Выбрать главу

25 чэрвеня

Уночы, калі я пісаў, да мяне падышоў Сеня Пясоцкі, мой лепшы друг. Мы пасябравалі яшчэ ў дарозе, у цяплушцы, калі нас везлі з Гомеля сюды, на Поўнач. Разгаварыліся, i высветлілася, што ён добра ведае Сашу, што маці яго — тая ўрач Марыя Сяргееўна, пра якую расказвала мне Саша з павагай, з гордасцю за сваю дружбу з гэтай жанчынай. Праўда, я трохі быў насцеражыўся, калі Сеня пачаў хваліць Сашу, нават варухнулася раўнівае пачуццё: ці не закаханы гэты хлапчук у маю жонку? Але потым я зразумеў, што захапляцца людзьмі, хваліць ix больш, чым трэба, — рыса яго характару. У армію яго ўзялі са школьнай парты, ён толькі скончыў дзесяць класаў. I на выгляд Сеня быў яшчэ дзіця, вучань: маленькі, худзенькі, з тонкім, як у дзяўчыны, голасам, з вялікімі вачамі, у якіх вельмі выразна адбіваўся яго настрой, з маленькімі, смешна адтапыранымі вушамі. Помню, у вагоне яму казалі: «Хлопчык, пасунься, дай месца. Хлопчык, збегай па ваду». Ён вінавата ўсміхаўся i паслухмяна ўсё выконваў. Але на батарэі даволі хутка Сеня заваяваў агульную павагу за сваю сардэчнасць i надзвычай шырокія веды. Яго так i называлі — «эрудыт». Эрудыцыя гэтая спалучаецца ў яго з рамантычнай, крыху наіўнай юнацкай узнёсласцю. Я палюбіў яго, мы сталі, як кажуць, неразлучнымі сябрамі.

Сеня падышоў непрыкметна. Я ўбачыў яго, калі ён сеў на бруствер, амаль над галавой у мяне, правільней — не ўбачыў, a адчуў i адразу пазнаў — хто. Не вельмі сумеўся ад таго, што мяне захапілі ў такі незвычайны час за такім дзіўным заняткам (бадай, нікому не прыйшло ў галаву пісаць адразу ж пасля бою). Я напісаў яшчэ некалькі слоў, потым загарнуў сшытак, глянуў на друга. Як завастрыўся яго твар, як запалі яго вялікія вочы за тры дні.

— Што ты пішаш? — спытаў ён шэптам.

Я падняўся, абапёрся на бруствер каля яго ног i даверліва прызнаўся:

— Дзённік.

— Дзённік? — Ён здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік.

— Ты думаеш, могуць забараніць? — устрывожыўся я, верачы, што Сеня ўсё ведае.

Ён падумаў.

— Не, забараняць бадай што не будуць. Але навошта табе? Я не люблю дзённікаў. У ix хлусяць…

Я сціснуў яго калена i горача зашаптаў:

— Не, я напішу праўду. Напішу ўсё, што перажыў, што перадумаў… Я пішу для Сашы, а ёй я ніколі не хлусіў. Я хачу, каб тады, калі мяне не стане…

— Пеця! Выкінь з галавы дурныя думкі.

— Ты думаеш, мы выйдзем жывыя з гэтага пекла?

— Ніхто не ведае, хто загіне, хто будзе жыць. Але ўсе мы павінны думаць пра жыццё. Інакш які сэнс у змаганні? Каб перамагчы…

— Усё гэта правільныя словы, Сеня. Але ў мяне прадчуванне…

— Глупства. У цябе проста страх. Думаеш, у мяне, у другіх хлопцаў няма яго? Але мне здаецца, што я пачынаю перамагаць гэтае агіднае пачуццё. Пасля сённяшняга бою…

— Бой! Які гэта бой! Пасля яго я адчуваю сябе яшчэ горш! Як мы стралялі! Ганьба!

Ён усміхнуўся:

— Праўда, стралялі пагана. Але, кажуць, першы блінец заўсёды комам…

— Блінец! — пачаў злаваць я. — У каго ты набраўся такой разважлівасці? Такія «блінцы» нам вылезуць бокам… Заутра, можа, праз гадзіну… Наляцяць зноў… i расстраляюць такіх зенітчыкаў з кулямётаў.

Мы адначасова паглядзелі на неба. Колькі часу яно будзе чыстае?

Сеня ўздыхнуў i задумліва сказаў:

— Але… За восем месяцаў мы добра навучыліся хадзіць на лыжах, класічна казыраць… I толькі страляць з асноўнай сваёй зброі не навучыліся. Усе гэтыя трэніроўкі без баявой стральбы… чаго яны варты? A Кідала нават сілуэтаў не ведае. Даказвае, што гэта былі «Ю-88».

— Пясоцкі! Вы зноў за сваё. Не навучылі вас? — нечакана прагучаў з нішы голас сяржанта Тарных. — Шапятовіч, спаць! Развінціліся!

Не ўсе, значыцца, спяць! Сеня ўздрыгнуў, пабялеў i, падняўшыся, панура пасунуўся да свайго дальнамера. У мяне балюча сціснулася сэрца. Стала вельмі шкада гэтага добрага, разумнага хлопца. «Зноў за сваё». За што — сваё? Што кепскае ён сказаў? Чаму часам невукі, выскачкі, салдафоны ў большай пашане, чым такія, як Сеня? Колькі ён перажыў за гэтыя тры дні, мой друг! Больш, чым усе мы. I не скардзіцца, не ные, не кідаецца ў паніку, а мужна трывае. Мне хочацца напісаць пра ўсё, што здарылася з ім. Магчыма, запісы мае праз Сашу дойдуць да яго маці.

Пачну спачатку.

Мы так стамляліся ад заняткаў, работы, вучэбных трывог, што нядзелі, калі можна трохі адпачыць, лішнюю гадзіну паспаць, чакалі, як найвялікшага свята. Але для мяне тая нядзеля не была радасная: за чытанне Горкага на палітвучобе я атрымаў тры нечарговыя нарады i мусіў дняваліць.