Выбрать главу

— Та-т-та-аварыш П-пясоцкі, т-трымайце я-язык з-за-за зубамі.

Першым выступіў зампаліт Сцяпан Кідала, таксама мой друг, але не па душэўнай блізкасці, як Сеня, а па абставінах. Чатыры гады мы вучыліся ў адным тэхнікуме, у адной трупе, нават нейкі час жылі на адной кватэры. Сцяпан гады на два старэйшы за мяне. Асаблівымі здольнасцямі ён не вызначаўся, але быў надзвычай настойлівы ў дасягненні мэты, а таму заўсёды актыўны. У тэхнікуме ён узначальваў прафком. Тут, у арміі, таксама хутка пайшоў угору: праз паўгода начапіў трохкутнікі зампаліта. Ен гаварыў так, быццам перад ім была не батарэя, а сама меней — дывізія. Ажно недзе за Туломай, у гарах, адбівалася рэха яго басавітага голасу.

— …Фашысты дрэнна ведаюць магутнасць нашай Чырвонай Арміі. Хутка яны пазнаюць яе! Не пройдзе i тыдня, як мы будзем маршыраваць па вуліцах Берліна! Вораг будзе разбіты на яго ж зямлі!..

Потым ён гаварыў яшчэ, што няхай толькі з'явяцца фашысцкія самалёты тут, над «паўночнай крэпасцю», усе адразу будуць збіты трапным агнём нашых батарэй. (Я ўспамінаю цяпер, пасля налёту, яго словы, i мая непрыязнасць да гэтага пустаслова расце.)

Усе мы цвёрда ўпэўнены, што няма ў свеце больш магутнай арміі, чым наша, i дагэтуль верым, што вайна будзе перанесена на чужую зямлю — у Польшчу i далей — у Германію, што нашы часці не адступяць ні на крок ад мяжы. Але залішне крыклівая, занадта ўжо самаўпэўненая прамова Кідалы была мне непрыемная. Навошта гэтак крычаць у такі момант? Хіба такія словы патрэбны людзям, каб узняць баявы дух? Нялёгка знайсці ix, патрэбныя словы!

Відаць, гэта адчувалі многія, а таму выступалі неахвотна i ў сваіх прамовах паўтараліся.

Палітрук звярнуўся да Сені — ён быў выдатнік вучобы:

— Вы, Пясоцкі, скажаце?

Сеня адмовіўся. Можа, таму, што яму толькі што загадалі «трымаць язык за зубамі».

Пасля мітынгу мне захацелася пагутарыць з Сенем, з іншымі хлопцамі, пачуць, што думаюць, што адчуваюць яны. Магчыма, гэта было хітрае жаданне: праверыць свае ўласныя думкі, адчуванні. Разлікі стаялі нагатове каля гармат і прыбораў, хоць наўрад ці была такая патрэба: дождж i хмары засцілалі ўсё наваколле i самалёты ў такое надвор'е не маглі ўзляцець. Я папрасіўся ў камандзіра схадзіць да дальнамера. Хлопцы сядзелі пад чахлом, маўклівыя, панурыя. Я сеў побач, абдумваючы, з чаго пачаць гаворку, каб прымусіць ix выказацца шчыра пра ўсё. Спытаў у Сені, чаму ён не выступіў.

— А што гаварыць? — неяк ажно ўстрапянуўся ён. — Крычаць, як Кідала? Абяцаць праз тыдзень Берлін узяць? Нельга забываць, што ў немцаў двухгадовы вопыт вайны, лепшая авіяцыя… танкі… Вайна з такім ворагам будзе нялёгкая! Страшная вайна будзе, Пеця, вельмі страшная. Пра гэта трэба было сказаць…

— Значыцца, вы не верыце ў перамогу, курсант Пясоцкі? — раптам прагучаў над нашымі галовамі гол ас Кідалы. Ён стаяў на брустверы неглыбокага дальнамернага катлавана ў накідцы, з-пад капюшона блішчалі яго злосныя вочы.

Сеня не разгубіўся ад такой нечаканасці i смела адказаў:

— Я веру ў перамогу! Але крычаць, не ведаючы ворага, што мы закідаем яго шапкамі, каму гэта патрэбна? Каб заспакоіць нас? А я не хачу быць спакойным у такі час! Не жадаю!..

— Ах, не жадаеш?

— Не! Я хачу быць гатовым да ўсяго, самага страшнага!

— Да чаго — страшнага?

— Да ўсяго, што можа быць на вайне.

— Ты выдаеш сябе за вялікага разумніка. Пабачым, адкуль у цябе такі розум!

— Пакінь, Сцяпан! Не рабі з сябе начальніка! Не такі сёння дзень, каб сварыцца, — не стрываў i ўмяшаўся я, карыстаючыся правам друга.

— А ты чаму тут, падпявала? Тваё месца каля гарматы! Бягом, марш!

Я аслупянеў. Усяго я чакаў ад Кідалы, але такога… Не, я кепска ведаў гэтага чалавека.

Праз нейкую гадзіну на закрытым камсамольскім сходзе абмяркоўвалі пытанне: «Аб паражэнчым настроі ў курсанта Пясоцкага».

— У той час, калі ўся наша вялікая Радзіма, увесь савецкі народ узнімаецца, каб даць адпор нахабнаму ворагу, у нашых радах, таварышы, знайшоўся чалавек, які сумняваецца ў магутнасці Чырвонай Арміі…

— Няпраўда! Я не сумняваюся! — запярэчыў збялелы Сеня.

Усе паглядзелі на яго ca здзіўленнем: перапыняць палітрука — парушэнне дысцыпліны, за гэта можна атрымаць яшчэ большую кару.

— К-курсант П-пясоцкі! — Сідарэнка губляў думку, калі яму перашкаджалі, а таму доўга маўчаў — нервова хадзіў перад камсамольцамі, якія зноў панурылі свае галовы, цёр далоні. Нарэшце сказаў, але ўжо не спакойна-інфармацыйна, a з гнеўным абурэннем: — Б-бачыце, гэты чалавек хоча падарваць баяздольнасць батарэі. Распускае панічныя чуткі… Усхваляе фашысцкую тэхніку… авіяцыю…