоў Лёня, які з пісталетам абыходзіў лесасеку, сказаў:

— З таго краю дзялянкі i цяпер яшчэ відно зарыва. Здорава гарыць!

— Каб не сціхла завіруха, — устрывожана сказаў Павел i пайшоў на лесасеку.

Вярнуўся Анатоль, прынёс рыдлёўку, лом i сякеру. Пачалі капаць магілу. Дзяўблі ломам, секлі мёрзлую зямлю сякерай. Саша памагала рукамі — выграбала камякі зямлі, ірвала дробныя карэнні, да крыві абдзіраючы пальцы. Але тады яна не адчувала гэтага. Месца трапіла пясчанае, пад снегам i пластом ігліцы грунт прамёрз неглыбока, i да світання магіла была гатова. На дно накідалі сасновых галінак, мяккіх i духмяных. Потым, па прыкладу Анатоля, усе апранулі кажушкі i ватоўкі, завязалі рамяні — у каго быў, прывялі сябе ў належны выгляд і, зняўшы шапкі, сталі ў апошнюю ганаровую варту. Стаялі доўга, ахопленыя адвечным жаданнем жывых — падоўжыць хвіліны апошняга развітання з блізкім чалавекам.

— Світае, — сказаў Анатоль, i ўсе заспяшаліся.

Палажылі Ціхана на прасціну, паднеслі да магілы. Анатоль ускочыў у яму, прыняў лёгкае цела друга на рукі, асцярожна паклаў на вечную пасцелю. Данік падаў Анатолю руку, ён вылез i дрыжачым голасам сказаў:

— Бывай, наш Цішка, наш дарагі таварыш… Ты загінуў як герой, як камсамолец! За тваю смерць мы адпомсцім праклятым фашыстам! Паклянёмся, таварышы, што адпомсцім!

Глытаючы слёзы, яны вымаўлялі адзін за адным:

— Клянуся!

— Клянуся!

— Клянуся табе, Цішка!

— Мы адпомсцім за цябе!

— Адпомсцім!..

Анатоль узяў рыдлёўку i ўпершыню разгубіўся: цяжка, ой як цяжка было сыпануць халодны жвір на адкрыты твар Цішкі, на вочы, што былі такія ясныя, на вусны, якія колькі гадзін назад весела смяяліся. Саша зразумела гэта, падняла лёгкія галінкі i кінула ў магілу, галінкі закрылі нябожчыку твар. Тады хлопцы пачалі засыпаць магілу. Недзе фыркнуў конь. Яны адразу прыселі, Анатоль i Данік выхапілі пісталеты… Але пачуўся ўмоўны свіст вартавога — Лёні.