Адрываю вочы ад стрэлак, кідаю позірк у неба. Прыгожыя чорныя букеты разрываў вісяць у ясным блакіце. Дзе ж самалёт? Няўжо ён не падае яшчэ? Не, грымяць залпы… Стукаюць аб лапы гільзы.
Нарэшце — стоп! Усё адразу сціхла. «Збілі! Збілі!» — хацелася закрычаць мне ад радасці. Я саскочыў з сядзення, глянуў у неба… Што гэта? Фашыст аддаляўся ад нас роўна, спакойна, на той жа вышыні, па тым жа курсе. Ён быццам смяяўся з нас, не звяртаючы ўвагі на разрывы, што цягнуліся па яго следу.
Хацелася плакаць ад роспачы. Хто ж вінаваты? Гарматы, прыборы ці мы, людзі, наша няўменне? Няўжо гэта будзе паўтарацца кожны раз?
Сяржант наш злосна закрычаў на кагосьці. Ён злаваў. Я, ён, Паўлюк — усе мы саромеліся глядзець адзін аднаму ў вочы, саромеліся больш, чым пасля таго першага бою, калі, як суслікі, схаваліся ў норы. Тады нас бамбілі, абстрэльвалі… А цяпер нішто не перашкаджала збіць яго…
Нехта з гарматнікаў абвінаваціў прыборшчыкаў: трапнасць агню залежыць ад ix, а яны баяцца, у ix дрыжаць рукі i яны робяць памылкі ў вылічэннях, якія паступаюць на гарматы.
Абураны, я першы крыкнуў ім:
— Халтуршчыкі! Партачы! Саломай вас трэба карміць за такую работу!
А на дальнамеры i прыборы — мае лепшыя сябры.
Напалеон чамусьці ўзлаваўся за мой папрок прыборшчыкам, выклікаў да сябе i моцна «намыліў» галаву. Сідарэнка пры гэтым падаграваў камбата, напамінаў усе мае старыя грахі. Я чакаў, што ён скажа пра маю падтрымку Пясоцкага. О, як бы я адказаў яму, нагадаўшы ўчарашнюю зводку! Але гэты «грэх» ён не ўспомніў.
27 чэрвеня
З'явіўся Мінскі напрамак. Мінскі! Нічога не разумею. Што ж там адбываецца? Хлопцы надаюць нейкае значэнне паведамленню аб пераходзе да нас нямецкага салдата, заяве палоннага лётчыка аб тым, што ваяваць з рускімі яны не жадаюць i робяць з гэтага аптымістычныя вывады, спадзяюцца на рэвалюцыю ў Германіі. А я чамусьці не маю гэтай надзеі. Я не веру перабежчыкам i палонным! Усе яны хлусяць, ратуючы сваю шкуру. Мяне больш трывожыць паведамленне аб тым, што вораг скідае ў Беларусі парашутыстаў. Ледзянее кроў, калі я думаю, што гэтыя адборныя фашысцкія галаварэзы могуць апынуцца там, дзе жыве Саша. Што яна будзе рабіць адна, бездапаможная, магчыма, яшчэ хворая, з дзіцем на руках? I наогул, дзе яна цяпер? Што з ёй? Адгукніся, мой друг, мае каханне, i мне будзе лягчэй, я ўсё перамагу тады!
Зноў двойчы стралялі, i зноў паляцелі яны непакараныя, паказаўшы нам хвасты ca свастыкай. Я пачынаю страчваць веру ў зброю, пра якую нам восем месяцаў расказвалі цуды.
29 чэрвеня
Па батарэі пранеслася чутка, што нас будуць пасылаць малодшымі камандзірамі ў іншыя батарэі, дывізіёны, нават некуды на поўдзень ці ўсход, дзе фарміруюцца новыя зенітныя часці. Зусім натуральна — нас вучылі, каб мы сталі камандзірамі, мы даўно ўжо рыхтаваліся да таго, што хутка раз'едземся ў розныя бакі. Хоць з гэтага краю зямлі можна паехаць толькі ў адзін бок — на поўдзень, калі мець на увазе дальнюю паездку. I дзіўныя пачуцці апанавалі мяне: да болю ў сэрцы захацелася паехаць туды, на поўдзень, дзе ідзе, шырыцца страшная бітва, якую нават цяжка асэнсаваць. Я ведаю, што мае жаданне недарэчнае, што я не маю права нават выказваць яго, бо кожны скажа: усюды савецкая зямля i ўсюды аднолькава важна абараняць яе ад ворагаў; ад поспехаў на адным напрамку залежыць поспех на іншых франтах i ўчастках. Усё гэта добра разумею. Але каб хто ведаў, як мне хочацца туды, на зямлю бацькоў, дзе кожная прыдарожная бярозка здавалася б маці, сястрой, жонкай i засланяла б ад куль, дзе не трэба зямлю дзяўбці ламамі, як тэты граніт, там яна такая мяккая, што любы гарматны катлаван можна выкапаць за гадзіну. Не, хіба ў гэтым справа — у зямлі i бярозах! Неадольнае жаданне апынуцца там вынікае з нечага больш глыбокага i моцнага. Можа, хочацца хутчэй прыйсці да свайго шчасця, да цябе, Саша, каб не траціць потым нават дня на дарогу? Жаданне гэтае мацней за страх смерці, які крыху заглух у апошнія дні, але ўсё яшчэ жыве ў сэрцы маім, у мозгу! Дзіўна! Выходзіць, што яно перамагло гэты страх. Яно мацней за яго, значна мацней, бо гэта — жаданне змагацца, жыць… А смерць? Хто ведае, дзе каго яна напаткае. Калі мне наканавана памерці як герою, а не як баязліўцу, я хацеў бы сустрэць яе, смерць, блізка ад цябе, Саша, засланяючы цябе сваімі грудзьмі. Можа, таму мне хочацца быць там, што дзесьці ў глыбіні душы цепліцца надзея, што я магу апынуцца блізка ад родных мясцін… Хоць колькі шансаў на такім фронце, у такім жудасным віры вайны?