— Выспаўся? Суп твой вунь у кацялку… у нішы.
Сяржант Тарных быў бязлітасны камандзір, у час вучобы
ён не даваў нам хвіліны адпачынку, i мы не любілі яго. Ён ніколі не дазваляў сабе фамільярнасці ў адносінах з курсантам!. I раптам такі клопат — даў выспацца, не разбудзіў нават на снеданне, загадаў прынесці суп… I сяброўскае ты… Дзіва!
Зноў нахмарыла. Імжыць дождж. Слава табе, неба Поўначы, што ты так часта пакрываешся хмарамі! Здаецца, з учарашняга дня я моцна палюбіў такое надвор'е. Ды ці я адзін? Праўда, ніхто не можа даць гарантыі, што яны не прыляцяць i ў дождж. Але пакуль што ix няма, пакуль што мы маем перадышку.
Камандзір батарэі сабраў каля першай гарматы ўсіх зараджаючых i трэніруе да сёмага поту, не можа дараваць заклінення. Мне шкада хлопцаў: ім i ў час вучобы даставалася больш, чым іншым нумарам, i цяпер таксама. A ці так ужо вінаваты яны? У ix дрыжалі рукі, як i ва ўсіх нас, як, напэўна, i ў самога Купанава… Я думаю, што наш разумны камбат робіць не вельмі разумна: a калі налёт — ці здолеюць стомленыя людзі зараджаць лепш?
Хлопцы сабралі грошы, усе, у каго якія былі, упрасілі сяржанта, i — дзіва! — той дазволіў, каб самы спрытны i ўвішны, устаноўшчык трубкі масквіч Раман Войтаў падскочыў на пасёлак у краму. Ён прынёс адтуль цэлы рэчавы мяшок папярос, самых дарагіх, якіх ніхто, бадай, акрамя Рамана, з нашага разліку яшчэ ніколі не курыў, нават сяржант. Цяпер хлопцы ляжаць за каменем, з асалодай пускаюць дым i бяскрыўдна лаюць мяне дурнем за тое, што адмовіўся ад прапановы пачаць курыць.
— Не хоча — не трэба, хай беражэ свае дарагое здароўе.
— Дурань! Не п'е, не курыць… Памрэ — пашкадуе.
Памрэ… Навошта лішні раз гаварыць пра смерць?
Я стараюся не слухаць ix размовы, залажу глыбей у нішу i пішу. Пішу з ліхаманкавай хуткасцю. Але адчуваю, што не ўпраўлюся запісаць усё, што мінулая ноч i гэтая хмарная раніца — шчаслівая для мяне выпадковасць, якая, магчыма, ніколі не паўторыцца. Трэба выкарыстаць цалкам гэтыя вольныя хвіліны. Якія падзеі, якія думкі i перажыванні я забыўся занесці ў гэты сшытак? Чатыры дні здаюцца вечнасцю. Божа мой, калі гэта на зямлі быў апошні мірны дзень, той суботні вечар, кал i мы ў сваім чырвонаармейскім кутку праводзілі сход, прысвечаны пяцігоддзю з дня смерці Максіма Горкага! Я чытаў на памяць урывак з «Чалавека».
«Человек! Точно солнце рождается в груди моей, и в ярком свете его медленно шествует — вперед! и — выше! — трагически прекрасный Человек!»
Хораша я прачытаў гэтыя i яшчэ многія цудоўныя словы, сам заварожаны ix музыкай, ix глыбокім сэнсам. Хлопцы апладзіравалі так, што мне зрабілася няёмка. Купанаў сядзеў, з ухвалай ківаў галавой i неяк дзіўна ўсміхаўся. А Сідарэнка сказаў пасля:
— Вы, Шапятовіч, дрэнна разумееце Горкага.
Мяне гэта здзівіла i пакрыўдзіла. Я не разумею Горкага?
— А як вы разумееце? — спытаў я.
Ён не адказаў, i я дагэтуль не ведаю, што не спадабалася палітруку ў маім чытанні. I вось цяпер зноў загучалі ў маёй галаве горкаўскія словы. Я не толькі чую ix, але адчуваю, нібы яны матэрыяльныя, бачу перад сабой i бясстрашную велічную Мысль, i Любоў, i Нянавісць… i Надзею!.. Чаму «палахлівае бяссілле Надзеі»? А я хачу мець Надзею! I мая Надзея не можа мне спяваць аб радасцях спакою, не можа быць у саюзе з Хлуснёй i штурхаць у ціну салодкай Ляноты. Не! Мая Надзея іншая! А што сказана пра страх? Якое месца ў Чалавеку адводзіць яму вялікі пісьменнік? Я натужліва ўспамінаю… Няўжо пра страх нічога няма? Не, вось — «страх смерці ўладна гоніць Чалавека ў цямніцу Веры…». Не, немагчыма, нельга запісаць палёт думак. Яны — як маланкі, ахапілі адразу ўсё. A пішу я марудна, страшэнна марудна, хоць, магчыма, ніводзін чалавек у звычайных умовах не мог бы пісаць хутчэй… З усяго хаосу думак я зразумеў толькі адно: інакш, больш глыбока i цвёрда, сэрцам прымаю я тыя словы, якія чатыры дні назад з тэатральнай узнёсласцю чытаў, з патаемным самалюбным жаданнем бліснуць перад сябрамі, якія ведаюць Горкага, i здзівіць тых, хто не чуў, не чытаў, не помніў «Чалавека». Шмат за якія пачуцці мне зрабілася сорамна i больш за ўсё за страх. Я напісаў гэтае слова з вялікай літары, але тут жа закрэсліў яе: не, не мае права агіднае пачуццё на такую пашану! Але мне ніколі не будзе сорамна за маю Любоў! Ніколі!
Здаецца, я хачу спрачацца з Горкім, папраўляць яго. Наіўна!
У катлаван зайшоў камандзір гарматы, убачыў мяне, крыва ўсміхнуўся:
— Раман пішаш?
Я сумеўся:
— Не. Пісьмо. Жонцы.