Выбрать главу

— Падумаў? — Ён добра ведаў цану сваёй солі.

— Двапуды.

— Не будзь дурнем. На тваё калецтва надбаўляю. — I перайшоў з пудоў на кілаграмы. — Дваццаць кілё.

Дваццаць кілаграмаў солі. Сашы здавалася гэта цэлым багаццем, яна ледзь стрымлівала сябе, каб не сказаць на правах жонкі: «Аддавай, Пеця». Але Лялькевіч зразумеў, што тыпу гэтаму бочкі вельмі патрэбны, i ўпарта змагаўся за кожны кілаграм.

— Дваццаць пяць, — узлавана абвясціў гандляр, чырванеючы ад гневу.

— Дваццаць восем.

— Я скажу паліцыі, каб канфіскавала твае бочкі. Не забывай, што лес цяпер належыць нямецкай дзяржаве. А ты накраў…

Сярод цікаўных, якія акружылі ix, пачуліся нясмелыя галасы абурэння: таргуйся сумленна, не палохай! Але Лялькевіча цяжка было запалохаць. Ён пачціва адказаў:

— Ваша справа, пан. Але няхай шаноўны пан зразумее, колькі мне, калеку, прыйшлося пастаяць на адной назе, каб вось так выгабляваць кожную клёпачку. — Ён стукаў кулаком па самай большай, дубовай, бочцы, i яна гудзела на ўвесь рынак.

Нарэшце сышліся на дваццаці шасці кілаграмах…

— Нам яўна пашанцавала, — сказаў Лялькевіч, калі яны, пасля шматлікіх праверак, выехалі з горада i дабраліся да лесу, дзе адчулі сябе бяспечна i ўтульна. Уладзімір Іванавіч быў задаволены, вясёлы. Яму хацелася гаварыць, магчыма, гэтак жа, як учора ёй. — Чаму вы такая панурая, Саша? Вас усхваляваў гэты дом? Далібог жа, забабоны! Выкіньце з галавы! Больш таго, я хачу, каб вы зразумелі… Мы вядзём бязлітасную барацьбу са страшным ворагам… У такіх умовах нельга даваць волю сваім пачуццям. Трэба ўмець імі валодаць. Трэба, кажучы груба, заціснуць ix вось так. — Ён паказаў кулак. — Інакш мы пачнём забываць пра галоўнае.

Саша маўчала. Яна думала, як, аднак, змяніўся гэты чалавек, некалі малады, вясёлы настаўнік, вялікі аматар валейбола i лыжных прагулак. Цяпер толькі адно яго радуе — поспех у барацьбе, бо толькі змаганнем ён жыве, гарыць. Ён прылёг на бок, паклаўшы галаву на клунак з соллю, i нешта ціха насвістваў. Ён адпачываў пасля двух нялёгкіх дзён. Але ў той час бяда магла напаткаць там, дзе яе зусім не чакаеш. Саша першая ўбачыла, як з лесу выйшлі двое ў цывільным адзенні i спыніліся на дарозе; не магло быць сумнення, што яны чакалі ix. Яе здзівіла, чаму так збялеў Лялькевіч, убачыўшы гэтых людзей. Праехаў горад, дзе, можа, дзесяць патрулёў i пастоў праверыла, i ён паводзіў сябе зусім спакойна. А тут як бы спалохаўся.

— Слухайце, Саша… Калі што якое, я буду біцца з імі… Кулакамі… А вы ганіце каня… Ганіце што ёсць сілы. Я не дам ім стрэліць, калі ix толькі двое.

Саша не разумела: чаму, навошта?

— Пад намі, у дошцы, друкарскі шрыфт i ў хамуце сёетое… Ганіце! — Ён перадаў ёй лейцы i пугу.

У тых дваіх зброі не было відаць. Але адзін з ix, мал од шы, даволі энергічна спыніў каня.

— Зноў праверка? — спытаў Лялькевіч.

— Конь нам твой патрэбен, — лагодна адказаў другі, з маладымі вачамі, але густой чорнай барадой.

Лялькевіч спрытна скочыў з саней, закульгаў.

— Браток, родненькі, пашкадуй. Ад каго забіраеш? Паглядзі, якая ў мяне нага. Дзеці галадаюць. Конік гэты на сем двароў, i збруя чужая. Што мне людзі скажуць? Скажуць: каня прадаў.

— Не скажуць.

— Не дам. Мёртвы лягу, а не дам! Жонка, прасі! Галасі, Саша! Як дзецям крупы панясём? — Пра соль ён пабаяўся сказаць.

Але Сашы было цяжка галасіць.

Барадаты стукнуў сябе кулаком у грудзі.

— Зразумей! Вось як, — ён правёў далоняй па шыі,— нам конь патрэбен. Не для забаўкі забіраем.

У гэты час малады пачаў энергічна распрагаць. Убачыўшы, што яны маюць намер забраць аднаго каня, без саней, Лялькевіч супакоіўся, але прытворна залямантаваў. (Пасля Саша напамінала яму гэтае галашэнне, i яны разам смяяліся.)

— Ой, людцы, ратуйце! Рабуюць! Саша, родная, гінем! На чым бочкі вазіць будзем? Дзеці з голаду памруць! Не дам! Мёртвым лягу. — Схапіўся ён за аброць.

— Мёртвым не ляжаш, а па спіне атрымаеш, — спакойна адказаў той, што распрагаў.— Адыдзі!

— Хамут! Хамут хоць аддайце! Чужы!

— Аддай ты яму хамут, гэтай бабе! Жанчына маўчыць, а ён скуголіць, як сабака. Брыдка слухаць. Можа, сам сабе нагу скалечыў, каб на фронт не ісці.

Малодшы зняў i шыбануў яму пад ногі хамут.

— На! Не хамут, а чорт ведае што! Пуд важыць. Каня мог скалечыць. Гаспадар!

Без лішніх слоў яны хутка пайшлі па няўезджанай лясной дарозе, у бок ракі, i зніклі за дрэвамі. Камісар доўга глядзеў ім услед. Ціха засмяяўшыся, з захапленнем сказаў: