Выбрать главу

Але калі яна ўбачыла ўзарваны, бязлітасна знявечаны мост цераз раку — той мост, на які яны колькі разоў прыходзілі з Пецем, — сэрца яе сціснулася. Яна неяк адразу прыгадала (можа, таму ёй так хацелася ехаць), што гэта — горад, дзе прайшло яе юнацтва, тры самыя цікавыя i шчаслівыя гады, дзе нарадзілася ix з Пецем каханне. Тут ёй усё знаёма да драбніц, на многіх вуліцах — кожная выбоіна на тратуары. I ўсё напамінае яго, Пецю.

Цераз бетонны мост ix не пусцілі. Паехалі па Інтэрнацыянальнай. Саша жахнулася: як не падобны гэты горад на той, які яна ведала. Гэты быў бязлюдны, брудна заснежаны, насцярожаны i знявечаны. Першыя руіны, першыя спаленыя дамы — i кожны з ix раніў яе. Павярнулі на Ветраную вуліцу — i сэрца яе заныла. Гэта была адна з вуліц, з якімі асабліва многа звязана ўспамінаў аб тых шчаслівых днях. Тут жыў на кватэры Пеця, адгэтуль ён бегаў да яе на спатканні, тут пісаў свае доўгія пісьмы, дзённікі. Але як змянілася i яна, знаёмая, родная вуліца! I тут многа будынкаў спалена, разбурана бомбамі.

«Ці цэлы дом, у якім ён жыў? Ці цэлы?» — з прымхлівым страхам думала Саша. Вельмі хацелася, каб гэты дом стаяў цэлы, не пашкоджаны, быццам ад гэтага залежаў лес Пеці. Дом быў спалены. Яна застагнала.

— Што з вамі, Саша? — шэптам спытаў Лялькевіч, убачыўшы, як яна змянілася з твару. Ёй раптам стала сорамна за тое, што там, за горадам, у яе быў такі ўзнёслы настрой, што яна паводзіла сябе як дзяўчынка, штурхала камісара, быццам заляцалася. Ёй здалося, што гэтым яна абразіла… памяць Пеці.

«Памяць? Чаму памяць?» — схамянулася яна i прашаптала:

— Не, ён жывы! Жывы!

— Супакойцеся, Аляксандра Фёдараўна! — не папрасіў, a загадаў Лялькевіч.

— Тут жыў Пеця… I дом згарэў…

— Многа дамоў згарэла. A людзі жывуць. Не будзьце прымхлівая! Я разумею — успаміны, але не забывайцеся…

Яны выехалі к пераезду цераз чыгунку, i ix зноў затрымалі. Тут Саша ўбачыла, як многа навокал немцаў — салдат, афіцэраў. Усе яны даўжэй, чым гэта звычайна робіцца ў горадзе, спынялі свае позіркі на ix. Адны глядзелі на фурманку з бочкамі i цэбрамі i на маладую пару, як на нейкае этнаграфічнае дзіва, другія — насмешліва, трэція — варожа i падазрона. Афіцэр загадаў патрулю праверыць пільна, ці няма чаго ў бочках i пад імі? (Лялькевіч за час хваробы добра «праштудзіраваў» падручнік нямецкай мовы i цяпер многае разумеў.) Саша ніколі не бачыла так многа ворагаў вакол сябе: у вёсцы яны былі наездамі i неяк адразу разбрыдаліся, a ў хату заходзіла самае большае трое. А тут вунь ix колькі, у ix сіла, улада, а яна i Лялькевіч без зброі, бездапаможныя. На момант ёй зрабілася страшна. Але немец прачытаў пасведчанне, пропуск, які ім выдалі ў воласці, i зноў-такі з ухвалай сказаў:

— Гандэль? Гут!

Відаць, тым з ix, якія не ведалі ўсіх таямніц гітлераўскай палітыкі, хацелася, каб жыццё на захопленай зямлі ўвайшло ў нейкую нармальную каляіну, тады, магчыма, i яны адчувалі б сябе спакайней.

У Залінейным раёне разбурэнняў не было відаць i часцей сустракаліся нашы людзі, бледныя з твару, бедна апранутыя, таропкія ў позірках i рухах.

Сашы не спадабаўся дом, дзе ім трэба было заначаваць i сустракацца з людзьмі. Яна, як i большасць даваенных студэнтаў, што выхоўваліся непрымірымымі да ўсялякай прыватнай уласнасці, не любіла гэтых дамоў з садамі i сабакамі, гаспадары якіх вельмі неахвотна пускалі ix, студэнтаў, на кватэру. Такі быў гэты дом: вялікі — тры акны на вуліцу, стары, але па-гаспадарску дагледжаны, з высокім парканам i мноствам садовых дрэў, апранутых у густы іней. Але Саша крыху ведала гаспадара, Рамана Сяліцкага, чалавека з іхняй вёскі, які пераехаў у горад гадоў пятнаццаць назад i ўвесь час працаваў на заводзе металістам. Лепш яна ведала яго дачку, якая на год раней кончыла фельчарскае вучылішча.

Iм доўга не адчынялі, i Саша ўбачыла, як гэта ўстрывожыла камісара. Нарэшце завала грукнула, i ў брамцы з'явілася сама гаспадыня. Яна быццам не пазнала адразу Сашы: доўга прыглядалася, потым пляснула далонямі:

— А Божачка! A ці не дачка Хведара Траянава? Пазнала! Колькі год не бачыла, а пазнала. Вылітая маці… А мы з тваёй маткай у дзеўках разам гулялі, у адзін год замуж выходзілі…

— Цётка Буля, паначаваць у вас можна?

— А як жа гэта сваім людзям ды нельга пераначаваць? Заязджайце, заязджайце. Калі ласка. Толькі — вой! — у нас цэлую зіму вароты не адчыняліся. Пайду паклічу старога. Раман! — Гаспадыня гаварыла гучна, на ўсю вуліцу, i Лялькевіч адразу павесялеў: іграла яна сваю ролю ўмела, правільна.

— А гэта чалавек твой?

— Чалавек, цётка Буля.

— Паўчалавека, — пажартаваў Уладзімір Іванавіч, паказваючы на сваю нагу.