Ішоў дождж. Другія суткі нізкія хмары ахутвалі вяршыні навакольных сопак i бесперапынна сеялі густы дождж. Накінуўшы плашч-палатку, я хадзіў па лінейцы, якую сам толькі што старанна падмёў. Лінейка цягнецца ўздоўж зямлянак, выкапаных на схіле пясчанага ўзгорка, на якім віднеюцца накрытыя чахламі гарматы. З другога боку, унізе, скача па каменнях вясёлы гаманлівы ручай. Навокал пуста i ціха. Пасля снедання мае сябры «дабіраюць» тое, што недаспалі за тыдзень, ці пішуць пісьмы. Мне было крыху зайздросна: хацелася i паспаць i напісаць пісьмо. Але разам з тым было прыемна хадзіць у адзіноце i думаць пад шум дажджу i ручая — ніхто не перашкаджаў. Я думаў пра Сашу, «пісаў» чарговае пісьмо, шукаючы самыя пяшчотныя словы.
У дванаццаць гадзін у пасёлку, кіламетры за два ад нас, загаварыла радыё. Слоў нельга было разабраць, але мне здалося па тону, што перадаюць нешта важнае. Захацелася паслухаць. Рэпрадуктары былі ў ленінскім кутку i ў афіцэрскай зямлянцы. У кутку, я ведаў, палітрук i рэдкалегія выпускаюць насценную газету, дзе, напэўна, распісваюць i мяне — мае нарады. Я не любіў малодшага палітрука Сідарэнку. Нічога кепскага ён мне не зрабіў i ўвогуле, здаецца, чалавек неблагі, мяккі па характеру, гаманкі, просты. Але не падабаліся яго жарты. Мяне, напрыклад, ён даволі часта насмешліва называў «жанацік» i колькі разоў з непрыемнай цікавасцю распытваў, як я жаніўся, якая ў мяне жонка. Таму я не пайшоў у ленінскі куток, a зазірнуў у камандзірскую зямлянку, каб сказаць лейтэнанту Купанаву, што перадаюць нешта важнае, i паслухаць самому. Але камандзір батарэі смачна i бестурботна спаў, па-дзіцячы раскінуўшы рукі.
Я ціха ўключыў радыё і… аслупянеў. Вайна! Я адразу зразумеў гэта i страшэнна разгубіўся, не ведаючы, што павінен рабіць як днявальны, як баец, як чалавек, нарэшце, грамадзянін сваёй Радзімы. Помню, я падумаў пра Сашу, i мне зрабілася так балюча, быццам у той міг я назаўсёды страціў яе, самага дарагога чалавека.
Лейтэнант расплюшчыў вочы, глянуў на мяне i… павярнуўся на другі бок, напэўна, яму здалося, што ён нешта сніць.
Тады я крыкнуў:
— Таварыш лейтэнант! Вайна!
Ён падхапіўся, як па трывозе, пачаў імкліва адзявацца. Вокамгненна нацягнуў штаны, абуў боты i раптам застыў, усунуўшы руку не ў той рукаў гімнасцёркі. Дзіўна збялела яго ніжняя губа, калі ён пачуў заключныя словы Старшыні Саўнаркома. Упершыню ўбачыў я таго, каго мы з павагаи называлі Напалеонам, разгубленым i спалоханым.
— Што рабіць, таварыш лейтэнант?
— Што рабіць? — Ён апусціў гімнасцёрку i знясілена сеў на ложак. — Што рабіць? — Ён, як i я, не ведаў, што рабіць у гэтую страшную хвіліну, i, можа, цэлую мінуту сядзеў нерухома са скамянелым тварам. Потым схамянуўся, успомніу свае абавязкі i крыкнуў:
— Трывога!
— Трывога! Тры-ы-во-ога! — не сваім голасам падхапіў я,
выскачыўшы з зямлянкі.
Віктар Вальноў, які не спаў i выбег першы, незадаволена кінуў мне:
— Звар'яцелі вы з Напалеонам. Якая трывога ў такі дождж? Тры дні матчастку будзеш чысціць.
Я не паспеў яму адказаць — трэба было хутчэй скідаць з гарматы чахол.
— Другое гатова! Першае гатова! Прыбор гатоў! — дакладвалі адзін за адным камандзіры, як заўсёды, весела, задаволеныя спрытнасцю сваіх разлікаў, якія навучыліся выбягаць па трывозе за адну мінуту.
Камбат стаяў пасярод пазіцыі ў адной гімнасцёрцы i ўглядаўся на захад, у заслону дажджу, чакаючы ворага. Крыкнуў сувязістам:
— Запытайце гукаўлоўнікі!
Не, шуму матораў не было. Шумеў дождж. Потым Купанава паклікалі да тэлефона.
Я сказаў сваім сябрам па разліку:
— Вайна, хлопцы.
Паверылі не адразу.
На мітынгу, на які нас склікалі пасля таго, як камандзір i палітрук пагутарылі з камандным пунктам дывізіёна, Сідарэнка, заікаючыся больш, чым звычайна, паведаміў, што ў чатыры гадзіны раніцы фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз. Мяне ўразіла гэтае паведамленне: восем гадзін ідзе вайна, а мы нічога не ведалі, баявая батарэя спакойна, па-мірнаму адпачывала. Чаму? Мы ж ведаем, што недалёка ад нас, у Нарвегіі, таксама немцы i яны не могуць не выступіць. Думка такая, відаць, шмат каго з курсантаў устрывожыла. A выказаў яе шчыры, непасрэдны Сеня Пясоцкі. Кал i палітрук скончыў сваю прамову, ён спытаў:
— Таварыш малодшы палітрук, чым растлумачыць, што мы так позна падняліся па ваеннай трывозе? У век радыё…
Сідарэнка сумеўся, не ведаючы, што адказаць, глянуў на камандзіра батарэі i загадаў: