Выбрать главу

СПРАЎНІК. Разам з новай окупацыйнай уладай прымашыравалі ў Менск.

ДАМА. I лічылі сваім абавязкам, мусье рэгістратар, злажыць вам першаму сваю першую па прыездзе сюды візыту.

ПАН. Ваша гасціннасць у тыя, цяжкія для нашага стану, часы абавязвала мяне як найхутчэй прывітаць вас ад сябе і ад маіх...

ПОП. Душа мая возрадавалася пры созерцаніі, како агнцы сіі возврацяшэся в стадо свое. I прышэд я с німі, дабы однім веселіем возвеселіціея з вамі, чадо мое, рэгістратор!

МІКІТА. Бяда мая! чым жа я буду гасцей высокадастойных прымаць? Меджду протчым, мамаша, ці там не знойдзецца чаго пайковага закусіць?

ГАЛАСЫ. Не трэба! Не трэба! Дзякуем!

СПРАЎНІК. Мы ўжо паспелі не толькі закусіць, але й выпіць крыху. Ацец духоўны таксама паспеў пагасціць у нас.

ПОП. Трапеза была обільная, яствы упітацельныя: амэрыканскае сала...

СПРАЎНІК. Амерыканскі кумпяк...

ПАН. Амэрыканская булка...

ДАМА. Амэрыканскае какао...

ЯНКА (набок). Амэрыканскія фігі.

МІКІТА. Мінуўшая політычная, меджду протчым, сытуацыя нічога падобнага нам у пайкох не давала.

СПРАЎНІК. Затое цяперашняя ўсё дасць.

ЯНКА (набок). Нават узяткі.

МІКІТА. Але пакуль што якое, мне ад сэрца, меджду протчым, хацелася б дастойна пачаставаць і павесяліць высокіх пэрсон.

ДАМА. А ведаеце, мусье Зносілов,— бяду гэту можна лёгка паправіць. У мяне з'явілася цудоўная ідэя: той вечар у вас на імянінах, перад выхадам немцаў, такое мілае ўражанне пакінуў, што я вельмі была б шчаслівай, каб сягоння яго паўтарыць.

МІКІТА. Мадам-сіньёра, я ўвесь да вашых, меджду протчым, услугаў! Значыцца, пачынаем ад пачастунку. Меджду протчым, мамаша, чым хата багата.

ДАМА. О не, мусье рэгістратар, — вы не згадалі! Дзякуючы таму, што мы ўжо частаваліся, паўторым сягоння толькі другую частку програмы таго вечару.

МІКІТА. Танцы, меджду протчым?

ДАМА. Мусье, цяпер вы згадалі! (Да прысутных.) Я думаю, што шаноўнае таварыства са мною згодна?

ГАЛАСЫ. Згодны! згодны!

ДАМА. А цяпер, мусье Зносілов, дазвольце накруціць грамафон.

МІКІТА. Грамафон... грамафон... меджду протчым, грамафон, мадам-сіньёра, у... у рэпарацыі.

ДАМА. Тады дазвольце мне балалайку.

Мікіта падае.

Я папрашу гэтага мусье (паказвае на Янку), каб сыграў на балалайцы. (Падыходзіць і падае Янку балалайку.) Мусье беларус, не адмоўцеся, сыграйце нам вальца!

ЯНКА. Магу сыграць. Калі тут кампанія ваша ўладзіла танцкляс для акупантаў, дзе кожны з іх заходзіць і танцуе сваё «Гоцаца», дык чаму ж бы мне ў гэтым танцклясе і не пайграць.

ДАМА. Вельмі прыемна з вашага боку!

Янка грае вальца. Танцуюць тры пары ў тым самым парадку, што ў першым акце. Поп таксама не танцуе. У пачатку танцаў уваходзяць АЛЕНКА І ГАРОШКА.

З'ява XI

Тыя ж, Аленка, Гарошка.

ПОП (пільна ўгледзеўшыся ў вакно, потым да танцуючых). Чады моі, остановіцесь! В сію обіцель градзе большэвік.

ТАНЦУЮЧЫЯ (пакінуўшы танцаваць). Як?.. што?.. адкуль?..

Паміж Мікітавымі гасцямі перапуд і бегатня.

МІКІТА (зірнуўшы ў вакно). А такі ж градзе і да нас... Ой-ей!.. і з аружжам у руках! А казалі, што іх ужо няма... Ой-ей!.. ой-ей!.. Мамзэль Наста, якія ж гэта няпэўныя вашы пэўныя крыніцы!

ГАЛАСЫ. Трэба хавацца! Хутчэй! Хавацца! Хавацца!

МІКІТА. Мамзэль Наста, перакульвайце задам наперад абразы.

Наста пераварачвае абразы.

Мадам-сіньёра, хавайцеся сюды! Ваша родзіе, сюды! а вы, пане пан, во сюды! Ацец духоўны, меджду протчым...

ПОП. Не суеціцеся обо мне, сын мой! Моі облачэнія зашчытой мне от всякіх зол земных.

МІКІТА. Меджду протчым, мамаша, я залезу сюды, а вы станьце так, каб мяне засланіць. Вось так! Ну, цяпер можа йсці.

Паўза досыць доўгая. Янка іранічна ўсміхаецца, Аленка пырскае здушаным смехам, Гарошка пыхкае люльку і плюе. Наста порыцца каля абразоў. Уваходзіць ЧЫРВОНААРМЕЕЦ з абломкам стрэльбы.

З'ява XII

Тыя ж, Чырвонаармеец.

ЧЫРВОНААРМЕЕЦ. Ці няможна ў вас, таварышы, перасядзець, пакуль сцямнее? Бо я адстаў ад сваёй часці і толькі ўночы змагу выбрацца з гораду, каб дагнаць сваіх.

МІКІТА (вылазячы з укрыцця, да Чырвонаармейца). А, папаўся, меджду протчым, нарэшце! Складай аружжа! Вывешывай белы флаг! Здавайся ў палон, меджду протчым!

Чырвонаармеец палажыў набок абломак стрэльбы і паглядае, не разумеючы, у чым справа.

СПРАЎНІК (вылезшы з іншымі з укрыцця). Зусім справядліва! Забірайце яго ў палон!

ДАМА. Ах, мусьі! У вас, як бачу, пачынаюцца вайсковыя змаганні. Дазвольце мне быць сястрой міласэрдзя.