Выбрать главу

На вайне ўсё робіцца імкліва. Ужо некаторых маіх сяброў выклікаюць да камандзіра батарэі. У нецярплівым чаканні моцна грукае сэрца i калоцяцца рукі. Ці паклічуць мяне?

Паклікалі.

Я старанна агледзеў сябе, паправіў рэмень, па ўсіх правілах зайшоў у зямлянку, казырнуў i адрапартаваў выразна i гучна:

— Таварыш лейтэнант! Курсант Шапятовіч па вашаму загаду з'явіўся!

Само сабой прыйшло жаданне паказаць сябе ў гэтую хвіліну з найлепшага боку, быццам ад гэтага мог залежаць мой лёс, маё назначэнне. Купанаў, маленькі, перацягнуты рамянямі, стоячы каля стала, адказыраў, як заўсёды, прыгожа; ён ніколі не адказваў на прывітанне малодшых няўважліва, абыякавым узмахам рукі, як часам робяць іншыя афіцэры.

— Таварыш старшы лейтэнант, — пачуўся збоку голас Сідарэнкі.

Не адразу я зразумеў, што да чаго. Ды раптам позірк мой упаў на пятліцы Купанава, i я ўбачыў на ix трэці квадрацік. Не разгубіўся:

— Віншую вас…

— Дзякую, Шапятовіч, — проста адказаў камандзір батарэі і, наблізіўшыся, дакрануўся пальцам да незашпіленага гузіка на маёй гімнасцёрцы. Вось ліха, заўсёды гэтак здараецца: стараешся-стараешся, a ўсё адно што-небудзь ды не так. Зашпільваючы злашчасны гузік, я ажно спацеў. Камандзір тым часам сеў за стол, зазірнуў у нейкія паперы. Палітрук сядзеў за шахматным столікам збоку (усё гэта адбывалася ў нашым ленкутку) i расчэрчваў аркуш паперы — для нейкага спіса.

Я чакаў…

Пакутліва доўгая была паўмінута маўчання. Хутчэй бы пачуць прысуд, ад якога, здавалася, павінен залежаць мой лёс!

Купанаў узняў галаву, у вачах яго не было ні цеплыні, ні ўсмешкі. Я пахаладзеў, магчыма, ажно змяніўся з твару, бо паглядзеў на мяне камандзір надзвычай уважліва, пранікліва. Я даўно прыкмеціў, што, у процілегласць палітруку, Купанаў не любіць выпрабоўваць людзей псіхалагічна — глядзець у вочы, гаварыць паўнамёкамі, ставіць загадкавыя пытанні. Ён доўга часам думае, што сказаць, але потым гаворыць, быццам камандуе, — рашуча, коратка:

— Пойдзеце камандзірам гарматы на другую батарэю. Збірайцеся.

— Можаш камандаваць? — спытаў Сідарэнка, не адрываючыся ад паперы. — Дэмакрат ты вялікі, Шапятовіч.

Я не адказаў палітруку, не сказаў нават патрэбнага ♦слухаюся» камандзіру. Рушылася мая надзея, i я бяссільна схіліўся пад гэтым цяжарам. Невядома чаму спытаў:

— Адзін я?

— На гармату адзін.

Палітрук запытаў:

— Другі — на прыбор?

— I на дальнамер.

Я страпянуўся i папрасіў горача i шчыра:

— Пашліце Пясоцкага, таварыш старшы лейтэнант.

Камбат падняўся. Я чакаў, што ён закамандуе: «Кругом!»

Але гэтага не здарылася.

Палітрук сказаў:

— Што гэта ў вас такая гарачая любоў да Пясоцкага?

— Ён разумны хлопец.

— Разумны хлопец не заўсёды можа быць разумным камандзірам. Сталасці ў яго не хапае. Мамчын сынок!

«Няпраўда», — ледзь не вырвалася ў мяне, але я спахапіўся. Чакаў, што скажа камандзір. Ён прайшоў па зямлянцы, спыніўся каля сцяны, на якой вісела вялікая карта Савецкага Саюза. Хацелася б мне ведаць, што ён падумаў, калі затрымаў свой позірк на карце. Безумоўна, падумаў аб тым, што адбываецца там, на поўдні. Але якім чынам ён звязаў гэтую думку з Пясоцкім? Можа, меў намер паслаць яго туды? Наўрад. Туды будзе накіроўваць не ён. Яму, трэба думаць, далі загад адабраць для свайго дывізіёна лепшых курсантаў, недарма адбор ідзе ў першую чаргу.

Купанаў вярнуўся да стала i сказаў разважліва i як бы крыху няўпэўнена:

— Што ж, няхай будзе Пясоцкі. Паклічце яго.

Паварочваючыся па форме, я ўбачыў, што палітрук глядзіць на камбата здзіўлена i незадаволена. Ён супраць. Я ўяўляю, якая ў ix адбылася размова. Але гэты маленькі чалавек з жалезнай воляй — наш Напалеон — ніколі не адступае ад сваіх рашэнняў.

Мы з Сенем едзем разам. Уласна кажучы, нікуды не едзем. Ехаць — гэта тое, пра што я марыў, на што спадзяваўся. Але што мае мары? Не заўсёды ад мяне залежыць ix здзяйсненне, я — салдат. Ды, нарэшце, ці не ўсё роўна, дзе ваяваць, біць фашыстаў! Я ўдзячны камбату. Упершыню з пачатку вайны адчуваю нейкую радасць. Радуюся не тольKi таму, што побач са мной будзе мой лепшы друг. Рады за Сеню: яму вераць. Аб прыкрым выпадку першага дня вайны ўсе маўчаць, нават Сідарэнка не ўспомніў пра яго, сказаў пра іншае — што Пясоцкаму не хапае сталасці.

Сеня вярнуўся ад камбата ўвесь прасветлены, усхваляваны. Піша пісьмо маці. Трэба i мне напісаць Сашы. Пад такі настрой пісьмо будзе больш жыццярадаснае. Ці гіалучае яна мае пісьмы? Ад яе ўсё яшчэ прыходзяць даваенныя.

30 чэрвеня