Выбрать главу

ЯНКА. Памыляецеся, пане рэгістратар. Ваша лінія не простая — а крывабокая, — цямняцкая ваша лінія і ўжо вядзе вас туды, адкуль не варочаюцца.

МІКІТА (стукаючы кулаком па стале). Меджду протчым... меджду протчым... вы мяне абражаеце. Я не цямняк, пане... пане дырэктар беларускай басоты.

ЯНКА. Выбачайце, я крыху пагарачыўся. (Выходзіць у свой пакой.)

З'ява IV

Мікіта, Гануля.

ГАНУЛЯ (увайшоўшы пры апошніх словах Мікітавых). Ты ізноў з ім павадзіўся?

МІКІТА. Меджду протчым, я з ім не вадзіўся, а толькі аб палітыцы паспрачаўся.

ГАНУЛЯ (накрывае стол). Гэтымі сваімі спрэчкамі людзям толькі кроў псуеш.

МІКІТА. Псуюць і яны мне. Не магу ж я, меджду протчым, мамаша, набраць у губу вады і маўчаць, калі ён бэсціць мае жыццёвыя погляды. Меджду протчым, абавязак мой — паказаць гэтым новым завадзілам іхняе належнае месца. Хай знаюць, што і мы тое-сёе ў палітыцы кемім. Апрача таго, здаецца, што ад нашага кватаранта бальшавіцкім духам пахне, а мне ад гэтага паху ў носе круціць.

ГАНУЛЯ. А калі бальшавік, дык што? Бальшавік таксама чалавек.

МІКІТА. Можа, чалавек, а можа, і не, бо з нашымі рангамі і клясамі абходзіцца зусім не па-чалавецку. (Пауза.) Меджду протчым, мамаша, я папрашу вас... я гэтага хачу... 3-паміж іншых гасцей будуць у мяне сягоння: адна мадам, поп, спраўнік і пан. Вось, калі хто з іх звернецца да вас з якім словам, то вы старайцеся адказваць у нос і меней ужывайце простых выразаў. Калі з мадамай зойдзе гутарка, то не кажэце — панечка, а мадам-сіньёра, калі з папом, то — не бацюшка, а ацец духоўны, калі з спраўнікам, то — не пан спраўнік, а вашародзіе, а калі з панам, то — не проста пане, а — ясне пане грабя. Усё гэта тутэйшыя грата-пэрсоны, меджду протчым, людзі аднолькавага са мной светагляду і амаль што не аднолькавых рангаў, так што хачу я, каб яны ведалі, што і радня мая не ніжэй стаіць ад іхняй радні.

ГАНУЛЯ. Ну і госці! Адкуль ты іх выкапаў? Яны ж уперад у нас не бывалі.

МІКІТА. Не бывалі... не бывалі... Меджду протчым, уперад была іншая політычна-экономічная сытуацыя, пры якой не ўсюды яны маглі пабываць, а цяперака, як збольшага рангі і клясы абшліфаваліся, вось яны, гэтыя мае госці, і складаюць нам першым візыту.

ГАНУЛЯ. А хай бы лепей не складалі, а то скачы перад імі немаведама як!

МІКІТА. Вы толькі, меджду протчым, мамаша, адказвайце, як я вас вучыў, а ўсялякіх іншых цэрамоній буду я сам даглядаць. Ага, яшчэ адно: як будзеце вітацца, то адну нагу назад адцягвайце — рабеце рэвэранс. А важней за ўсё старайцеся як найгусцей у нос.

ГАНУЛЯ (махнуўшы рукой). У нос дык у нос!

Уваходзіць Янка.

З'ява V

Мікіта, Гануля, Янка.

ЯНКА (увайшоўшы, да Ганулі). Вось я ўспомніў, цётачка, адну сваю справу і мушу прасіць вашай у гэтым помачы. Надовечы я атрымаў ліст з вёскі ад сваёй быўшай вучаніцы, у якім піша яна, што з бацькамі сваімі прыедзе ка мне ў госці. А гэта можа здарыцца нават сягоння. Усё было б добра, але бяда ў тым, што яны тут не маюць нікога знаёмага, дык не будзе ім дзе...

ГАНУЛЯ....Пераначаваць. Ну, гэта не бяда! Можна будзе і ў нас. Ложкаў, праўда, лішніх няма, дык во тут на падлозе што-небудзь падмосцім, і пераспяць ноч.

МІКІТА. Яно так, меджду протчым, але ў мяне сягоння важныя госці будуць, дык, можа, вашым гасцём гэта будзе не па нутру?

Янка. Я пастараюся, каб яны вам і вашым важным гасцём не заміналі.

З'ява VI

Мікіта, Гануля, Янка, Наста.

НАСТА (высоўваючы галаву з правых дзвярэй). Ці можна?

МІКІТА. Калі ласка! Меджду протчым, просім, просім!

НАСТА (уваходзіць). Добры вечар! Як жывы-здаровы?

МІКІТА. Дазвольце пазнаёміць: мамзэль Наста Пабягунская — настаўнік Янка Здольнік, меджду протчым, гэта той... хэ-хэ-хэ!.. беларус, аб якім я ўжо вам успамінаў... хэ-хэ-хэ! Не ўлюбецеся толькі.

НАСТА (да Янкі). Вельмі цікава з вамі пазнаёміцца! Нам такіх як найболей патрэбна.

ЯНКА. Дзякую за гонар! (Набок.) А для нас і не цікава і не патрэбна такое знаёмства.

НАСТА. Ці няможна ад гэтых паноў дзе на хвіліну мне схавацца? (Паказвае на мігі, што мусіць папудравацца і паправіць валасы.)

ГАНУЛЯ. Можна, можна! Пойдзем са мною ў другі пакой. (Выйшлі.)

З'ява VII

Мікіта, Янка.

ЯНКА. Праўдзівая Пабягунская. Хто яна такая?

МІКІТА. Так сабе — надта мілая і сымпатычная, меджду протчым, мамзэль. На ўсе бакі вядзе шырокае знаёмства. Мае заўсёды аб усім і аб усіх з пэўных крыніц пэўныя весткі, любіць заўсёды і ўсюды, дзе трэба і не трэба, уткнуць свае тры грошы. Меджду протчым, павінен вам сказаць, што яна першая ды, мабыць, апошняя слабасць майго сэрца. Колькі раз рабіў ужо ёй асведчыны, каб, значыцца, аддала мне сваю руку, але штось не клеіцца. Кажа, як будзеце асэсарам, тады выйду, а за рэгістратара, кажа, не хачу. I хоць ты ёй з пальца выссі тое асэсарства, а падавай, і ўсё тут. Але я надзеі не трачу. Зменяцца політычныя сытуацыі, атрымаю ад начальства асэсарскую рангу, і мамзэль Наста будзе маёй, бо асоба, як бачыце, спрытная.