Выбрать главу

СПІЧЫНІ. Мы ўжо з вамі прайшлі прывітанні звычайныя і ўчора пачалі так званыя прывітанні шыварат-навыварат. Паўторым тое, што пачалі. Як будзе: сабачая твая кроў?

МІКІТА. Пся крэў, затрацона душа.

СПІЧЫНІ. Як будзе: згінь ты, прападзі, нячыстая сіла?

МІКІТА. Ідзь пан до сту д'яблув за Буг.

СПІЧЫНІ. Вельмі добра, дужа добра! Самае важнае, што не забыліся «за Буг». А цяпер як будзе: не лезь, бо дастанеш поўху?

МІКІТА. Нех се пан не наставя, бо достанеш по пыску і ўтонеш в Немідзэ.

СПІЧЫНІ. Віншую, віншую! Зусім добра. Поступ у навуцы вялікі. Папрабуем затое з іншай бочкі. Перакулеце на наш манер такі зварот: ешчэ Польска не згінэла.

МІКІТА. Яшчэ Польшча не згінула, але збіраецца згінуць.

СПІЧЫНІ. А цяпер ператлумачце: двадзесце пенць.

Уваходзіць НАСТА.

З'ява VIII

Мікіта, Спічыні, Наста.

НАСТА. Можаце віншавацца, панове! 3 пэўных крыніц я напэўна даведалася, што ўжо «нашы» занялі Менск.

СПІЧЫНІ. Як гэта, мамзэль, — нашы?

НАСТА. Ну, палякі, калі вам гэта, пане профэсар, лепей падабаецца.

СПІЧЫНІ. Выбачайце, мусье Зносілов, але мы на сягоння лекцыю спынім. Мушу йсці пільнаваць хаты. Маю гонар кланяцца! (Хоча йсці.)

МІКІТА. А як жа, мусье профэсар, з гэтым «двадзесце пенць»?

СПІЧЫНІ. Заўтра, мсье рэгістратар, пройдзем на практычнай лекцыі. (Выходзіць.)

МІКІТА (крычыць). Меджду протчым, мамаша! Дзядзька беларус! Палякі ў Менску!

Уваходзяць ЯНКА І ГАНУЛЯ.

З'ява IX

Мікіта, Наста, Янка, Гануля.

ЯНКА. Што? У Менску пажар?

МІКІТА. Не пажар, дзядзька беларус, а палякі, палякі! Разумееце?

ЯНКА. Ну, гэта ўсё роўна.

МІКІТА. Вам, чалавеку без рангаў і клясаў у прошлым і без надзеі на асэсарства ў будучым, пэўна, што ўсё роўна, але для мяне, меджду протчым... Гэ-гэ! А цяпер далоў совбурскую форму! (Хоча скідаць куртку.) Ах, пардон! Я забыўся, што мамзэль Наста тут. Але вось гэта можна і цяпер паслаць, меджду протчым, к чорту. (Пачынае кідаць аб зямлю партфелі, апрача партфеля з грашыма.)

ЯНКА. Ці не паспяшыліся, пане рэгістратар, пляваць у карытца — каб не прыйшлося напіцца.

МІКІТА (пакінуўшы кідаць партфслі). Чаму, меджду протчым?

ЯНКА. А як зноў унеспадзеўкі тыцне ў Менск ваша совбурскае начальства? Што тады вы без гэтых торбаў запеяце?

МІКІТА. А праўда, меджду протчым, праўда, — я крыху зарапартаваўся. Быўшае, цяперашняе і будучае начальства заўсёды і ўсюды трэба шанаваць і мець на воку, калі не хочаш папсаваць свае паперы. Меджду протчым, мамаша, схавайце гэтыя портфэлі — можа, дзе пад комін ці куды іх падсунеце. Пакіньце толькі портфэль з маёй пэнсіяй.

Гануля па аднаму носіць партфелі.

А я папрашу пардону ў гасцей і на хвіліну адлучуся змяніць свой знадворны выгляд, згодна з самай навейшай, меджду протчым, політычнай сытуацыяй.

Дастае з скрынкі вопратку і выходзіць. Колькі хвілін Янка і Наста застаюцца на сцэне моўчкі, не ведаючы, што з сабой рабіць.

МІКІТА (уваходзіць пераадзеты ў сваю чыноўніцкую форму з усімі адзнакамі, акручваючыся на пяце). Ну, як, шаноўныя, меджду протчым, мамзэлі і мусьі? Той самы, ды не той самы! Ці ж не мэтаморфоза?

НАСТА. Я захоплена вашай, мусье Нікіці, мэтаморфозай!

ЯНКА. Перакуліцца з нічога ў нішто — не вялікая мэтаморфоза.

МІКІТА (як бы не пачуўшы, да Ганулі). Меджду протчым, мамаша, трэба хутчэй залю прывесці да чалавечага падабенства. Выносьце першым чынам начоўкі з бялізнай, а я, меджду протчым, вытарабаню каламажку. Ага! Кідайце сюды ў павозку бялізну, а наверх стаўляйце начоўкі — гэтак за адным замахам усё выцягнем.

Паклаўшы бялізну і начоўкі з вадой на каламажку, вывозяць: Гануля цягне, а Мікіта падпіхае. Праз хвілю варочаюцца.

А цяпер займемся адсабураваць сценкі. Вы, меджду протчым, мамаша, прышпільвайце чым-небудзь адвіснутыя матузы ад шпалераў, а я адкулю на добры бок абразы.

Гануля падшпільвае шпалеры, Мікіта пераварачвае абразы, Наста ім памагае. Праз нейкую хвіліну ўваходзяць: ДАМА, ПОП, СПРАЎНІК, ПАН.

З'ява X

Мікіта, Наста, Янка, Гануля, Дама, Поп, Спраўнік, Пан.

ПОП. Мір очагу сему!

МІКІТА (усцешыўшыся, вітаецца). Ах! Каго я, меджду протчым, бачу? Мадам-сіньёра! — цалую ручкі. Ацец духоўны! — даўно чакаю вашага благаслаўлення. Вашаму родзію пакорны прывет і падчыненне! Ясне пану грабю нізка кланяюся! Ах! Якімі такімі шляхамі пазволілі сабе прыбыць сюды, меджду протчым, доўгачаканыя госці?

Госці ўсім кланяюцца, сядаюць — Поп бліжэй да вакна.