Выбрать главу

ЯНКА. Ах, вось яно што! Але гэта не бяда. Калі ён выйшаў родам з сялян, то ніякай працы не павінен чурацца, асабліва павінна яго пацягнуць туды, адкуль прыйшоў, — на вёску, дзе столькі поля някратанага ляжыць. I мне здаецца, што яго туды пацягне.

ГАНУЛЯ. Не цягне яго і туды, мой саколік, ой, не цягне! Стары згарусціў быў лішнюю сотню, маніўся кусочак зямлі з хатай купіць, але не ўспеў. А яму, свайму Мікітку, што я наталкавалася, каб з'ісціў бацькаву думку, — не паслухаў. Цяпер ні зямелькі з хатай, ні грошай... А мне ўжо старасць на носе. Як падумаю, што бяда зноў прыцісне, што зноў прыйдзецца людзям бялізну мыць, дык аж рукі вянуць ад нейкага жалю горкага.

ЯНКА. Э, цётачка! Не так ужо дрэнна, як вам здаецца. Устаткуецца ваш Мікітка з часам і пойдзе па розум да галавы. А цяпер ён жа яшчэ малады ў вас.

ГАНУЛЯ. Ды, разумеецца, малады, яшчэ зусім малады! Яно ж і наракаць на яго роднай маці гэтак не выпадае, але падчас, як прыйдзе нешта нейкае, дык і гаворыш, і гаворыш; спачатку палягчэе на сэрцы, а пасля і шкадуеш. Ён жа маё родненькае дзіцё, ды адзін, як той васілёк у жыце.

Янка (набок). О, гэтакіх адных у нас многа, толькі ж яны не васількі, а праклятае зелле на нашай беднай зямлі! (Ходзіць па пакоі.)

З'ява ІІ

Гануля, Янка, Мікіта.

МІКІТА (уваходзіць з пакупкамі). О, меджду протчым, і профэсар у нас! Здрасціце!

ЯНКА. Майму кватэрнаму гаспадару нізка кланяюся! Апрача гэтага пазвольце, пане рэгістратар, павіншаваць вас з імянінамі! Жычу вам надзець шліфы калежскага асэсара.

МІКІТА. Дзякую, меджду протчым, дзякую! Шчыра мяне цешыць, што вы аб гэтым не забыліся. Жадаю, каб і праз год мы ў гэтай кватэры віншаваліся.

ЯНКА. Аб гэтым трудна загадзя варажыць, бо я ўскорасці зусім выязджаю з Менску на вёску.

ГАНУЛЯ. Як жа гэта, пане настаўнік? Мы ўжо да вас так прывыклі, што мне здавалася, ніколі не разлучымся.

ЯНКА. Там, на вёсцы, я патрэбней, чымся тут, а да таго — не люблю я гораду: вельмі ўжо ў ім цяжкае паветра.

МІКІТА (да Ганулі). Меджду протчым, мамаша, прышыкуйце закуску, бо незадоўга і госці збяруцца. (Стаўляе набок пляшку.)

ЯНКА. Эгэ! I пляшку бачу. А кажуць, што няможна дастаць.

МІКІТА. Усё можна, толькі асцярожна.

Гануля збірае пакупкі.

Вось тут селядцы, во цыбуля да іх, а вот сала, а тут... меджду протчым — кілечкі... пальцы госцікі абліжуць.

Гануля з пакупкамі выходзіць.

З'ява III

Янка, Мікіта.

ЯНКА. Гучны, як уважаю, баль у вас будзе.

МІКІТА. О, так! У нашым чыноўніцкім становішчы іначай няможна. Як чуць што зблышыў, дык і пачнуцца ўсялякія суды ды перасуды: адзін будзе казаць, што па службе атрымаў паніжэнне, другі — што ў карты прагуляўся, а трэці — што скнэра, а гэта — найгорш, і так пайшла пісаць губэрня — не адцярэбішся. Становішча, меджду протчым, пане мой, абавязвае.

ЯНКА. А вы плюнулі б на тое, хто што кажа, ды жылі сваім адумам. Прытым якое тут чорта чыноўніцкае становішча, калі яно ўжо не стаіць, а ляжыць, ды як яшчэ ляжыць — як трухлявая калода!

МІКІТА. Меджду протчым, гэта яно ляжыць так сабе — да часу, а потым зварухнецца і падымецца.

ЯНКА. Чакай, бабка, Пятра!.. Пакуль ваша гэта становішча ўстане, то вас саміх чэрві паточаць. Ды скажэце, калі ласка, каму і нашто патрэбна гэта ваша з мёртвых паўстанне? Ды каму, якую тут карысць вы прыносілі, як яшчэ стаялі?

МІКІТА. Мы цвёрда стаялі на варце святога расійскага самаўладзтва і баранілі тутэйшую рускую народнасць ад «інародчаскага засілля». Во яно што, меджду протчым!

ЯНКА. Няма чаго казаць — баранілі! У лапці абувалі, з торбамі пушчалі ды ў сібірскія катаргі вывозілі. Гэта называецца — баранілі!

МІКІТА. А што вы, наваспечаныя рэспубліканцы, хэ-хэ-хэ! беларусы ці як там... што вы маніцёся бараніць, бо дагэтуль, меджду протчым, вы яшчэ нічога не ўбаранілі!

ЯНКА. Мы баронім саміх сябе ад вашай навалы.

МІКІТА. А, меджду протчым, нічога не выходзіць: вашы сходкі ці там з'езды раскідаюцца, а саміх на казённы хлеб садзяць. Хэ-хэ-хэ! раскідаюць — во, і ўсё тут.

ЯНКА. Але, раскідаюць, але! Толькі ж думак нашых і сам люцыпар не раскідае — бо мы служым вялікай ідэі вызвалення.

МІКІТА. Усё гэта глупства. Меджду протчым, ідэя — вельмі скупая пані: ні шэлега сваім слугам не плаціць — хоча, каб на яе ўсе дарма працавалі. А ў мяне, хэ-хэ-хэ! пане профэсар, душа рэальная: хто мне лепей плаціць, таму і служу і кіхаць хачу на ўсякія ідэі. Мая лінія жыцця вельмі простая.