Выбрать главу

Не ведаў Вайтовіч, што гэта толькі спакуслівыя мары, не ведаў, што шчасце пачынае здраджваць яму. Пакуль ён дабраўся да сваёй Світалаўкі — паміж Польшчай і Савецкай Расіяй наступіла перамір’е. Часовая граніца адрэзала яго сядзібу, палі і сенажаці бальшавікам.

Вайтовіч даехаў да самай граніцы, доўга глядзеў на Світалаўку і ніяк не мог пагадзіцца з думкай, што нельга трапіць у свае пакоі. Вунь яны, у кудзерцы ліп і каштанаў, рукою падаць, а дайсці нельга.

Хтосьці з суседзяў параіў яму на тым часе з’ездзіць у Варшаву да міністра і прасіць заступніцтва.

— Мяжа яшчэ нетрывалая, мо змены будуць, як пачнуць удакладняць. Калі на тое пойдзе, нашы могуць за панскі маёнтак у другім месцы некалькі вёсак з беднякамі аддаць. Тыя ж з ахвотаю пойдуць пад бальшавікоў, гэта ж іхнія абаронцы. Ці ж не праўду я кажу?

— Праўду, суседзе, — згаджаўся Вайтовіч.

У Варшаве так і паабяцалі яму. Назад Вайтовіч вярнуўся тады з надзеяй — у самы бліжэйшы час пераехаць на бацькаўшчыну. А пакуль што прыйшлося атабарыцца ў Каралінскім фальварку, не хацелася далёка ехаць ад Світалаўкі.

Гаспадары Караліны — маладыя польскія афіцэры — служылі ў войску, а кіраваў гаспадаркай цівун.

Убачыўшы аднойчы на свае вочы, што ставяць пагранічныя слупы на гэты бок маёнтка, Вайтовіч памчаўся ў павет да свайго знаёмага начальніка дэфензівы. Той спакойна выслухаў сябра і засмяяўся:

— Ты верыш у моцнасць гэтай мяжы, калега? Царскі трон не такі быў моцны, і то разбурыўся, а гэтыя слупы — дрэнь, — махнуў ён рукой.— Пакуль жывы наш Пілсудскі, ні адзін паляк не павінен траціць надзеі на ўтварэнне Вялікай Польшчы. Так, так, калега.

Ад сябра Вайтовіч вярнуўся абнадзеяны. Аднак настала пара падумаць, як жыць далей. Калі граніца адсунецца пад Смаленск — невядома, а што рабіць заўтра? Пакуль не было сталай граніцы — тлела вера ў яго сэрцы на зварот у Світалаўку, а цяпер трэба пераходзіць на больш сталае жыццё і спадзявацца, як раіць калега, на лепшае.

Жывучы кватарантам, Вайтовіч добра вывучыў справы фальварка. Не раз думаў, як бы ён вёў гэтую гаспадарку, калі б давялося тут жыць. I калі неўзабаве прыехаў дахаты пагасціць малады афіцэр, Вайтовіч расказаў яму пра цівуновы штучкі.

— А што рабіць? Мы самі ведаем гэта, але выкрыць яго круцельства наездамі не толькі цяжка, ды і немагчыма. Кідаць службу ў войску праз гэты фальварак нам не хочацца. Да таго ж рукі і ў мяне, і ў брата да зямлі не горнуцца, — прызнаўся шчыра афіцэр.

Вайтовічу толькі гэта і трэба было.

— Тады я асмельваюся прапанаваць пану свой план: здаць мне фальварак у арэнду. Можна на год, можна на два, пакуль праясніцца на ўсходзе,— намякнуў ён на змену граніцы і для ўпэўненасці сам спытаў: — Пан таксама верыць, што слупы на маёй зямлі недаўгавечныя?

— Так, пане, веру і спадзяюся, што мы яшчэ будзем баляваць з прыгожымі паннамі ў вашых пакоях.

— Пан ведае маё становішча і ў імя нашай агульнай ідэі згодзіцца даць мне прытулак арандатара. I сэрцы вашы будуць на месцы, — што належыць, паны атрымаюць, — і гаспадарка ў доглядзе. Ваш нябожчык бацька ведаў мяне як добрага гаспадара, і вы самі ў гэтым хутка ўпэўніцеся.

Афіцэру спадабалася Вайтовічава прапанова: гаспадарка будзе ў лепшым доглядзе, ды і плата выходзіла амаль у два разы большая, чым прыбытак, што атрымлівалі яны ад цівуна. Ён напісаў пра ўсё брату, той згадзіўся, і неўзабаве была падпісана ўмова на арэнду.

Вайтовіч перш-на-перш вытурыў цівуна. Той згаджаўся нават застацца звычайным парабкам у Караліне ў надзеі, што арандатар калі-небудзь адмовіцца арандаваць фальварак, і ён зноў стане цівуном, але новы гаспадар і слухаць не захацеў. Пасля ўзяў новых парабкаў, у ліку якіх апынуўся Пятро Галодка.

Пятро быў чалавекам гаспадарлівым, і неўзабаве пан узяў яго за асобную даплату да парабкоўскай ардынарыі сваім памочнікам. Новага цівуна Вайтовіч не ўзяў, і Галодка памагаў яму, дзе парадамі, дзе справай.

Тры гады Вайтовіч арандаваў Караліну. Потым афіцэры прапанавалі яму купіць фальварак. Самі яны збіраліся выходзіць у адстаўку і спадзяваліся на асадніцкія надзелы. «Дык чаму не мець дармовых грошай», — разважалі браты.

Так і зрабіўся Вайтовіч гаспадаром Караліны, не трацячы надзеі далучыць калі-небудзь да яе Світалаўку.

Начальнік павятовай дэфензівы стаў частым госцем у Караліне. Ён ведаў запаветныя мары калегі і, як спрактыкаваны ў такіх справах чалавек, прывозіў у фальварак самыя неверагодныя чуткі. Запёршыся ў пакоі, Запольскі выдаваў іх пад вялікім сакрэтам сябру за найвялікшую праўду.

Уся гаворка калег круцілася вакол граніцы. Часамі вызначаўся пэўны дзень, калі польскія салдаты на сваіх штыках панясуць пагранічныя слупы далёка за Мінск, за Оршу, за Кіеў. Наэлектрызаваны, Вайтовіч з нецярплівасцю чакаў тае шчаслівай хвіліны.