Выбрать главу

СПРАЎНІК. Наколькі я разумею стратэгію, то, здаецца, справа абыдзецца без крывяпраліцця.

МІКІТА (да Чырвонаармейца). Абвяшчаю вас сваім палонным! Без майго, меджду протчым, дазволу не маеце права даць і кроку.

ПАН. Надта ўсё добра складаецца для вас, пане рэгістратар. Як з'явіцеся з гэтым палонным да новае ўлады, то ваш прэсціж адразу падымецца ў яе вачох на сто процантаў.

СПРАЎНІК. I вы павінны зараз ісці са сваёй здабычай у штаб акупацыйных войск. Там вы пачуецеся, як вольны з вольным.

ПАН. Як роўны з роўным.

МІКІТА. Значыцца, ужо йду. Мадам-сіньёра і мусьі, ці таксама, меджду протчым?..

ГАЛАСЫ. Ідзем... Усе ідзем!.. Ідзем!..

МІКІТА (да Чырвонаармейца). Шагам марш у палон! Пачакайце! (Да сваёй кампаніі.) А трофэі таксама забраць?

ГАЛАСЫ. Забіраць! Забіраць!

Дама, Поп, Спраўнік, Пан, Мікіта, акружыўшы Чырвонаармейца, выходзяць маршавым крокам.

МІКІТА (з абломкам стрэльбы на рамі, напявае)

Оруж'ем на солнцэ сверкая,

Под звукі ліхіх трубачэй,

По уліцам пыль подымая,

Проходзіл полк гусар усачэй...

3аслона

ДЗЕЯ ЧАЦВЁРТАЯ

Час пасля паўдня. Мікітавы пакой выглядае збольшага як у першай дзеі, разумеецца, без грамафона, люстра і мяккіх крэслаў, некаторыя рэчы спакаваны як у дарогу. Зрэдку далятаюць далёкія гарматныя выстралы.

З'ява I

ГАНУЛЯ, пасля ЯНКА, АЛЕНКА.

Гануля сядзіць на спакаваных вузлох і робіць панчоху.

ЯНКА (уваходзіць з Аленкай). Дзень добры, цётачка! Што вы так задумаліся?

ГАНУЛЯ. Ах, гэта вы, пане настаўнік! I Аленка з вамі... Як я рада, што вы не забыліся нас у гэтыя трывожныя мінуты.

ЯНКА. Ці ж першыня для Менску гэтыя трывожныя мінуты? Час было б, цётачка, і прывыкнуць да іх.

ГАНУЛЯ. Ды яно ж так. Але сваім чынам да дзела ўсё гэта, ах, як да дзела!

ЯНКА. Э! ліха перамелецца, і мука будзе. (Паўза.) А мы вось з Аленкай сумысля зайшліся, цётачка, да вас, каб пахваліцца перад вамі сваім шчасцем.

ГАНУЛЯ. Незвычайныя вы людзі, калі яшчэ можаце сягоння хваліцца шчасцем.

АЛЕНКА. А такі ж незвычайныя, цётачка.

ЯНКА. I маем чым пахваліцца. Дык слухайце ўважліва, цётачка, рыхтуйцеся віншаваць. Я, настаўнік, Янка Здольнік...

АЛЕНКА (перабіваючы). I я, настаўніца Аленка Гарошчышка...

ЯНКА. Узялі ды паміж сабой пажаніліся. Цяпер яна мая жонка назаўсёды.

АЛЕНКА. I ён таксама — мой муж, але ці назаўсёды — яшчэ паваражу.

ГАНУЛЯ. А мае ж вы міленькія! Пашлі вам долечка ўсяго найшчаслівейшага. I павянчаліся ўжо?

ЯНКА. А як думалі, цётачка? Абавязкова павянчаліся, ды яшчэ як урачыста. Зялёны бор шлюб нам даваў, зоркі дружкамі былі, а расіца срабрыстая шлюбныя персцені свянціла.

АЛЕНКА. А праўда, праўда, цётачка! Шлюб наш быў гэткі ўрачысты.

ГАНУЛЯ. Ну і пайшлі плот гарадзіць, каб вы цяміліся, мае ж вы шлюбоўнікі! А вяселле таксама было? Чаму ж мяне не паклікалі?

ЯНКА. Вяселле, цётачка, адлажылі пакуль што да таго часу, калі апошні акупант ад нас выйдзе, бо пры іх нявесела на вяселлі.

ГАНУЛЯ. Ці не задоўга прыйдзецца чакаць на гэта?

АЛЕНКА. Ды, праўду кажучы, доўга ці коратка — гэта не важна. Але ў нас, цётачка, важнейшая бяда.

ГАНУЛЯ. А што ж такое?

АЛЕНКА. Татку ж майго йзноў у абоз пагналі. Але так пагналі, што і след згінуў. Ужо тут, у Менску, мы даведаліся, што перш адны гналі, пасля — другія, потым — зноў тыя самыя, потым — зноў другія, а там далей і няведама, хто гоніць і куды гоніць.

ГАНУЛЯ. Ганяюць людзі людзей без дай прычыны ды ганяюць. А каму гэта патрэбна, дык яны пэўна й самі не ведаюць.

АЛЕНКА. Як татку, бывала, бяруць у абоз, дык ён заўсёды і кажа, што едзе акупантаў вывозіць. Але, бедны, возіць, возіць, ды ніяк вывезці не можа.

ГАНУЛЯ. Усё роўна як той дзед з бабай рэпку сваю — цягнулі-цягнулі, ды ніяк не маглі выцягнуць. Але затое татка твой хоць свету пабачыць — пад старасць будзе мець што ўнукам расказваць.

АЛЕНКА (як бы саромліва). Ды ў яго яшчэ ўнукаў і няма.

ГАНУЛЯ (усміхаючыся). Дык будуць, мае мілыя, будуць.

ЯНКА. Ой, нешта, мабыць, блазноцкае падумалі, цётачка, бо аж вочы спусцілі.

ГАНУЛЯ. А бадай вы пакіслі, мае дзеткі! I старую ў грэх ведзіцё. Давайце лепей аб чым іншым пагамонім. Во, якраз успомніла. Былі ж і сягоння гэныя нібы вучоныя Мікіткавы. Аб вас, пане настаўнік, пыталіся. Хацелі, кажуць, даведацца, які магнэс болей вас да сябе цягне — усходні ці заходні.

ЯНКА. Трэ было, цётачка, сказаць, што ні той, ні сёй, а тутэйшы.