Выбрать главу

МІКІТА. Ну, яна, меджду протчым, эсэр-беларус і ў рахунак не йдзе: доўга тут не заседзіцца.

ЯНКА. Значыцца, вы цвёрда пастанавілі дабівацца сабе гэтай новай кар'еры? Баюся я толькі, каб вы не выйшлі на ёй, як залетась на аратарстве; прытым ваша поўнае дагэтуль ігнараванне гэтай справы й несвядомасць...

МІКІТА (перабіваючы). Вы, пане настаўнік, не жартуйце. Я не зусім такі ўжо несвядомы, меджду протчым, беларус — нават з вашай літаратурай знаёмы.

ЯНКА. Цікава, цікава! Гэта для мяне неспадзеўка.

МІКІТА. Дык вось, паслухайце, меджду протчым:

Беларусь, мая старонка,

Куток цемнаты,

Жыве Шыла, Грыб, Мамонька, —

Будзеш жыць і ты, —

меджду протчым.

ЯНКА. На такім знаёмстве з нашай літаратурай далёка, пане рэгістратар, не заедзеце.

МІКІТА. Вось я й надумаўся звярнуцца, меджду протчым, з просьбай да вас, каб вы мне ў гэтым памаглі. Прасіў я свайго профэсара Спічыні, але ён адказаўся. Кажа, што ён толькі спэц адбеларушчваць, а да абеларушчывання яго яшчэ змалку адвярнула.

ЯНКА. Вам простая дарога цяпер: запісацца на курсы беларусазнаўства.

МІКІТА. Паміж намі кажучы, меджду протчым, я дзеля такого здарэння з пару дзён хадзіў на такія курсы, але нічога ў галаву не палезла. Асабліва надта трудная для майго рускага ўразумення ваша граматыка — гэтыя націскі, націскі...

ЯНКА. А так, пане рэгістратар, — у нашай граматыцы без націскаў ані з месца. Але ўсё-такі вам прыйдзецца вярнуцца на гэныя курсы, бо я вам нічога не памагу — сягоння яшчэ выязджаю з Аленкай з Менску. Мабыць, і не скора пабачымся.

МІКІТА. Шкада, вельмі шкада, а я думаў, меджду протчым...

ЯНКА. Ды тут нечага й думаць. Не ўдасца вам гэта асэсарства, дадуць вам совбурства, а штосьці ды будзеце мець, бо ці ж вам не ўсё роўна?

МІКІТА. Усё роўна, меджду протчым, і не ўсё роўна. Беларускае асэсарства, апрача ўсякіх іншых плюсаў, мае ў сабе яшчэ адзін вельмі ласы плюсік — гэта тое, што і па-беларуску, як я пераканаўся, можна праводзіць у тутэйшую сярмяжную шацію вялікія руска-ісціныя прынцыпы а ядынасці, непадзельнасці і самадзяржаўнасці Расійскай, меджду протчым, імпэрыі.

ЯНКА. О, гэта ўжо правакатарскімі прынцыпамі запахла ад вас! Але сцеражэцеся, пане рэгістратар. Ідзе народ, беларускі сярмяжны народ ідзе, а ён вашаму руска-ісцінаму рэгістратарству саб'е рогі.

МІКІТА. Я асцярожны, надта асцярожны, і за мяне, сябра беларус, не турбуйцеся. (Да Ганулі.) Меджду протчым, мамаша, у вас не засталося польскіх марак? Дайце мне — я збегаю чаго-небудзь куплю, бо пры новай сытуацыі і гэтыя грошы нічога варты не будуць.

ГАНУЛЯ (даючы грошы). Купі, сынок, купі, толькі, можа, чаго з яды знойдзеш. Адно — ідзі асцярожна, каб цябе ў палон не схапілі або сам у якую нячыстую гісторыю не ўпутаўся.

Мікіта (хаваючы грошы ў галіфэ і выходзячы). Меджду протчым, я не з такіх, мамаша, каб упутацца. (Да Янкі і Аленкі.) 3 вамі яшчэ пабачуся — вярнуся хутка. (Выходзіць.)

З'ява III

Гануля, Янка, Аленка.

ГАНУЛЯ. Ох, неспакойная натура ён у мяне! Кажа — не ўпутаюся, а ўчора ў такую кашу ўлез, ажно сорам казаць.

АЛЕНКА. А што такое?

ГАНУЛЯ. Ды як жа! Пайшоў паглядзець на Захараўскую вуліцу, як там паны турбуюць жыдоўскія крамы й спальні. Вось адзін пан,— яго, здаецца, начальнік,— урэпіўся за Мікітку і загадаў яму цягаць чужыя рэчы ў свой панскі пакой у нейкай гасцініцы, дык бедны Мікітка як не падарваўся, цягаючы футры ды спадніцы. Добра ж, калі хто са знаёмых не бачыў, а йначай пойдзе чутка, што і мой сын у грабежнікі ўпісаўся — а яшчэ чыноўнік, скажуць!

ЯНКА. Ці ж ён і цяпер быў чыноўнікам?

ГАНУЛЯ. А так! Служыў у камісарыяце паліцыі нейкім там разношчыкам; нейкія «пшэпусткі» іхнія ды іншыя дакумэнты разносіў.

ЯНКА. Не высокае было яго чыноўніцтва, як гэтак.

ГАНУЛЯ. Ды яно ж праўда! А ўсё віна ў тым, што мой Мікітка вучыўся, але, мабыць, не давучыўся, і выйшла з яго ні богу свечка ні чорту качарга. Рэгістратар! А што цяперашнім часам рэгістратар? Адно глупства!

ЯНКА. Так! Ваш рэгістратар быў вялікае нішто і застаўся вялікім нічым. Але выбачайце, цётачка! Пара нам і дамоў. Бывайце здаровы і шчаслівы!

ГАНУЛЯ (адвітваючыся). Дзе там тое шчасце пры маёй старасці?

АЛЕНКА. Як вам, цётачка, будзе надта маркотна, прыязджайце да нас на вёску, там сонца весялей свеціць, і людзі там лепшыя.

ГАНУЛЯ. Добра, дзеткі, прыеду да вас на вяселле.

ЯНКА І АЛЕНКА выходзяць і спатыкаюць на парозе ў напаўбасяцкім абарваным адзенні ДАМУ І СПРАЎНІКА, з якімі раскланьваюцца.