Выбрать главу

— Саша… слаўная… Я люблю… люблю… люблю…

Інстынктыўна, у нейкім парыве яна на момант сашчапіла свае рукі ў яго на шыі, але тут жа схамянулася i моцна адштурхнула яго; ён ледзь утрымаўся на нагах. У яе гнеўна раздзьмуліся ноздры, на шчоках з'явіліся пунсовыя плямы.

— Уладзімір Іванавіч! — сказала яна так гучна, што ён спалохана азірнуўся — не пачулі б суседзі — i замахаў рукой. Але яна забылася на асцярожнасць. — У мяне дачка… i муж. Я кахаю свайго мужа… Я чакаю яго. I вы выкіньце з галавы! Hi на што не спадзявайцеся… Чуеце? Уладзімір Іванавіч!..

— Чую, Аляксандра Фёдараўна. Даруйце…

А навакол шумела вясна. Радавалася ўсё жывое. Толькі людзі не маглі радавацца. Людзі ваявалі.

1957

Агонь і снег

Аповесць трэцяя

1941

24 чэрвеня

Вайна… Трэція суткі, як яна пачалася. Ударыла, як гром з яснага неба, аглушыла, i я ніяк не магу апомніцца. Не толькі цяпер, пасля бою, пасля першых выбухаў бомбаў i нашых няўмелых стрэлаў, гудзіць у вушах. Не, гэты звон i гул у галаве з'явіліся адразу ж, як толькі я, першым на батарэі, пачуў аб вайне. I страх (мне сорамна прызнацца ў гэтым), страх таксама запаланіў душу з першых хвілін. Увесь час думаю пра смерць. Няўжо гэта канец? У дваццаць адзін год? Няўжо я ніколі не вярнуся дадому, не ўбачу маці, Сашу i маю маленькую дачушку?..

Здаецца, страшная не сама смерць, не ўсведамленне, што я, маленькі чалавечак, кропля ў людскім акіяне, перастану існаваць. Найбольшы страх ад думкі, што ніколі… ніколі ўжо (вось ад чаго ледзянее кроў) я не ўбачу Сашу. Саша! Каханне мае! Каб ты пачула крык майго сэрца! Я не хачу паміраць! Я хачу жыць! Жыць! Я хачу прыйсці да цябе, упасці да тваіх ног i цалаваць ix, цалаваць сляды на той дарозе, па якой ты хадзіла.

Не магу спаць, сон не прыходзіць трэцюю ноч. Як толькі заплюшчу вочы — адразу ж паўстаюць яна, мая Саша, з дачушкай на руках, Аніна хата, такая любая цяпер майму сэрцу, дарога, наша дарога ўздоўж Дняпра, па якой прыйшоў я i па якой Саша правила мяне сюды, у гэты далёкі, суровы паўночны край, не ведаючы, што праводзіць на вайну. Як ніколі раней, прыгадваюцца кожнае яе слова, кожны жэст, пацалунак — усё-ўсё. I страх смерці расце, душыць, скоўвае. Дзіўная рэч! Ці даўно быў той час, калі я любіў чытаць пра вайну i, як, напэўна, многія мае равеснікі, употай марыў аб ваенным подзвігу? Мне здавалася, што адразу ж я здолею зрабіць нешта такое, што праславіць мае імя i выратуе чалавецтва… Цяпер я сумна ўсміхаюся, успамінаючы гэтыя думкі. Наіўны хлопчык! Ты можаш памерці, не зрабіўшы аніякага подзвігу, нават самага маленькага. Ужо сёння я мог памерці. Зусім інакшай паўстала ў маім уяўленні вайна — нічога прыгожага, адно жудаснае. Я думаю: якое гэта шчасце — мір, цішыня на зямлі! О, каб дажыць да такога дня!

Усяго некалькі дзён назад мы, курсанты, амаль усе крыху фразёры, многа гаварылі пра немцаў, аб ix ваеннай тэхніцы i перамогах, якія ім так лёгка даваліся ў Еўропе. Мы нават крыху захапляліся ix аперацыямі. Я асабіста ды, напэўна, i мае сябры таксама не адчувалі асаблівай нянавісці. Больш было слоў, гучных фраз, чым пачуццяў. А цяпер… Як я ненавіджу ix цяпер! Ажно кіпіць у грудзях, калі я думаю пра ix, пра ix тэхніку, пра ix перамогі… Ад гэтых «перамог» паміралі вось такія ж, як я, як Сеня, як Віктар, хлопцы — чэхі, французы, югаславы… Цяпер яны прыйшлі, каб забіць нас.

Я ўспамінаю сённяшні бой, i мне робіцца яшчэ больш страшна, горка i крыўдна.

Яны прыляцелі адвячоркам. Разлікі займаліся каля гармат, вялі ўмоўную стральбу па сваіх самалётах. Цяпер мы трэніруемся дзень i ноч, толькі i чуваць: «Па самалёту над другім!» Між іншым, мне адразу не спадабалася, што мы «страляем» у свае самалёты. Іншая рэч, кал i гэта было да вайны: вучыліся лётчыкі — вучыліся мы. А цяпер яны лётаюць на задание, у бой, па ix вядуць агонь немцы, часта яны вяртаюцца (мы бачым гэта) з прабітымі крыламі i фюзеляжамі, магчыма, раненыя. I раптам каля роднага аэрадрома ix сустракаюць нацэленымі зеніткамі. Я на ix месцы запратэставаў бы супраць такой сустрэчы. Учора я сказаў пра гэта лейтэнанту Купанаву, камандзіру батарэі. Ён паглядзеў на мяне, падумаў i лагодна сказаў:

— Вы многа разважаеце, Шапятовіч.

…Аднак

Яны прыляцелі тады, калі недзе там, у нас, у Беларусі, заходзіла сонца. А тут яно павісла над лясістай градой невысокіх гор, каб болыи не зніжацца да самай «раніцы». Спачатку вельмі нечакана, быццам вынырнулі з гары, з'явіліся над Туломай два «месершміты». Даўгія, чорныя, як вужы, яны прайшлі нізка над гідрастанцыяй, схаваліся за ўсходнімі сопкамі i зноў вынырнулі над аэрадромам.